Зыгмунд
Баўман
Турысты й бадзягі
Сёньня мы ўсе ў руху.
Шмат хто з нас не сядзіць
на месцы. Мы ці пераяжджаем у новыя дамы, ці вандруем па сьвеце. Некаторым
нават ня трэба выходзіць з хаты, каб падарожнічаць: можна несьціся, імчаць,
ляцець па прасторы інтэрнэту, адкрываючы на экране кампутара паведамленьні з
розных куткоў зямное кулі. Нават фізычна застаючыся на месцы, мы ўсё роўна
рухаемся. Напрыклад, калі па звычцы, прыклеіўшыся да крэслаў, мы пераключаемся
з адной тэлепраграмы на іншую, уключаем ці выключаем экран, дык пераходзім з
аднаго сьвету ў іншы з хуткасьцю значна большай за хуткасьць звышгукавых
самалётаў і касьмічных ракетаў, але нідзе не затрымліваемся настолькі, каб
стаць больш, чым проста назіральнікамі, адчуць сябе chez soi.1
Мы жывем у сьвеце, дзе
адлегласць не адыгрывае якой-кольвек істотнай ролі. Часам здаецца, што яна
існуе толькі для таго, каб яе скасоўвалі. Нібыта прастора сама ўвесь час
прапануе абвяргаць, адмаўляць і не зважаць на сябе. Прастора перастала быць
перашкодай: каб заваяваць яе, хопіць і долі сэкунды.
Няма больш “натуральных
межаў”, як і няма вольных месцаў. Дзе б нам ні даводзілася быць, цяжка
пазбавіцца ад думкі, што мы маглі б зараз быць дзе заўгодна яшчэ. Такім чынам,
у нас усё менш і менш прычынаў заставацца ў нейкім адным месцы (і таму мы
часта адчуваем неадольную прагу іх
знайсьці – ці стварыць). Тут нялішне прывесьці трапнае выслоўе Паскаля, якое
сталася праўдзівым прароцтвам: мы сапраўды жывем у дзіўным коле, у якога
паўсюль цэнтар, а пэрыфэрыі – няма (ці, можа, – хто ведае? – усё наадварот).
Такім чынам, мы ўсе
падарожнікі, прынамсі, у думках. Як кажа Майкл Бэнэдыкт: “Спрэс ставіцца пад
сумнеў самая значнасьць геаграфічнага месцазнаходжаньня. Мы ператварыліся ў
качэўнікаў, якіх заўжды лёгка знайсьці”. Але мы ў руху й у іншым, больш
глыбокім сэнсе, незалежна ад таго, вандруем мы па дарогах ці прабягаем па
тэлеканалах, любім ці ненавідзім свае пуцявіны.
Ідэя “стану спакою”,
нерухомасьці мае сэнс толькі ў сьвеце, які стаіць (ці лічыцца, што стаіць) на
месцы, там, дзе трывалыя муры, уежджаныя гасьцінцы, а дарожныя знакі іржавеюць ад
часу. Нельга заставацца на месцы ў бягучых пяскох. Нельга заставацца на месцы ў
нашым позьнемадэрновым ці постмадэрновым сьвеце, дзе арыентыры самі рухаюцца ды
яшчэ маюць гідкую звычку зьнікаць з далягляду раней, чым іх цалкам прачытаюць,
асэнсуюць і скарыстаюць. Прафэсар Лёвэнскага каталіцкага ўнівэрсытэту Рыкарда
Пятрэла зрабіў наступную выснову: “Глябалізацыя прымушае эканоміку прапаноўваць
эфэмэрнае, хуткаплыннае (праз усеагульнае скарачэньне тэрміну прыдатнасьці
тавараў і паслугаў) і ненадзейнае (як-то часовая праца з адвольным графікам і
частковай занятасьцю)”.
Каб праціснуцца праз
шчыльны й цёмны, “хаатычны” гушчар сусьветнай канкурэнцыі ды прыцягнуць да сябе
ўсеагульную ўвагу, тавары, паслугі й знакі мусяць абуджаць жаданьне. Дзеля
гэтага трэба спакусіць свайго будучага спажыўца й пераўзысьці ў спакусьлівасьці
канкурэнтаў. Але як толькі гэтая мэта дасягнутая, трэба даць месца, прычым
хутка, іншым “прадметам жаданьня”, каб не спынілася пагоня за ўсё большым і
большым прыбыткам (цяпер ёй далі найменьне “эканамічны рост”). Сучасная
прамысловасьць ўсё больш і больш завязаная на вытворчасьці спакусаў і прынадаў.
