Эльза
Андрушкевіч
Вужыная каралева
1
Ты падыходзіш да кошыка,
каб высыпаць паземкі1 , і раптам бачыш ГЭТА – цёмным, страхотлівым
паўмесяцам. Ты адскокваеш назад, таму што ГЭТА цябе палохае, хоць ты й не
пасьпела разгледзецца як сьлед.
Але ГЭТА аказваецца ўсяго
толькі вужом: дужа вялікім, пашарпаным, склізкім, сьмярдзючым, але – вужом.
“Явіўся – не запыліўся!” –
зьнянацку, на дзіва сабе, абураесься ты. І ў нечаканай сумесі жаху, крыўды,
раздражненьня й яшчэ якойсьці шчымлівіны хапаеш нерухомае стварэньне, што так
нахабна расьцягнулася на тваіх ягадах, і шпурляеш падалей у калючую ажэвіну.
– Пайшоў вон! – жорстка. У
адказ – цішыня. Нібы дакор.
Ты адразу ж адчуваеш сорам
за гэты выбух жорсткасьці й жаль да вужа – такі стары, такі пакалечаны! А ты –
за галаву ды ў ажэвіну! Калю-учую!
“Усё – гэты Яра!” –
спрабуеш апраўдацца. Азіраесься. Высокія дрэвы зьвязаў туман. Прыцішыў.
Але раптам над табой
штосьці пэнкае. Ты задзіраеш галаву. І тут – палохаесься па-сапраўднаму!
Вялікі, мэталёва бліскучы яшчар вылузгваецца з сонца, як зь яйка!
За нейкія секунды ты
раскайваесься ва ўсім, што зрабіла й што яшчэ зробіш.
Асьляпляльная сонечная
пашча нечакана магутным парывам глытае неба, зямлю й цябе…
Ты марудна вяртаесься да
сьвядомасьці й чыста мэханічна кідаеш позірк на гадзіньнік. На нейкае імгненьне
ты тупа ўзіраесься ў цыфэрблят, спрабуючы знайсьці стрэлкі. Але паволі пачынаеш
разумець, што гадзіньнік – электронны. Тым ня менш, гэтая акалічнасьць цябе
страшэнна абурае. Ты зьдзіраеш з рукі недарэчнага часазнаўцу й – зноў
правальваесься ў небыцьцё…
Асьцярожны позірк. Позірк
параноіка ў бяздонны блакіт неба. Неба. Бледны серпік месяца. Аблокі. Зыход дня.
І ты разумна сябе
ўпэўніваеш, што, мабыць, усё – ад сонечнага ўдару й трэба проста завязваць
хустку! Усё-ткі – лес, а не дыскатэка…
Не. Ты амаль з удзячнасьцю
глядзіш на гэты лагодны, бледны серпік месяца! Ён падаецца такім безабаронным і
такім… амаль няшчасным! Ён выклікае ў цябе такі сэнтымэнт! І міжволі на розум
прыходзіць тая непрыгожая сцэна з вужом. Стоп, а ці быў вуж?..
Ты далікатна зазіраеш у
куст ажыны – вуж адсутнічае цалкам. Ты думаеш, што ўсё гэта мусіць нешта
значыць. Знак – звыш. А можа, варта сплюнуць цераз плячо? Ты сплёўваеш. На
ўсялякі выпадак – тры разы.
А што да вужоў… Яны часта
сустракаюцца тут. Тут – гэта не зьяўляецца чымсьці асаблівым. Бо мясцовасьць,
дзе ты сёлета адпачываеш… Так, усё па парадку!
Маці казала табе не гуляць
зь дзяржаваю ў азартныя гульні?..
Але ў адзін цудоўны момант
табе заманулася зрабіць якраз наадварот!
Прызы абяцаліся
надзвычайныя. Пераважна маёмасьць. Пераважна ў самых выкшталцоных месцах. А
ўмовы – проста фантастыка!
І ты рызыкнула. Рызыкнула і
– сама не паверыла! – выйграла!
Праўда, свой прыз –
струхлелы двухпавярховік – ты адшукала не адразу. Ды яно й зразумела – па
палескіх балотах трамваі ня ходзяць дый сьцежкі не сказаць, каб усе падпісаныя…
Жыльлёвыя ўмовы сапраўды
аказаліся фантастычнымі: ні табе электрычнасьці, ні табе газу. А каб залезьці
на другі паверх, увогуле, давялося зьбіваць драбіну. Зьедзеныя шашалем сцены,
падлога, столь і сякая-такая мэбля ўсё яшчэ трымаліся – хворага на галаву
аптыміста гэта магло суцешыць. Да таго ж, сам дом калі-ісьці належыў нейкай
дробнай шляхце, і таму калі-і-ісьці выглядаў вельмі нічога.
Напэўна, зь перажытага шоку
ад убачанага ты зрабіла тое, чаго б на ясны розум ніколі не зрабіла б ні пры
якіх умовах: ты пакінула гэтае багацьце сабе. Мала таго – улетку ты прыехала
сюды пагуляцца ў адну дзіцячую гульню. “Хатка” называецца. “Хатка Рабінзонкі”.
І сяброўкі, і сваякі ў чарговы раз упэўніліся, што цябе трэба лячыць – і
тэрмінова! А ну іх! Табе было ў малінку зьбегчы й ад сябровак, і ад сясьцёр.
Дык хто ж ты такая, кідалка
вужоў і аматарка дзіцячых гульняў?
З нараджэньня цябе клічуць
Лесяй. Малую, ценкую, з шэрымі вачыма, цёмна-янтарнымі косамі й кірпатым носам.
Ну, і што тут такога? –
Нічога асаблівага! Але Ён, твой незабыўны лель2 Яра, адзначыў, што ўсе ўвасабленьні багоў (а ты адна
зь іх) заўсёды маюць штосьці агульнае зь імем Вялеса – бога слова. Таму й тваё
імя – Леся – у гэтым канкрэтным выпадку – зусім ня проста так!
А каб вярнуцца ў стан лелі,
каб мець магчымасьць падымацца й апускацца ва ўсе царствы й розныя там
сусьветы, табе прапанавалі ўсяго нічога – знайсьці папараць-кветку! Вядома ж,
ты яе не знайшла. Хоць і спрабавала. Ня раз. Ты дагэтуль застаесься волаткай –
як Геракл, як Гільгамеш, як Жанна Д’Арк. І сьвет чакае твайго подзьвігу. Бо
місія волата – гераічнае змаганьне супраць чаго-небудзь. Але Яра ўсе вушы
зьезьдзіў сваёй Вялікай Гульнёй. Ён сказаў, што подзьвіг – гэта марудна: пакуль
зьдзейсьніш, пакуль разьбяруцца, пакуль прыб’юць, пакуль усе ўмоўнасьці
пройдзеш ТАМ. Адным словам – няма часу! Ты заўважаеш, што час – справа вясёлай
цёткі Каляды. А Яра шыпіць, што волатам – не дазволена. І потым, знайсьці
папараць – таксама подзьвіг.
Ты разьлічвала, што
папараць вы пойдзеце шукаць разам. Але ён зьнік. Можа, у чарговы раз памёр?
Здаецца, так забаўляюцца нашыя лелі? Мячы, цмокі й усё такое… Але, зьнік. Ягоны
сьлед згубіўся дзесьці, калісьці, паміж мінулым “заўтра” й рэштамі тваіх сноў…
ЯГОНЫ сьлед? Сьлед тваёй долі?
Хутка Купальле. Ты
паспытаеш шчасьця – ты ведаеш. Ці хопіць мужнасьці?
Абставіны быццам наўмысна
штурхалі цябе на гэта…
Табе тут падабаецца. Цябе
не пакідае дзіўнае пачуцьцё, што, вось, напрыклад, той камень ці тое дрэва табе
штосьці нагадваюць. Ты іх ужо бачыла. Дзесьці… Калісьці? Табе падумалася, што,
мабыць, гэта й ёсьць Сьлед тваёй долі – месца й час, якія вырашаюць усё.
Старажытныя дрэвы –
грандыёзны язычніцкі храм – фантастычна выкшталцоны, жудасна энэргетычны, такі
блізкі сэрцу й такі далёкі розуму! Ты быццам вярнулася ў дзяцінства. У тыя
моманты, калі ты проста дыхала чарамі, верыла й жыла з духамі дрэваў, камянёў,
ручаінаў. Калі за кожным стварэньнем ці зьявай хавалася штосьці… І дрэва не
было драўляным, камень – каменным, а вада – мокрай. Было нешта яшчэ. Штосьці
нязьмерна большае.
Ты ступіла ў дзіўную
прастору, не кранутую думкай чалавека: ня зьмераную ні цьвярозым розумам, ні
крытычным паглядам, ні “ясным” меркаваньнем.