Але ў самой іх прыродзе закладзена, што яны прыцягваюць, толькі пакуль вабяць з
той недасяжнай далечыні, што завецца будучыняй. Спакуса заўсёды зьнікае, калі
ёй саступаюць, як і задавальненьне жаданьня забівае самое жаданьне.
У гэтай гонцы за новымі
жаданьнямі, а не за іх задавальненьнем, відавочна, няма фінішнай рысы. Ужо
самбя ідэя “абмежаваньня” неад’емная ад каардынатаў у часе й прасторы. Выдаліць
з жаданьня чаканьне – значыць выдаліць з чаканьня жаданьне. Паколькі ў прынцыпе
ўсялякае чаканьне можна зьвесці да імгненнасьці, калі бясконцае мноства падзеяў
можна зьмясьціць у чалавечае жыцьцё, паколькі ўсе адлегласьці можна сьціснуць у
адную пры-сутнасьць, калі для шукальніка новых уражаньняў не застанецца
завялікіх адлегласьцяў, дык які ж тады сэнс у ідэі “абмежаваньня”? А бяз сэнсу,
без значэньня немагчыма спыніць магічнае кола спакусаў і жаданьняў. І для
“вярхоў”, і для “нізоў” гэта мае калясальныя наступствы, трапна адзначаныя
Джэрэмі Сыбрукам:
“Беднасьць немагчыма
“вылечыць”, бо гэта не сымптом хваробы капіталізму. Наадварот: гэта адзнака яго
моцнага добрага здароўя, гэта стымул яшчэ больш накопліваць і намагацца… Нават
самыя багатыя ў сьвеце скардзяцца перадусім на тое, што вымушаныя ад
чаго-небудзь адмаўляцца... Нават самыя прывілеяваныя вымушаныя жыць зь
неспатольным жаданьнем набываць усё больш і больш...”
Быць спажыўцом ў спажывецкім грамадзтве
Наша грамадзтва –
спажывецкае.
Гаворачы пра спажывецкае
грамадзтва, мы маем на ўвазе нешта большае за банальную ісьціну, што ўсе ягоныя
чальцы штосьці спажываюць. Усё чалавецтва, і нават болей, усё жывое, спрадвеку
штосьці “спажывае”. Мы маем на ўвазе, што нашае грамадзтва “спажывецкае”
ў тым жа глыбокім, падставовым сэнсе, у якім грамадзтва нашых папярэднікаў,
мадэрновае, было ў сваёй аснове прамысловым, “грамадзтвам вытворцаў”. Гэты
ранейшы тып мадэрновага грамадзтва выхоўваў галоўным чынам вытворцаў і
вайскоўцаў. Фармаваньне ягоных чальцоў, “узор”, які ім прапаноўваўся, былі абумоўленыя
абавязкам выконваць гэтыя дзьве ролі. Узор для тагачаснага грамадзтва –
здольнасьць і гатоўнасьць іх выконваць.
Але на сёньняшнім, позьнемадэрновым (Гідэнс), другасна-мадэрновым (Бэк),
звышмадэрновым (Балянд’е), ці постмадэрновым, этапе, калі грамадзтву больш не
патрэбна шмат прамысловых працоўных і ўсеагульнае служэньне ў войску, яно
ператварае сваіх чальцоў у спажыўцоў. Фармаваньне чальцоў сучаснага грамадзтва
найперш абумоўленае абавязкам выконваць ролю спажыўца. Узор, які прапаноўваецца
сучасным грамадзтвам, – гэта здольнасьць і гатоўнасьць быць спажыўцом.
Вядома, адрозненьні паміж
сучасным і папярэднім грамадзтвам не настолькі радыкальныя, каб адная роля
суцэльна адмаўлялася на карысьць іншай. І аднаму, і другому грамадзтву
патрэбныя й вытворцы спажывецкіх тавараў, і спажыўцы вырабленага. Розьніца
паміж гэтымі двума этапамі мадэрнасьці толькі ў прыярытэтах, але гэты перанос
акцэнтаў прывёў да грандыёзных зьменаў фактычна ва ўсіх сфэрах грамадзкага,
культуровага й прыватнага жыцьця.