У гэтыя сутоньні нават
сонечны прамень сыходзіў чарадзейным туманом. А душа зямлі вітала яго ледзь
прыкметным зіхценьнем. Таму тут і жывуць русалкі. Так, так – русалкі. Ты
адчуваеш, як яны зь цікаўнасьцю пазіраюць на цябе, сваю супляменьніцу, з-пад
далоняў цёмнае аксамітнае лістоты. Часам ты чуеш іх прыглушаны сьмех, шэпт. Але
адчайна хапаесься за рэшты чалавечага ўяўленьня: не бывае русалак! І ўсё тут!
…Часам ты сьмяесься над сабой разам з
русаліцамі. Ты можаш сабе гэта дазволіць. Бо ніхто ўсё роўна ня бачыць. Акрамя
цябе самой. І русалак, зразумела.
Хутка Граны тыдзень і гэтыя
мілыя стварэньні вазьмуць шлюб зь людзьмі.3
Цікава, чаму яны выбіраюць самых лепшых? У сэнсе, як яны гэта вызначаюць?
Тутэйшыя абыходзяць гэтае
месца бокам, расказваючы, што калісьці, вельмі даўно, тут пакрыўдзілі старых
багоў. І тыя жорстка помсьцяць кожны раз, як маюць такую магчымасьць. Знакам жа
іх прысутнасьці ёсьць вужы.
Прыкінуўшы, што ты маеш
нейкае дачыненьне да старых багоў увогуле й да вужоў у прыватнасьці, ты
вырашыла, што ніякай шкоды ад гэтага месца табе ня будзе. І хутка атрымала
мянушку вужынай каралевы. А твой сябар Андрусь, жартуючы, падарыў малахітавы
бранзалет у выглядзе вужа…
2
Праз сон ты адчувеш, як
муляе левае запясьце. Ты незадаволена расплюшчваеш вочы – зьмяя?! Змя…
Цьфу ты! Ізноў вуж!
– Э-э… Дык гэта вы, спадар?
– прамаўляеш ты, беспамылкова апазнаўшы нядаўняга пашарпанага акупанта свайго
кошыка. – Спадзяюся, вы прыпаўзьлі проста ў госьці, а ня помсьціць за калючую
ажыну?.. А можа, гэта не вы?.. Га? Бедачына! Відаць, шмат нацярпеўся. Трэба вас
малачком пачаставаць!
І ты спачувальна чмокаеш
яго ў вузкую мордачку.
Зьнянацку магутны выбух
пустога паветра ледзь не размазвае цябе па ложку, сьцяне й столі.
Апошняе ў хаце вакно рассыпаецца на трэскі.
– Уф! Ужо й не спадзяваўся
калі-небудзь вылезьці з вужынай скуры! – чуеш ты да болю знаёмы голас. Падманна
цнатлівы пагляд шырокіх зялёных вачэй. Жамчужныя зубы ў адвечна прыадкрытым
улоньні сакавітых вуснаў. Вытанчаны авал твару ў капе зблытаных цёмных космаў.
У стракатым фаервэрку
зорачак, якія шчодра сыплюцца з вачэй, прама перад сабой ты бачыш пашарпанага з
ног да галавы Яру.
– Чалом! – як заўсёды шчыра
й непасрэдна кідае ён.
– Угу, – пагаджаесься ты.
А Яра, быццам так таму й
належыць, адбірае твой спальнік:
– Доўгі шлях вельмі стаміў
мяне, міла, таму я пасплю некалькі дзён, а ты не парушай мой сон, калі ласка.
І на гэтым заплюшчвае вочы.
Вось так проста: прыйшоў
(дакладней – прыпоўз), лёг і заснуў, быццам нічога асаблівага й не адбылося!
Сон твайго волата
працягваўся ні многа, ні мала – тры дні. А ты сьціпла сядзела побач, мазала яго
зялёнкай, адганяла камароў ды мух і чакала, калі ён, нарэшце, расплюшчыць свае
прыўкрасныя малахітавыя глядзелкі…
І першае, чым заняўся гэты
нахабны лель, як прачнуўся – пачаў чараваць над бражкай. Маўляў, на госьці –
самае прыстойнае пітво.
Ага, дык у нас яшчэ й
госьці будуць!.. Ці… наадварот?
– Мо, пагаворым? – спытала
ты, калі ён выпіў трэці слоік малака.
– Пра што? – ён з выклікам
паглядзеў табе ў вочы. – Пра тое, як ты шпульнула мяне ў ажэвіну?
– Ну, я ж ня ведала, што
гэта была Ваша Мосьць! – запярэчыла ты, з падсьвядомай, помсьлівай асалодай
разглядаючы амаль сьвежую драпіну на ягоным прыгожым кірпатым носе.
– А чаго ты чакала?
Шыльдачку на хвасьце з выразным аўтографам “Ярык”? – парыраваў ён.
Ты скрывілася – не, мазаць
трэба было вузкімі, вугластымі палоскамі, а ня круглымі плямамі. А то атрымаўся
нейкі пітон, а ня вуж. Нават на ягоны апэтыт паўплывала!
– Памятаеш леташнюю бойку?
– прамовіў Яра, нарэшце вычысьціўшы ўсе твае харчовыя запасы. – У апошні момант
я ператварыўся ў вужа й даў драпака. А потым ніяк ня мог абярнуцца – то
радыяцыя, то спанталыка4 ня тая! Карацей – вырашыў паспытаць шчасьця
дзедаўскім мэтадам.
– Значыцца, каб я цябе не
чмокнула ў мо… у твар па дабрыні душэўнай ты б так і сноўдаўся па палескіх
балотах пашарпаным вужом?! Ну, ты вар’ят!.. І што будзем рабіць далей?
Ён разьвёў рукамі:
– Жыць.
Ясна.
На самой справе ён увесь
дзень блукаў па лесе й позна вечарам, калі ты яго ўжо не чакала, завітаў у
хату.
– Дык ты не знайшла
папараць-кветку? – пажартаваў Яра.
– Ну, я не такая профі ў
дзедаўскіх мэтадах! – заўважыла ты.
– Яшчэ не ўсё страчана, раз
Сьлед прывёў цябе сюды, – яго аптымізм табе падабаўся. – Пакуль зоймемся
трэніроўкай магічнай чуйнасьці. Гэта дапаможа часткова вярнуць паўнавартасьць.
Аказваецца, ты –
непаўнавартая. Вельмі прыемна даведацца!
– Дарэчы, ты не заўважала
нічога й нікога дзіўнага паблізу?
Ты недвухсэнсоўна
паглядзела на яго.
– Зразумела, – адкаментаваў
Яра. – А ты наўмысна пасялілася ля капішча Мары?
– Капішча Мары?
– Што каля сажалкі.
Ты нахмурылася.
– Ясна, – зрабіў выснову
Яра. – Хадзем пакажу.
Узгорак. Сажалка ў
пяшчотных абдымках вербаў ды вольхаў. Яшчэ сьвеціць скрозь дрэвы ружовае сонца.
Аглушальны аркестр конікаў. Золка. Росна. Сьвежа. Камары неміласэрна атакуюць
Яру.
– Зганьбаванае капішча, –
камэнтуе ён, пракладаючы шлях праз надзейна счэпленыя між сабою кусты. – Але.
Зямля заўсёды клапоціцца пра сваё.
Хутка вы апынаецеся на
невялікім узгорку й Яра азіраецца. З выглядам спэцыяліста па капішчах.
– Энэргетыка моцна
заблытаная й забруджаная, але яго можна аднавіць, – нарэшце заўважае ён.
– Навошта?
Але тваё пытаньне застаецца
без адказу.
– Та-ак… Ахвярнік хутчэй за
ўсё на дне сажалкі… Та-ак… Гэтыя дрэвы папрасіць, кусты завярнуць… Гм… Тыдні
два пойдуць, – прыкінуў Яра, хутка праводзячы нейкія разьлікі. – Хадзем. Трэба
адшукаць ахвярнік. Каля самай вады ён загаварыў:
– Нашыя русалкі багомяць
гэтую сажалку – глыбо-окая! Перад Купальлем колькі тут тапельцаў бывае! Кожан
год. Баяцца людзі, а ўсё роўна – хто-небудзь ды ўлезе. Каму нічога, а каму й
пярсьцёнак чаратовы…
– Б-р-р!.. А каго русалкі
забіраюць?