Адрозьненьні гэтыя настолькі глыбокія й разнастайныя, што цалкам
апраўдана казаць пра асобны тып грамадзтва – спажывецкае. Тут спажывец вельмі
непадобны да спажыўца ў любым іншым
грамадзтве. Калі ў нашых продкаў
філёзафы, паэты й маралісты разважалі над пытаньнем: чалавек працуе, каб жыць,
ці жыве, каб працаваць, то сёньня паўстае
дылема: чалавек спажывае, каб жыць, ці жыве, каб спажываць? Такім чынам,
пытаньне ў тым, ці мы можам і адчуваем патрэбу разьмяжоўваць жыцьцё й спажываньне.
У ідэале спажывец новага
тыпу мусіць несьці ўсе набытыя звычкі гэтак жа сама, як пратэстанцкі сьвяты –
свае душэўныя памкненьні й парываньні: падобна лёгкай вопратцы, якую ў любы
момант можна скінуць (так услед за Бакстэрам казаў Макс Вэбэр). І гэтыя звычкі
кожную хвіліну, кожны дзень, пры кожным зручным выпадку адкідаюцца, яны ніколі
не ператвараюцца ў жалезныя краты (акрамя мэта-звычкі – звычкі зьмяняць
звычкі). У ідэале спажывец нічога не павінен прымаць назаўсёды, нічому не
павінен быць верны “пакуль сьмерць не разлучыць нас”. Ніводная патрэба не
павінна цалкам задавальняцца, ніводнае жаданьне не павінна лічыцца канчатковым.
Да кожнай клятвы вернасьці трэба дадаваць удакладненьне: “сапраўдная да
наступнага паведамленьня”. Сапраўды істотная лёгкаплыннасьць, нетрываласьць
усіх прывязанасьцяў. Істотная больш за самое жаданьне, якое ў любым выпадку
будзе існаваць толькі да свайго наталеньня (ці, хутчэй, покуль яго аб’ект ня
страціць жаданасьць).
На ўсялякае спажываньне
патрэбны час. У гэтым праклён спажывецкага грамадзтва й галоўная бяда гандляроў
спажывецкімі таварамі. Росквіт “тут і цяпер”, створаны часасьціскальнымі
тэхналёгіямі, натуральна супадае зь лёгікай арыентаванай на спажыўца эканомікі.
Што да апошняй, то для спажыўца задавальненьне павінна быць імгненным,
прычым у абодвух сэнсах. Набытыя тавары павінны прыносіць задавальненьне
імгненна, без дадатковых навыкаў і папярэдняй падрыхтоўкі. Але задавальненьне
таксама павінна сканчацца “імгненна”, як толькі рэч спажытая. Гэты час трэба
зьвесьці да мінімуму.
Найпрасьцей скараціць час
спажываньня тады, калі спажыўцы ня могуць надоўга засяродзіць увагу ці жаданьне
на якім-небудзь адным прадмеце, калі яны нецярплівыя, няўрымсьлівыя,
мітусьлівыя й найперш калі яны лёгка прыходзяць у захапленьне й гэтак жа лёгка
страчваюць цікаўнасьць. Культура спажывецкага грамадзтва – гэта галоўным чынам
культура забываньня, а не засваеньня. Сапраўды, калі выдаліць з чаканьня
жаданьне й з жаданьня чаканьне, то пакупніцкія здольнасьці спажыўцоў могуць
сягаць далёка за межы прыроджаных ці прыдбаных патрэбаў, і прадмет жаданьня ўжо
ня мусіць быць фізычна трывалым. Такім чынам, зьмяняюцца адносіны паміж
патрэбамі й іх задавальненьнем: абяцаньне й надзея на задавальненьне
папярэднічаюць зьяўленьню патрэбы. Тады жаданьне заўсёды будзе мацнейшым, а рэч
– больш вабнай, чым у выпадку з наяўнымі патрэбамі.
Па сутнасьці, абяцаньне тым
больш прыцягальнае, чым менш звычайная патрэба. Вельмі заманліва зрабіць
штосьці такое, чаго ты нават ніколі ня мог сабе ўявіць. Добры спажывец – гэта
авантурыст, які любіць такія забавы. Для добрага спажыўца спакусьлівасьць
абяцаньню надае не задавальненьне патрэбаў, што цябе вярэдзяць, а вярэда яшчэ
не адчутых жаданьняў, пра якія ты нават і не здагадваесься.