– Асілкаў. Яны забіраюць
сабе асілкаў! Неспадзяваную першапрычыну ўсіх пакут. Выкшталцоная помста – з
гледзішча чалавека. Але справядлівая даніна – з гледзішча леляў. Так мусіць
быць. Асілкі (яшчэ на золку чалавецтва) пазайздросьцілі волатам, іх уменьню чараваць
і скралі іх веду. Гэтак веда аддзялілася ад веры, і сьвет разьбіўся на добрае й
ліхое, сваё й чужое. Тады асілкі стварылі дужых, як калматыя горы, багатыроў,
каб сабраць рассыпаны сьвет. Але багатыры плюнулі на капрызы багоў, у іх
зьявіліся свае пляны. Людзі, малыя й кволыя, спадабаліся ім больш. І задалі яны
перцу й асілкам, і волатам…
– А як русалкі вызначаюць:
асілак ці не асілак?
– Ха-ха, ты хочаш, каб я
раскрыў табе самы галоўны сакрэт!
– Раскрый! Раскрый! Што за
сакрэт?! – узмалілася ты.
– Люстра. Адбітак. Двое
мусяць быць адбіткамі адно аднаго. Калі ў кімсьці люструецца ўся твая
прыгажосьць, у цябе расплюшчваюцца вочы. Ты бачыш мяне, бо я поўнасьцю
адбіваюся ў табе, і наадварот. Для іншага я – невідзімка. Так і русалка: што
бачыць, тое й хапае.
На гэтых дзіўных словах Яра
хітра ўсміхнуўся, павярнуўся ды даў нырца.
Калі ты ўбачыла памеры
каменю-ахвярніка, табе зрабілася млосна: гэта ж якую моц трэба мець, каб
падняць такі цяжар?! Ярка быў вялікага росту, але ягоная зграбная, гнуткая, як
вярба, постаць ніяк не стасавалася з такой сілай.
Ты міжволі падумала, што,
каб ён вырашыў шпульнуць цябе ў ажыну, табе б не спатрэбілася ператварацца ў
вужа. Што ж. Зробім пэўныя высновы на будучыню.
Яра паставіў ахвярнік на
ягонае законнае месца, падагнаўшы камень з дакладнасьцю да мілімэтра й крытычна
агледзеў з усіх бакоў.
– Што цяпер? – спытала ты.
– Зараз вярнуся, – Яра стаў
на аўтар, утаропіўся ў акраец сонца, крутануўся й … зьнік.
3
– З чаго пачнем? – табе не
цярпелася адчуць сябе крыху несьмяротнай.
– Вось з гэтага, – і ён
працягнуў … знаёмыя кавалачкі дрэва.
– Ізноў?! Навошта?
– Вельмі важна навучыцца
здабываць чысты агонь. Гэта ўзмацняе веру. Бязь веры мы нічога не атрымаем.
Пакутліва ўздыхнуўшы, ты
пачала “ўзмацоўваць сваю веру”. Настолькі цяжкую й манатонную працу табе ніколі
не даводзілася рабіць!
– Бясконцае жыцьцё леля
таксама можа здавацца манатонным. Трэніруйся, – павучальна прамовіў Яра.
І ты непрыкметна паказала
яму ў сьпіну язык.
Калі праз пару дзён твае
намаганьні далі доўгачаканы дымок,
лясны гушчар напоўніў пераможны крык.
І зусім блізка трэснула
галінка. Напэўна, ты напалохала якуюсь русалку.
Але Ярка ня даў табе
апамятавацца, працягнуўшы меч:
– А цяпер – як ў лепшых
традыцыях галівудзкага баевіка.
Маханьне мячом было для
цябе больш прывабнай справай. Хаця хутка табе растлумачылі, што махаць трэба
асэнсавана. Праз колькі дзён Яра заўважыў, што засталося папрактыкавацца зусім
мала (нейкае там стагодзьдзе), і тваё майстэрства можна будзе назваць
майстэрствам. Што ж, і на тым дзякуй!
А вы ведаеце, як гэты
дзіўны лель аднаўляў капішча? Тое яшчэ відовішча! Цэлымі днямі ён штосьці
нашэптваў дрэвам, падміргваў кустам, махаў рукамі й строіў вочкі расьлінам ды
камяням. І яны яго цудоўна разумелі – праз пэўны час выгляд капішча сапраўды
зьмяніўся, зрабіўся такім сьвежым, акуратным і…
Між іншым! Ня ведаю, што ён
там нашаптаў гэнаму шашалю, які паеў хату, але той вярнуў усё зьедзенае на
месца, і маёнтак набыў зусім прыстойны выгляд. Нават больш: па самых сьціплых
ацэнках ён зрабіўся падобны на каралеўскі палацак. У катэгорыях леляў,
зразумела.
Хата (як і жыцьцё) штодня
напаўнялася дзівосамі, разгадка якіх у цябе забірала шмат часу. Паўсюль на
падлогах ляжалі дзіўныя дываны, якія ты ўпотай спрабавала памацаць, панюхаць,
ушчыкнуць, разабраць. У рэшце рэшт зьявілася меркаваньне, што гэта нейкі дужа
арыгінальны мох. І ты абышла ўвесь дом і зазірнула ў кожную
шчыліну, але так і не зразумела, адкуль узялося сьвятло ды газ. Адзінае, што
адсутнічала начыста – гэта гадзіньнікі ды люстэркі. А яны табе патрэбныя? Яра
катэгарычна адказаў: “Не!”
4
– Хутка Купа-альле, –
задумліва прамаўляеш ты, сузіраючы белую столю над галавой – проста на вачох
выяўляюцца новыя малюнкі.
– А цяпер – граны тыдзень,
– падхоплівае Яра й мякка дзьме на твае вейкі.
Малюнкі непрыстойныя. Ты
адводзіш пагляд на ружовую дымку за вакном.
– Дарэчы, я заўсёды хацела
даведацца… – ты думаеш працягнуць сур’ёзную інтэлектуальную размову. – У чым
сэнс граньня сонца на Купальле?
– Катарсыс5 , – соладка адгукаецца Яра, і ты адчуваеш, як ягоны
голас выпускае кіпцюрыкі драпежнага зьвера.
Ага. Калі ты будзеш
трапляць на падобныя пытаньні, вашыя стасункі будуць выключна інтэлектуальнымі!
А Яра працягвае сваю курну,
дражнячы цябе пацалункамі:
– Самая доўгая зімовая ноч
– каралеўства аскезы, страты, адпрэчаньня, спакою, цемры, неба й месяца… Сьвята
духа… Валадарства бога… Быцьцё Вялеса… Сьмерць тлуму… Моўкнасьць… Сакрум… Сонца
сьпіць… Нізка… Нізка ля зямлі… Але!.. Покліч жыцьця. І сонца мацнее. Пакрыху.
Штодня. Штодня яно ўздымаецца. Вышэй і вышэй уздымаецца – над даляглядам.
Вясна. Тае лёд. Зямля гоніць сок. Дзень расьце. Палель хавае стрэлы ў зямлю.
Дзень мераецца з ноччу. Прыпякае. Над зямлёю разыходзіцца водар. Водар садоў,
лясоў, палёў. А дзень – дзень расьце. Уздымаецца сонца. Жыцьцё, гук, рух, дзея,
тлум. Амаль зьнікае ноч. Які спакой?! Сьвет захлынае рух! Здаецца, праглыне,
зжарэ, спляжыць – усё! Самая кароткая ноч… Самы напружаны ранак… Вогненны пёс
вось-вось парве ланцуг. Сьвяціла-сьвет плавіцца, грае. Зьмяняе форму, расьцягваецца,
звужаецца й – раптам рассыпаецца! Вясёлкай – на дробныя сонцы!
Ты ўздыхаеш. І зь якога
такога часу г э т а называецца катарсысам? Пах целаў – насычаны водар клейкіх
лісточкаў вясновых бяроз. Добра, няхай – катарсыс.
Штосьці тут, сапраўды,
ёсьць. Незвычайнае. Штосьці невымерна вялікае. І невымерна дробнае адначасова.
Менавіта паміж вамі. Як дрэва – не
драўлянае, камень – не каменны, а вада – ня мокрая.
Ты зноў уздыхаеш.
Гаркава-салодкі бярозавы водар напаўняе твае грудзі.
– У леляў заўсёды так?
– У шаляў6 , – коратка папраўляе ён.
– А ня ў шаляў?
– У лепшым выпадку – проста
пот. У горшым – тухлае яйка. З ванітамі.
– Фэ! – крывісься ты. –
Хапіла б і яйка!
– А ты можаш дыхаць тухлым
яйкам і пры гэтым не ванітаваць? – зьедліва цікавіцца ён. Ты сьмяесься й з
асалодай дыхаеш водарам боскага каханьня.
– Штосьці парыць… Адчуваеш?
Ох, і пабавімся мы сёньня! – Яра (быццам увесь час чакаў гэтага моманту)
падхопліваецца з ложка.
– У сэнсе?
– Няўжо ты не
здагадваесься! Сёньня мы гасьцюем у Пяруна й Пары7!
– рашуча кідае Ярка й позіркам тэрапэўта аглядае цябе з ног да галавы: – А для
цябе – нядрэннае выпрабаваньне! Мо, пашчасьціць выйграць Пяруноў агонь8?
– І які строй мне
прыгатаваць у госьці?
– Што-небудзь… вільготнае…
Моцны вецер ускалашмаціў
чубы дрэў.
Яра як мага надзейна
прыціснуў да грудзей сваю фірмовую бражку й сьвіснуў якуюсь птушку Падвея.
Магутнае нябачнае крыло ўдарыла вам пад ногі й адным рэзкім парывам падкінула ў
неба.
– Толькі не азірайся! А то
сама сябе сашкрабаць будзеш!
Пранізьлівы рык, енк і
скрыгат зубоў узьнёсься сьледам, нагнаў і ўдарыў табе ў сьпіну. Быццам
разбуджаны яшчар, зь якога праз горла вырываюць сэрца.
Ты сьціскаесься ледзь ня ў
кропку. ЯНО навісае над табой. Нясьцерпна хочацца павярнуцца, абараніцца.
Сьпінай да Яра. Але ягоныя пальцы моцна ўрэпіліся ў тваё плячо, болем
прапякаюць скуру.
– Што гэта?! – нарэшце
раздаецца (твой?) слабы піск.
– Ты сама! – кідае Яра й
дэманструе белазубую ўсьмешку.
...Нарэшце, яшчэ адна рука,
ня Ярына, і больш далікатная, падхоплівае цябе за другое плячо.
Ты падымаеш затуманеныя
жахам вочы й сустракаесься позіркам з жанчынай. Жанчынай неверагоднай
прыгажосьці. Яе вочы – дзьве залатыя зоркі. Яе русыя косы – золата пшанічных
палёў. Ты ўмомант разумееш – Багіня. Чароўная Фея. Пярлінка Сусьвету.
І ты не адразу адрываеш
зачараваны позірк ад Пар-маці. Усёй – у жамчужна белым, нібы лебедзь, з
дыямэнтавым вянком на чале й ясным месяцам пад касой.
Ты аглядаесься. Табе
аб’яўляецца зусім іншы сьвет. Сонца сьпелым крамяным яблыкам ляжыць нізка на
далоні-аблачынцы й ня сьлепіць вачэй. Месяц-мэсія мерае й люляе вечнасьць у
сваёй калысцы.
Зоркі. Мірыядны бляск
Сусьвету. Легіёны празрыстых шырокіх вясёлак ледзь зацярушваюць яго. І на
ростанях сваіх зьліваюцца ў залаціста белае зьзяньне.
Вечны Кон, Дрэва Жыцьця,
Яснае Дрэва цягне свае галінкі ў бяздоньне сусьвету. Не замінае, не зацямняе,
не захінае, а суладна сплятаецца з кожнай травінкай, барвай, зоркай. І ты
адчуваеш, быццам пасьля доўгіх пакутлівых вандровак нарэшце вярнулася дамоў.
Ціхая, сьветлая радасьць напаўняе цябе.
Празь зялёныя галіны ты
ясна бачыш горад зь цёплага чырвонага каменьня, зь белымі, як малако Птушынага
Стану9 , вежамі.
Вы ідзеце туды. Але ты
кожную хвілю, быццам малое дзіця, спрабуеш памацаць усё, што трапляецца на
вочы.
Ну, вось, да прыкладу гэты
пясок пад нагамі… Пясок ня можа быць чыстым у прынцыпе! Але…
– Э-э! Выплюнь! Хутка будзе
смачней!..
Па-праўдзе, ты думала, што
Пярун10 – толькі ад слова “перыць”. Апынулася – хутчэй ад
слова “пяро”. Ва ўсялякім разе, якраз жар-пяро красавалася ў бліскавічна-рудых
валасах леля й элегантна зьвісала ля правага вуха.
Ты думала, гэта нешта
грознае, страшнае, агромністае й каржакаватае – штосьці кшталту сучаснага
мужчынскага ідэалу: ськівіца, поўсьць і чэлес.
Апынулася, лель – як лель!
Магутны, канешне, але такой грацыі можа пазайздросьціць любая зямная жанчына. А
ўсё астатняе – хмарна сінія вочы, барада з чырвонага золата11 – як мае быць у агульна вядомага Пяруна.
– …Кожная асоба жыве свой
міт. А мітаў меней, чым людзей, – згадвае Пара ў адказ на тваё пытаньне й так
грацыёзна кусае маладзільны яблык.
– Значыць у мяне будзе ўсё
як у казцы “Вужыная каралева”? – недаверліва заўважаеш ты.
– І Прамэтэй, і Локі, і
Одзін, і Хрыстос жылі адзін і той жа міт. Але якія розныя плады! Упалюй свой
міт. Дзе ходзіць Зьвер, там ёсьць і Сьлед.
– Парка! – асаджвае Пярун.
– Не забівай дзеўчыне галаву!.. Ёй і ад Ярылы хапае!
Умомант і Пара, і Ярка
пагрозьліва ссоўваюць бровы – дзядзька Пярун увесь вечар проста забівае
бліскавіцамі сваіх жартаў ды кпінаў!
А да цябе вельмі, вельмі
павольна пачынае даходзіць, што твайго прыўкраснага леля толькі што назвалі Я р
ы л а м12. І ты першы раз за бяседу кідаеш позірк на яго.
А л е, ня часта такое
зацямненьне находзіць! Вось ужо вечнасьць ты глядзіш ва ўсе вочы на жар-птушак,
што пырхаюць у грацыёзным, гіпнатычным бязладзьдзі па залі. Ты слухаеш якіясьці
неназойліва праніклівыя рытмы. Нюхаеш водар казачных кветак і зважаеш на
ўсюдыісны пах азону. Умудраесься весьці амаль сьвецкую размову зь лелямі і – н
у л ь увагі богу прыгажосьці, с а м о м у Ярыле. Яснаму як месяц. Праяўленаму ў
сваім праўдзівым абліччы. Вочы якога – лясны мёд. Валасы – струмені залатога
дажджу. А ты думала – проста вуж!
Ты гаворыш “О й!” і
хлопаесься беспрытомная.
– А што? – і ён так цнатліва
ўзмахвае вейкамі.
– Ну, Ярыла – гэта ж
бландзін басаногі на кані з коласам у аднэй руцэ, з чэрапам – у другой, бог
сонца! І ўвогуле, кажуць, не хлапец нават, а дзеўчына, што едзе да Сварога
шлюбавацца.
Пярун, мо ў тысячны раз за
вечар, заходзіцца звонкім сьмехам. Пара нечакана пачынае ўважліва разглядаць
малочна-белую столю. Яра сьвідруе цябе позіркам у напружанным маўчаньні.
Уздыхае – са скрухай. І тлумачыць – табе, неразумнаму дзіцяці:
– Па-першае, са Сварогам, –
ён ківае ў бок Пяруна13 , і ты чырванееш, – у мяне аніякіх інтымных стасункаў
не было! Па-другое, полавыя разрозьненьні – гэта там, унізе. Па-трэцяе,
чаравікі выдатна здымаюцца й нацягваюцца. Па-чацьвертае, конь – атрыбут любога
леля. І ўвогуле, сонца – гэта абсалютна іншая размова! – дадае Яра зусім
пакрыўджана. Ты працягваеш глядзець. Недаверліва. Пачынаеш злавацца
– ад цябе схавалі т а к о е!
– Давайце ня будзем
сварыцца! – прапаноўвае Пярун голасам, якому не пярэчаць. – Айда шпурляцца
камянямі! – і весела кідае Яру: – Я ця’ ўміг валуном па нябёсах размажу!
І ўсе як адзін падымаюцца
ад стала. Ты спалохана глытаеш:
– А можа, лепш проста
пасварымся?..
– У каменя ёсьць свой
сакрэт. Самы вялікі валун можа ўтрымаць і малое дзіця.
– З гэтага ў леляў і гульня
такая? А сэнс?..
Вы з Парай сядзелі на
ўзгорку шырокага зялёнага поля. Якраз бліжэй да Яркі. І вы былі не аднымі
балельшчыкамі гульні. Птушкі, казулі, нават мурашы зь цікаўнасьцю пазіралі на
леляў.
– Выйграе Яра – і Пярун
дасьць купальскі агонь. Хаця… Ярыла заўсёды быў надзвычай нягеглым. Таму й стаў
зямным волатам самы першы.
– Яра?