Усьлед за Ніцшэ, які
намаляваў зьедлівую, але сапраўды прароцкую карыкатуру на “апошняга чалавека”,
Джон Кэрал з іроніяй падае партрэт спажыўца, народжанага й узгадаванага
спажывецкім грамадзтвам (гл. кнігу Кэрала: “Ego й душа: Сучасная заходняя
сацыялёгія ў пошуках значэньня”):
“Дэвіз гэтага грамадзтва:
“Калі табе блага – еж!” … Спажыўца выяўляюць вечна занураным у мэлянхолію,
нібыта ягоная хвароба прымае форму спустошанасьці, састыласьці, паныласьці, так
што гэтую ўнутраную пустэчу трэба запоўніць чымсьці цёплым, раскошным,
жыцьцядайным. Вядома, гэта не абавязкова мусіць быць ежа, магчыма й іншае, як у
выпадку зь “Бітламі”, якія “поўніліся шчасьцем у душы”. Заглынаць усё запар –
вось шлях да выратаваньня. Спажывай і радуйся!..
Плюс няўрымсьлівасьць,
манія заўсёднага зьмяненьня, руху. Сядзець на месцы – сьмерць. Такім чынам,
спажывальніцтва – гэта сацыяльны аналяг дэпрэсіі як псыхапаталёгіі. Яно
суправаджаецца двума ўзаемазьвязанымі, супрацьлеглымі сымптомамі:
зьняможанасьцю й бессаньню”.
Для чальцоў спажывецкага
грамадзтва, якія пастаянна знаходзяцца ў руху — шукаюць, не знаходзяць, ці,
дакладней, пакуль не знаходзяць, – гэта не хвароба, а надзея на шчасьце, або,
магчыма, і самое шчасьце. Яны вандруюць, поўныя спадзяваньняў, а прыбыцьцё на
канцовую станцыю стаецца праклёнам.
(Марыс Бляншо заўважыў, што адказ – гэта параза пытаньня. Можна сказаць, што
задавальненьне жаданьня – параза жаданьня). Сутнасьць гульні ў спажыўцоў – ня
столькі прага набыць ці завалодаць, ня столькі назапашваньне матэрыяльных
дабротаў, колькі хваляваньне, падоранае дасюль невядомым пачуцьцём. Спажыўцы – гэта перадусім зьбіральнікі пачуцьцяў,
і толькі ў другасным, вытворным сэнсе –калекцыянэры рэчаў.
Марк Тэйлар і Эза Саарынэн
выказалі ўсё ў двух словах: “Жаданьне не жадае задавальненьня. Наадварот,
жаданьне жадае жаданьня”. Прынамсі,
жаданьне ідэальнага спажыўца. Напэўна, для яго (і, вядома, для вытворцы
спажывецкіх тавараў) няма нічога страшнейшага, чым пэрспэктыва згасаньня ці
разьвейваньня жаданьняў, пэрспэктыва страціць усё, што магло б адрадзіць
жаданьне, ці апынуцца ў сьвеце, дзе няма чаго жадаць.
Каб павялічыць спажываньне, спажыўцоў нельга ні на хвіліну
пакінуць у спакоі. Трэба сачыць, каб яны заўжды былі бадзёрыя ды жвавыя,
гатовыя аддацца новым спакусам, каб яны вечна трымцелі ў прадчуваньні асалоды –
а значыць, да ўсяго ставіліся зь недаверам і ва ўсім расчароўваліся. Трэба, каб
прынады, што змушаюць спажыўцоў пераключаць увагу з аднаго на іншае, умацоўвалі
недавер і разам з тым абяцалі выйсьце з заганнага кола расчараваньняў: “Кажаце,
вы ўжо ўсё бачылі? Ды нічога вы ня бачылі!”.