– Так, так. Першым і
галоўным. Няма лепш абазнанага ў волатах… А мне падаецца, што ён крыху
мазахіст. Альбо вычварэнец. Атрымліваць насалоду ад волатаўскага жыцьця! Гм…
ТУДЫ па сваёй ініцыятыве ніхто не спускаецца. Апроч такіх мэсіяў як Зьніч,
зразумела.
– А чаму Ярка ня можа
выцягнуць мяне з Майі14 ?
– А як ён цябе можа
выцягнуць зь ц я б е с а м о й?
Адкуль?..
Не, на гэты раз ты не
зьбіралася траціць прытомнасьць – толькі пашырэй расплюшчыла вочы, на сэкунду
сустрэўшыся з трывожным паглядам Яры – ах, прабачце! – Я-ры-лы.
– І чаму ты вырашыла, што
ён гэтага хоча? – шчыра так пацікавілася Пара.
Лелі ўсе такія праціўныя?
Га?
– Можа, ён гуляецца… –
працягнула яна. – Ярыла – вялікі актор!.. Але ў яго ёсьць маленькая слабінка –
ён надзвычай любіць апекавацца, дапамагаць, шчадраваць, радзіць і… тым самым
валодаць чалавекам. Усе волаты Ярылы проста засільваюць сваёй клапатлівасьцю!
– Ну, так. Я заўважыла, –
горда адазвалася ты. – Але… мне, па-праўдзе, падабаецца.
– Гм… Напэўна, мазахіст усё
ж такі ня ён…
– А што, Ярылу ня вельмі
любяць сярод вас?
– Ну, чаму! Ярыла – самы
першы волат, волат над волатамі. Праўда, Зьніч, сынуля наш, абскакаў нават
Ярылу. Апынулася – залатая раса – гэта ня так ужо й арыгінальна! І што такое
Вужыны цар у параўнаньні з дамавіком Зьнічам!.. Скажы, а вы ўсё там жа жывяце?
Пасярод гэнага балота?
Ты няўцямна зірнула на
багіню.
– А-а-а! Чакай – я
паспрабую адгадаць! Ты выпадкова натыкнулася на яго ў ягадах! – у ейных вачах
затанчыў азарт.
– Я выйграла яго ў латарэю,
– адрэзала ты.
– Ён быў разбураны?
Струхлелы? Страшны?.. Але ты адчула ў ім штосьці… роднае! – Парка махнула
рукой. – Русалкі нашапталі… Напэўна, гэта цікава, калі дом пачынае вылазіць з
прасторавага прарэху? Выяўляцца? Прыгажэць?
– Скажы, ці можа Яра
выйграць у Пяруна? – перабіла ты.
– У гэты раз – дакладна не,
– проста кінула яна.
– Чаму?
– Ён занадта засяроджаны на
падслухованьні нашай размовы… Хвалюецца, трывожыцца. А раптам ты раззлуесься ды
пашлеш яго куды падалей за гэтыя гульні?
Пашлеш?.. Ярылу?.. За
нейкую крыўду?!
Яра весела ўсьміхаецца.
Валуновы сьмерч.
Ягоная галава раптоўна
шмякаецца табе пад ногі.
Усьмешка.
Ты неадкладна траціш
прытомнасьць.
5
Ты адчуваеш боль. Ломіць
усе косьці. Нібыта парвалі сабакі.
Клапатлівыя пацалункі
спрабуюць суцішыць боль. Ты расьхінаеш павекі. Хваёвая бездань вачэй. Цені
доўгіх веек. Яра. Жывы. Цэлы. У паветры – дзьве пчолкі-лелі ва ўсе вочы
зазіраюць табе ў твар. Яра кідае на іх суворы позірк і яны зьнікаюць. Сьвет
зьмяніўся яшчэ больш. Хутка ты будзеш размаўляць з русалкамі.
Ты маўкліва кладзеш ягоную
галаву сабе на калені й гэтак жа моўчкі пачынаеш плесьці коску. І ўсё-ткі –
чаму яны менавіта цёмныя?
– Ты бачыш тое, што хочаш
бачыць. І хопіць, – адгукаецца Яра на твае думкі. – Ведаеш, якая б бура
ўзьнялася, каб я спусьціўся ў гэты сьвет такім як ёсьць?! Ого! Зямля б сталася
гэтакай жа гладкай, як більярдны шар! Ты думаеш, варта ператвараць дзеля цябе
Зямлю ў більярдны шар?.. Я абгортваюся матэрыяй, калі спускаюся сюды. Нібы
матылёк, які зноў стаўся лялькай. Ужо ня Бог, а лель. Магу ўвайсьці ў чалавека,
волата, асілка. А чаму так? А таму што ведаю: ўсё створанае, праяўленае – ёсьць
мана, ёсьць прах. І я ёй валадару. У той час, як сама мана валадарыць чалавекам.
– Выходзіць, усё, на што я
зьвяртаю ўвагу – мана? На’т твае словы? І ўсё, што мне дорага? І я сама?
– Ты – у першую чаргу.
Жыцьцё – гэта падманлівае балота. Трэба ведаць, куды ставіць нагу. Трэба шукаць
Сьлед.
З усім адчуваньнем
сакральнасьці атрыманай веды, ты перастаеш плесьці коску. Ня тое, каб ты ня
ведала гэтага раней. Але ж… ведаць і прачуць веду – гэта розныя рэчы. Асабліва,
калі веду дае непасрэдна сам Ярыла!
– Мо, табе малачка
прынесьці, вужанятачка?
– Кавы. Бяз цукру.
Ты ўвесь час ня можаш
ськінуць душэўнага напружаньня. А што, калі гэта зноў сон? Што, калі тым ранкам
ты прачнулася ня ў яву? Ты можаш паклясьціся, што ўсё гэта не растане з
наступным сьвітаньнем? Не рассыплецца, як чароўнае люстра, з першым,
сапраўдным, сонечным промнем? Ой, як ня хочацца табе прачынацца! Ці…засынаць?
Ты супакойваесься толькі
ўначы.
Чамусьці, якраз ноч забірае
сумневы.
Сьвятло вогнішча, сьвечак,
фасфарычных дручкоў жыве для вас. Яно асьвятляе й грэе ня толькі целы, яно
асьвятляе й грэе вашыя душы. Яно гоіць у вас леляў. У жывым агні ёсьць тая
невымоўная сакральнасць і боскасьць, якой ніколі ня будзе ў сьвятле сонца. Ты
не баісься адпусьціць Яру ў цемру.
Ах, чаму ж ты так не
давяраеш дню?..
Цемра, міт, казка… Яна
знаходзіць і злучае.
А прамень падзяляе. Выцінае
адлегласьць. Ставіць метку, таўро.
Яра ўсяго толькі адыходзіць
папіць вады, а тваё сэрца шчыміць, быццам бязьлітасны прамень разарве туман,
якім спагадлівыя русалкі зацярушваюць паўдзённае сонца. І назаўсёды замацуе
гэтую прастору-безь-яго. Быццам запячатае-замовіць зямлю ад яго вяртаньня.
Скажа: “Ён чужы, ён няправільны, ён не існуе, яму тут ня месца”.
І тады ты станеш маліцца,
прасіцца. Але прамень ня зьлітуецца. Сонца сьвеціць толькі для сябе. І камень
яму – пара. А ты – волатка. Ты ўпала. І гэты жорсткі анёл заступіць спаміж вас.
Ты – волатка. Твая справа – зьбіраць камяні…
Ты гуляеш зь ім у
пытаньні-адказы. Быццам выпрабоўваеш на сапраўднасьць.
Ноч і вогнішча.
Яра распавядае табе пра
далёкія-далёкія часы. Часы, калі жанчыны ўпадабляліся зары-зараніцы, асьвячонай
россыпам рос. А мужчыны – хараству зорна-месяцовае ночы. Ён распавядае пра
мірныя часы асілкаў-волатаў, часы леляў, часы яснатварых чарадзеяў і
доўгавалосых каралёў, часы дзядоў – слаўных багоў-продкаў людзей. У залаты век
усе жылі разам і сьмерці не было над імі.
Але зь лёгкае рукі асілкаў
зьявіўся новы род – багатыры. І ўзвысіўся чалавек, і зрынулі багоў. І зазьзяў
новы сьвет – чалавечы. Веда аддзялілася ад веры й расьсекла ўсё на дабро й
ліха, на сваё й чужое. Паміж асілкамі й волатамі ўпершыню ўспыхнула вайна.
З раны сусьвету нарадзілася новая багіня – Каляда – багіня часу. У
сьвет прыйшла сьмерць.
Самым ганарлівым і
баязьлівым людзям было адкрыта: “Калі трое ці больш зьбяруцца й н е
п а в е р а ць у штосьці – яно зьнікне”. І дзяды былі загнаныя,
зачараваныя ў зямлю.
Лелі не прыжыліся ў новым
сьвеце. Яны разгарнулі свае крылы й зьляцелі сьледам за Выраем. Русалкі,
рожаніцы чалавека, засталіся, так. У надзеі хуткіх перамен. О, колькі іх было
ўкрыжаваных нявер’ем цьвярозага розуму, скошаных сярпом і заламаных сякерай!
Ніхто не заўважыў. Ніхто не ахвяраваў і сьлязінкі. Бо ніхто ня бачыў. Ці… не
жадаў бачыць? Сьвятая вера ў праведнасьць новых каралёў. Упэўненасьць, што бог,
якога нельга памацаць, ніколі не існаваў.
Прыйшоў час тапельніц-русалак,
спрытных кадукоў, маленькіх мудрых лясуноў і подленькіх чарцей15 . Асілкі кусалі сабе локці, але нічога не маглі
выправіць.
Асілкі й волаты, абуджаныя ў чалавеку, спрабуюць наблізіць Вырай.
Але богі здрабнелі, ім ужо
не паказацца на людзі – не зразумеюць, адвернуцца, узьненавідзяць, праклянуць.
Багатыры выжылі – яны ж
стваралі сьвет пад сябе! Сьвет розуму, а не прыгажосьці. Сьвет карысьці, а не
любові. Хаця без асілкаў і волатаў здрабнелі й яны. З шырокімі плячыма,
мускулістымі рукамі й зануранымі галовамі яны ладзяць дзіўныя механізмы
чалавечага сьвету. І ў іх – свае мудрацы. Але тое мудрасьць адрозная ад
мудрасьці ночы. Тое мудрасьць дню, заплеценая ў шыкоўныя бароды й скораная
лысінамі доўгіх роздумаў.
А любоў пакрысе выцякае з
гэтага сьвету, як вада з трэснутага збанка.
Сьвет пачынае жэрці свой
хвост.
Час вяртацца лелям.
Час нараджацца сапраўдным
волатам.
Але Вечны Ірад ня сьпіць.
Ён сочыць пільна за кожным парасткам. Здрадзіўшы сам, ён баіцца здрады.
Гвалтуючы – баіцца гвалту.
Волат-лель мусіць прыйсьці
ў гэты сьвет, каб перамагчы. Трэба толькі сабрацца й паверыць, што…
Яра распавядае табе тысячы
баек. Разам з пацалункамі ты п’еш кожнае слова, што зьлятае зь цёплых вуснаў.
Сьпявае Роўны Богу Вечны
Цар-Агонь сярод атуліўшае вас ночы. Ты чула яго ў Пяруна. Але ж ты чула водгукі
гэтае мэлёдыі й раней, тут, на зямлі. Няўжо яна таксама прыйшла, каб наблізіць
Вырай?
Яра ціха шэпча: “Так”,
пяшчотна цалуе ў вуха й ты засынаеш шчасьлівым немаўлём на руках матулі.
І ноч даносіць іншыя гукі,
гукі калыханкі, сьпеў асьмялеўшых русаліц. Іх дыханьне й цікаўныя дотыкі.
6
– На купальскую ноч, адразу
пасьля заходу, я ператвараюся ў вужа. Такі кон.
– Адна я не знайду! –
дзьмесься ты. – Што, калі не знайду?
– Паспытаеш ізноў.
Наступным летам.
– Але так і жыцьцё пройдзе!
– Хай сабе… Усё, што ні
здараецца, да лепшага. Нашто табе вечнасьць?
– А ты? Мне вечнасьць – ні
на што! Я да цябе хачу! Я больш не перажыву расстаньня! – і з тваіх вачэй
па-здрадніцку пачынаюць бегчы сьлёзы.
Яра са зьдзіўленьнем
глядзіць у твае вочы:
– Чакай, ты думаеш, я
зьнікну?..
– А што – не?..
– Увогуле, я – назаўсёды…
Я мусіла здагадацца?! Так?!
– …Я пражыў з табой не адно
жыцьцё. Кахаў цябе. Разам працаваў, змагаўся, перажываў. Цярпеў раны. Разам
гадаваў дзяцей. Разам сталеў, старэў. Разам паміраў, – лагодна прамовіў ён. –
Калі ты была Прадславай, Чарадзеем, Бірутай16 … У
нас ёсьць дом. У нас ёсьць мы самі. У нас ёсьць наша каханьне. Няўжо табе тут і
зараз кепска?.. Мо, цябе пакрыўдзіла парачка леляў-грамавікоў? А мо, у цябе
алергія на бярозавы пах? Ты маеш якуюсь мэту? Але сапраўднае каханьне не
замінае мэтам. Ніколі. Наадварот, яно нараджае сапраўдных волатаў і асілкаў…
Зрэшты, няўжо ёсьць штосьці, што ператварае гэты момант і гэтае жыцьцё ў
нішто?.. А вечнасьць. Вечнасьць сама знойдзе наш парог, калі вельмі закарціць.
І Вырай бяз нас нікуды ня дзенецца. Лічы, што я табе яго дару. А гэта, – ён
раптам бярэ тваю руку, надзявае на палец пярсьцёнак (руды, з бурштынам) і
вінавата ўсьміхаецца, – прабач, забыўся…
Сьлёзы працягваюць бегчы па
твары. Але гэта іншыя сьлёзы. Радасьць перапаўняе цябе. Нечакана сыходзіць
супакой. Страх? Чаго? Ты ня ведаеш, што гэта такое. І на нейкую долю сэкунды
адчуваеш сябе леляй.
– Напэўна, пашукаць
папараць-кветку будзе даволі прыемнай забаўкай! – весела ўсклікаеш ты.
– Яшчэ якой – павер! Ведаў
– чэрпаць – ня вычарпаць! Сьцежак – таптаць – не стаптаць! Спадкаемцаў – вітаць
– не перавітаць!
Госьці зваліліся
неспадзявана. Як заўсёды. А ты ўжо пасьпела забыцца, што ў гэтым сьвеце існуе яшчэ
нехта акрамя цябе й Яры. Сталася крыху непрыемна, быццам табе палезьлі
калупацца ў зубах ў пошуках балячкі.
Усьпёртая на досьвітку, ты
стаяла, расчыніўшы дзьверы, церла вочы й спрабавала зразумець: сон гэта ці
суворая ява. А твая хата з хуткасьцю сьнежнай лавіны напаўнялася гарадзкім
гоманам і мітусьнёй.
Старэйшая сястра Ліля,
чымсьці падобная да цябе, але нейкая сухаватая – бліжэйшая да свайго
мужа-спартсмэна Паўлы. Сярэдняя сястра Воля – тыповая дагледжаная ваен-дама –
фарбаваная рыжуха. І ейны дабрадушны мажны прыдатак – Васіль. Сяброўкі:
недакормленая, але высокая “Бяляначка” Ася й маленькая пышная, зухаватая
“Ружачка” Ёля. Твой найлепшы, найдаўнейшы сябар – статны, сярэднярусы, сінявокі
Андрусь (насуперак меркаваньню, што сяброўства паміж мужчынай і жанчынай не
бывае). І дзеці. Назавем іх проста дзеці – трое – Воліны й Ліліны. Уся гэтая
хеўра зьявілася перад тваімі вачыма.
Нешта ўзбуджана шчабяталі
сёстры й сяброўкі, адначасова пранырлівымі вачыма азіраючы шыкоўную вітальню ў
сьветла ружовых танах. Мужчыны, падобныя на пінгвінаў, маўкліва ківалі. Андрусь
амаль з парога сунуў табе ў рукі штосьці са словамі: “Шчыра віншую, жадаю
шчасьця! Пух”. Нібы гарох, з крыкамі й візгамі па хаце рассыпаліся дзеці.
ШтО адбываецца?!
І раптам на цябе сышло:
твой дзень народзін!
Узбуджаны гоман сьціх. І
ты, нарэшце, канчаткова прачнулася. Штосьці ня так?
Яра! Што будзе цяпер зь
ім?!
Але позіркі гасьцей
мэтанакіравана сьвідравалі кагосьці за тваёй сьпіной.
– Пазнаём нас, Леся, –
ветліва запатрабавала Воля.
Ты азірнулася – на лесьвіцы
стаяў ён, твой шаля, і міла ўсьміхаўся гасьцям, быццам аб’ектывам фотакамэр.
– Воля й Ліля – мае сёстры,
іх сужонцы – Васіль і Паўла, мае сябры Ася, Ёля, Андрусь. Яра – мой э-э …
– Муж, – узяў на сябе
ініцыятыву Яра, спускаючыся насустрач гасьцям.
Воля зьбялела й схапілася
за сьценку. Ліля спаўзла на тумбачку.
– Ваў! – усклікнуў
аптыміст-Андрусь. – Выходзіць, у нас два сьвяты!
– Калі вы пасьпелі? –
практычна выдыхнула пытаньне Ёля.
“Давай, Ярка! Распавядаць
гісторыі ты ўмееш! А сачыняць?”.
Хутка ты зразумела, што для
яго гэта звыклая справа, якая табе падалася майстэрствам ня горшым за
майстэрства валоданьня мячом. Хто яшчэ здольны маніць праўду, у сэнсе казаць
праўду так, каб яна была праўдай і для тых, хто слухае?
Ох, вужыная твая душа, Яра!
Ты ціха сядзела ў кутку й з
захапленьнем вучылася новаму майстэрству. Майстэрству валоданьня языком.
Вось толькі чаго не
зразумела: Яра амаль учора казаў, што ніхто, акрамя мяне, ня можа яго бачыць.
Гэта была якаясь алегорыя?
“Яны глядзяць тваімі
вачыма. Хто з замілаваньнем, хто з зайздрасьцю. Зірні, – у думках адгукнуўся
Яра, калі вы падавалі духмяную гарбату. – Такая ўжо прырода некаторых: чужое,
гатовае каханьне саладзей. Сваё ж яшчэ знайсьці трэба. А як шукаць? У выглядзе
чаго? Кадук яго ведае!.. Ой і нацерпімся мы зь імі перад Купальлем! Глядзі – не
загубі!”
“Ды што такое вярзеш?!” –
палахліва ўсклікаеш ты амаль у голас. На нейкую хвілю прастора дрыжыць і на Яру
падае нечакана рэзкі прамень паўднёвага сонца.
Не загубі! Табе ўдаецца
ўзяць сябе ў рукі, і ўсё вяртаецца на свае месцы.
– Мы з Асяй знайшлі гэты
цудоўны гадзіньнік у крамцы антыкварных тавараў, – прамовіла Ёля. – Праўда –
супэр? Чырвонае дрэва, стрэлкі залачоныя. А як б’е, у другім канцы хаты чуваць!
– Павесіш яго на гарышчы –
самае тое! – весела прабасіў Васіль.
– Супэр, хаця, калі шчыра,
нам не патрэбныя гадзіньнікі, – кінула ты. Амаль лагодна. Зьяўленьне
гадзіньніка цябе занепакоіла.
– Ну, так, – крыва
ўсьміхнулася Ёля. – Закаханыя гадзін не назіраюць!
– Але ж, – уставіла Ліля. –
Любоў прыходзіць і сыходзіць, а есьці хочацца штораз.
Яра ўціхую састроіў
міну-дражнілку й пайшоў на кухню за тортам.
– Сапраўдная любоў не
сыходзіць! – крыху раззлавана кінула ты.
– Усе мы так думаем, –
насьмешліва пагадзілася Воля.
Ты моўчкі пляснула на стол
кубак. Калі яны прыехалі на твой дзень народзін, то якога чорта яны псуюць табе
настрой?! Дзе там Яра?
– Ты так нэрвуесься! – з
робленым спачуваньнем зазначыла Ёля. – Напэўна, у цябе ЎЖО праблемы.
Чаму Яра затрымліваецца?
– Але час вылечыць усё! –
здасьціпнічала Ася й горда ўзьняла гадзіньнік.
Дзе падзеўся Яра?! – Так,
здаецца, наш падарунак якраз своечасовы, – завяршыла Ёля.
Андрусь прыглушана чмыхнуў,
кінуў іранічны пагляд на жанчын і падняўся.
– Сходзім, папалім? –
прапанаваў ён мужчынскай палове. Андрусь не любіў каціныя баі.
– Мо, тут возера ёсьць? –
пацікавіўся Паўла. Ён быў заўзятым плаўцом.
– Ёсьць сажалка, – ты была
ўдзячная зьмене размовы. – Але асьцярожна – там русалкі!
– “Русалкі!” – фыркнула
Ёля.
– Ты зусім адышла ад розуму
ў гэтай пушчы, – змрочна выгукнула Ліля.
– Толькі ня мучай нас
сваімі русалкамі, лелямі! Прашу! – скрывілася Ася.
Андрусь кінуў на цябе
спачувальны пагляд і на выхадзе шапнуў: “Трымайся!”
Дзе Яра?! Ёля таксама
выскачыла на кухню. Напэўна, гэтае пытаньне зацікавіла й яе. Толькі зь іншага
боку.
– Ніякіх сьветлых леляў не
існуе! – па-настаўніцку заўважыла Ліля. – Леляў няма, ёсьць толькі чэрці:
рагатыя ды калматыя. Таму што ўсё гэта – уяўленьне чалавека. А што такое
чалавек у душы? Адныя цёмныя інстынкты – нічога добрага! Любому здымі мараль –
такое пабачыш! Самы прыстойны чалавек ператворыцца ў брыдкую пачвару! А табе,
даражэнькая, зусім дах сарвала!
Ага. Зараз цябе будуць
настаўляць “на шлях праведны”.
– Дзе ты адшукала гэтага
плэйбоя? Ён, напэўна, маладзейшы за цябе!
– Вам проста падаецца! –
пакрыўджана запярэчыла ты. Дзе Яра?!
– Сур’ёзныя мужчыны не
апранаюцца як педзікі й даўгіх космаў дакладна ня носяць! – прамовіла Ліля,
грозна памахаўшы пальцам перад тваім носам.
– Ты ведаеш ягонае мінулае?
– запыталася Воля.
– Ты ўпэнена, што ён ня
хворы на СьНІД? – дадала Ліля.
Яра! Ты дзе?!
– Ну, як можна…
– Можна! – катэгарычна
кінула Воля. – Ведаеш, якія цяпер мужчыны?! Дзеля гэтага, – яна абвяла
зайздросным позіркам пакой, – на што заўгодна пойдуць!
– Спадзяюся, ты яшчэ не
пасьпела скласьці на яго завяшчаньне?! – раптам знайшлася Ліля.
Не! Ну, во народ! ЯкОе
завяшчаньне?!
– Канешне, ён прыемны, – задумліва прамовіла Воля. – Але ён цябе
кіне. Сто адсоткаў, што кіне.
– Не пасьпееш азірнуцца, – падхапіла Ліля. – Ты бачыла, якія
пагляды на яго кідала Ёля? Лічы, што твайму шчасьцю прыйшоў капут. Ёля сваю
ахвяру выпусьціць з рук няйнакш, як у стане трупа.
На што Воля прымхліва
сплюнула цераз плячо.
– Яра!!! – прарычэла ты.
7
Ты адчула гэта з самага
пачатку. Як толькі ўвайшла ў прастору свайго міту. Ты ведала, што гэта
здарыцца, як толькі ён пераступіў ваш парог.
Нязвыклая інфэрнальная туга
ўвесь час праглядала ў ягоных сініх-сініх вачах – шукала. І жарты яго кожны раз
былі з хаўтурнай аскомінай.
– Яна яго забрала, –
прамовіў Яра толькі для цябе.
Ён падняўся ад Андрусёвага
цела, запозна выцягнутага з вады. Сінія вочы глядзелі ў неба. Дзіўна. На вуснах
тлела кволая ўсьмешка.
Хвіля цішыні ўзьнікла сама
сабой.
Сухая, як жэрдка, Ася.
Дагледжаная Воля. Мядзьведзісты Васіль. Ліля, якая глядзіць на ўсіх зьверху
ўніз. Падобны на моцную птушку Паўла. Ёля, заціснутая са ўсімі сваімі формамі ў
шчыльны, кароткі сарафан. Маўчалі.
Кажуць, калі ўсе раптоўна
сьціхаюць, нараджаецца лель…
На пахаваньні тваё
ўзьнёслае: “Яго пакахала зямля, бо ў ягоных ясных вачах яна ўбачыла ўсю сваю
прыгажосьць” выклікала непрыемны зьдзіў. Табе распавялі, што такога
раўнадушнага, закаханага ва ўласныя фантазіі чалавека, як ты, сустракаць не
даводзілася…
Але госьці не зьяжджалі.
Прынцыпова. Яшчэ б! Дзецям – раздольле. Сёстрам – адпачынак у шыкоўным доме. Іх
мужчынам – адпачынак ад сваіх жонак. Схаваўся за бліжэйшае дрэва – нібы й не
было!
Ёлі ж і Асі – твой Яра.
Краем вухам ты чула, што яны ў заклад пайшлі: хто першы яго зьвядзе. Цябе,
зразумела, у разьлік не прымалі.
У гасьцёўні вісеў паганы
гадзіньнік. І нагадваў табе пра час.
– Надакучылі ўсе! – дзьмулася ты,
нацягваючы прасьціну да самага носу.
Сьвітанак. Але ўставаць не
хацелася – як падумаеш, што зноў трэба глядзець на гэтыя пысы!
– Не крывіся – будуць
маршчыны! – Яра ласкава шчоўкнуў цябе па носе. – Хто ж вінаваты, што Сьлед
праходзіць праз гэта? Знайшлася ў пустэльні ночы, захавай сябе і ў тлуме дня.
– Ходзяць, вызіраюць,
прыстройваюцца, – не суцяшалася ты, – падслухоўваюць!
– Сёньня Купальле… Запрашаю
цябе пабадзяцца па лесе ў кампаніі аднаго вельмі прыемнага вужа, – і ён
недвухсэнсоўна задзёр нос і какетліва паправіў грыўку. – А яшчэ ты зможаш
адпачыць сярод больш лагоднай хеўры: лясуны, русалкі, ведзьмы, ваўкалакі,
крывасмокі… Наро-оду! Буду чакаць цябе ля капішча. Прыходзь да заходу сонца – я
пасьпею паказаць табе ўсю купальскую містэрыю, да таго, як у вужа абярнуся. Не
спазьніся толькі!
Ты не заўважыла, як час
перакуліўся за поўдзень. Чаму перакуліўся? Увесь дзень ён то цягнуўся як
сьлімак, то скакаў, як чорцік. Кульгавы. Вось і перакуліўся. Цябе нудзіла. З
самага ранку.
Адразу пасьля абеду
сапсавалася надвор’е. Але дождж быў такім дробным, што кроплі й ня думалі
падаць на зямлю.
Ася прапанавала сьпячы нейкую
дужа складаную страву, і на кухні сам сабой стварыўся натоўп. Ад пахаў ежы
млосьць толькі ўзмацнілася. Хаця кухня крыху адцягнула цябе ад трывожных,
перадкупальскіх, роздумаў.
Як толькі пачало цямнець,
ты сьпешна засабіралася на двор.
– Яшчэ рана, – заўважыла
Ася. – У колькі садзіцца сонца?
І як толькі яны пра ўсё
даведваюцца?! На самой справе падслухоўваюць?!
– А дзесятай, – адгукнулася
Воля й зірнула на руку. – Яшчэ шэсьць.
– Выпраўляйся хаця б у
восем, – параіла Ліля. – Па такім надвор’і счэрзьнеш. Нам ужо хапіла аднаго
пахаваньня!
– Але сьцямнела! –
запярэчыла ты.
На што Ёля, якая ўжо з
паўгадзіны займалася навядзеньнем марафэту, моўчкі падсунула гадзіньнік табе
пад нос.
– Пяць хвілін на сёмую.
Можаш, паглядзець яшчэ ў гасьцёўні! – упэўнена прапанавала яна й працягнула
фарбаваць вочы, раздражнёна фыркаючы: – Як можна жыць у хаце безь люстэркаў!
Ёй ніяк не ўдавалася
разгледзець сябе цалкам у маленькай пудраніцы.
– У мяне Яра замест
люстэрка, – горда адказала ты.
– Рамантычна, але ня
зручна. Асабліва, калі гэтае люстэрка на нагах! – адгукнулася Ёля.
Напэўна, сёньня ты ўсё ж
такі кагосьці прыдушыш!..
Але Ёля сышла.
Расклаўшы ласункі на
талеркі, вы занесьлі іх у гасьцёўню.
Гадзіньнік паказваў яшчэ
сем, а за вакном зьбіралася цемра. Некалькі разоў табе падалося, што барабанілі
шыбы. Але толькі ты ськіроўвалася да акна, як нехта зьяўляўся ды перахопліваў
тваю ўвагу.
Самае непрыемнае ў гэтых
гасьцях было тое, што ад іх пазьбягалі ўсе духі лесу. І ніхто ня мог прыйсьці
табе на дапамогу. Ніхто ня мог супакоіць. Ні русалка, ні дамавік, ні
пчолка-леля. Нават сам Яра не любіў быць на вачах. Адзіныя, зь кім ён ахвотна
кантактаваў былі дзеці. А калісь – яшчэ й Андрусь.
У рэшцэ рэшт, нэрвы ня
вытрымалі. Раптам на цябе навалілася такое адчайнае пачуцьцё скрухі, што ты
проста кінулася да дзьвярэй.
– Ты куды? – яны, граючы,
пачалі хапаць цябе за рукі й захінаць праход.
Ты нечакана расплакалася.
У дзьвярах зьявілася Ёля.
Яна ўся дрыжэла.
– Вы не паверыце, што
здарылася! – ад хваляваньня яе грудзі ледзь не вывальваліся з глыбокага
дэкальтэ. – Я пайшла – а там!..
– Што здарылася? – Ліля сунула ёй вады й тая адным глытком асушыла
кубак.
– Там, каля капішча… Так доўга не магла яго знайсьці! Было зусім
цёмна. Я так зьдзівілася, калі пабачыла яго ў траве!
– Каго?! – вырачыла вочы
Ася.
– Ды меч! Я яшчэ падумала:
“Хто яго кінуў?” – “А, напэўна, Яра”. Я падняла яго і тут – як зашыпіць!
Божухна! Такой аграмаднай зьмяі я ў жыцьці ня бачыла!
– Зьмяі?!
– Такі спалох! Я як у сябе
прыйшла – толькі кускі вакол! Божухна, я пасекла яго як… як каўбасу! – і яна
гістэрычна засьмяялася.
Зямля пачала выплываць у
цябе з-пад ног. Ты ўсё зразумела: яны перавялі гадзіньнікі. Яны хацелі
пажартаваць. Яны хацелі падыграць Ёлі, якая пайшла да капішча замест цябе.
– І гэта ня ўсё! –
усклікнула Ёля. – На ім была карона! Вось! Уяўляеце?!
Млосьць. Цябе пачало
ванітаваць. Нарэшце.
______________________
1 суніцы
2 лелі – могуць ператварацца і ў людзей, і ў жывёл, і ў
расьліны, і ў прадметы. Але ў сваіх ператварэньнях яны ня надта старанныя –
заўсёды знаходзіцца нейкая парадаксальная дэталь: у колерах, форме ці дзе яшчэ.
У вобразе людзей яны выглядаюць альбо непрыстойна прыгожымі, альбо гратэскна
пачварнымі. І ў любым выпадку
сьмешнымі. Усім гэтым вельмі нагадваюць маленькіх дзетак. Дарэчы, яны –
найбліжэйшыя да Бога й першыя, хто прычыніўся да стварэньня чалавека.
3 на Граны (Русальны) тыдзень шмат тапельцаў-мужчын –
гэта душа зямлі бярэ сабе ахвяру.
4 Спанталыка – вібрацыя, рытм, які ляжыць у аснове
любога стану жывой матэрыі; тое ж, што й
спанда (ст.-інд.). “Зьбіць спанталыку” – пазбавіць кантролю над сабой;
падтрымлівае вярбальныя віды ліхога чараўніцтва. Гушканьне на арэлях зьвязана з
гарманізацыяй найбольш вялікіх спанталыкаў.
5 Катарсыс – раптоўнае ачышчэньне, вызваленьне праз
пакуты
6 Шалі – са-лелі, сужоны
7 Пара – вядомая як Параскева (Пятніца) – “верная
лебедзь”, багіня манагамнага шлюбу
8 Пярунаў агонь – папараць-кветка
9 Птушыны Стан – Малочны Шлях
10 Пярун – вярхоўны бог грому й маланкі. Ягоная сьвіта –
драпежнікі й стыхійныя духі – гарцукі
11 Барада – сымбаль высокага сацыяльнага становішча.
Моду завёў Пярун, які носіць выкшталцоную бараду з золата
12 Ярыла (Стрыбог) – бог вясёлкі (такое сонца сьвеціць у
Выраі) і першапачатковай гармоніі ўсяго бытнага, бог залатой расы й, перадусім,
плоднасьці, таму за вочы яго часта называюць царом Гарохам (на зацяжарыўшую
па-за шлюбам дзяўчыну звычайна кажуць, што яна гароху аб”елася). У свой
час Ярыле ахвяравалі маладых дзяўчат, каб атрымаць багата аўса ды пшаніцы.
Цяпер пра гэта нагадвае толькі рытуал штурханьня дзяўчыны ў жыта падчас
вясновых абрадаў
13 Пярун –
“пярнаты”, сва-рог – “лебядзь-цар”
14 Майя – зямны (праяўлены) сьвет, які лелямі называецца
сьветам усялякага роду ўласнасьці й якімі ён быў створаны; ад слова “маё”,
“маёмасьць”. Лелі часта вымаўляюць гэта як “мана”
15 кадукі, чэрці – сваякі. Кадукі – сьветлыя, больш
лагодныя да чалавека духі
16 Берута –
маці Вялікага князя Вітаўта