Лічыцца, што спажывецкі
рынак спакушае пакупнікоў. Але дзеля гэтага патрэбныя пакупнікі, якія хочуць
спакушацца (гэтаксама, як дырэктару фірмы, каб кіраваць сваімі працоўнымі,
неабходныя людзі, у плоць і кроў якіх трывала ўкарэнілася звычка да дысцыпліны
й паслухмянасьці). У добра арганізаваным спажывецкім грамадзтве спажыўцы самі
актыўна шукаюць спакусаў. Іх дзяды, вытворцы, жылі ад аднаго канвэернага кола
да другога. Яны ж, спажыўцы, у адрозьненьне ад продкаў, жывуць ад спакусы да
спакусы, ад прынады да прынады. Унюхаўшы адзін ласунак, яны адразу кідаюцца на
пошукі новага, заглынуўшы з адной вуды, пачынаюць кружляць вакол іншай. І
кожная наступная спакуса, кожная наступная прынада, кожны наступны ласунак
новы, не падобны да папярэдніх. Ён заўжды вабіць больш.
Для сталых, дарослых спажыўцоў
такія паводзіны – абавязковая патрэба. Аднак гэтая абавязковая патрэба, гэты
прымус, гэтая немагчымасьць пражыць жыцьцё па-іншаму зьяўляюцца ім пад маскай
свабоднага волевыяўленьня. Магчыма, рынак ужо абраў іх за спажыўцоў, адняўшы ў
іх свабоду абыходзіцца безь ягоных зваблівых абяцанак. Але кожны раз,
прыходзячы на рынак, спажыўцы маюць усе падставы лічыць, што ўсё залежыць ад іх
і толькі ад іх. Яны й ацэньваюць, і крытыкуюць, і выбіраюць. Яны нават вольныя
адмовіцца ад кожнага з наяўных у выбары тавараў. Яны ня вольныя толькі не
выбіраць з наяўнага ў выбары. Але, зрэшты, гэта й ня выбар.
Вось гэтае спалучэньне
спажыўцоў, заўсёды прагных да новых спакусаў, спажыўцоў, якім усё хутка
надакучвае, і сьвету, перабудаванага ва ўсіх сваіх іпастасях: эканамічнай,
палітычнай, асабістай – на ўзор спажывецкага рынку, сьвету, які, падобна рынку,
выконвае любое пажаданьне й усё хутчэй і хутчэй прапаноўвае новыя спакусы, –
гэтае спалучэньне й зьнішчае ўсе арыентыры – сталёвыя, бэтонныя ці проста
складзеныя аўтарытэтам – з асабістай, уласнай мапы сьвету, з пракладзенага па
ёй маршруту. Для спажыўцоў падарожнічаць з надзеяй на нешта новае нашмат
прыемней, чым прыбыць у пункт прызначэньня. Прыбыцьцё мае банальны адбітак
заканчэньня з горкім прысмакам манатоннасьці й застыласьці, якія заўсёды будуць
адплатай за тое, чым і дзеля чаго жыве спажывец, прынамсі, ідэальны спажывец,
за тое, у чым ён бачыць сэнс жыцьця.
Каб узяць ад жыцьця ўсё
самае лепшае, што толькі ёсьць у сьвеце, дазваляецца рабіць усё, што заўгодна,
акрамя аднаго: сказаць імгненьню разам з Гётэўскім Фаўстам: “Цудоўнае, спыніся,
панясу з сабой у вечнасьць я тваю красу!”
Спажывец знаходзіцца ў руху
й ня можа спыніцца.
Нас падзяляе рух
Адзінае, чаго ня могуць
абраць нават самыя вялікія адмыслоўцы ў мастацтве выбіраць, – гэта ў якім
грамадзтве нарадзіцца. І таму ўсе мы, хочаш – ня хочаш, вандруем. У нас не
пыталіся, даспадобы нам гэтае ці не.
Мы кінутыя ў бяскрайняе
мора бяз карты, буі ледзь відаць ці яны ўжо патанулі. Нам застаецца абіраць
адное з двух: альбо трымцець у прадчуваньні захапляльных адкрыцьцяў, альбо
дрыжаць ад страху пайсьці на дно.
Толькі ня варта спадзявацца знайсьці прытулак у спакойнай бухце: што
сёньня здаецца ціхай гаваньню, заўтра могуць ператварыць у парк з атракцыёнамі,
а на месцы сьціплага прычала для чоўнаў
зьявіцца буйны карабельны док. Трэцяга ня дадзена, і які лёс абярэ
мараплавальнік (ці які лёс абярэ мараплавальніка), не ў апошнюю чаргу залежыць
ад стану карабля й умельства каманды.
Чым больш трывалы карабель, тым менш падставаў баяцца прыліваў і
штормаў. Але ж ня ўсе караблі прыдатныя для марскіх прастораў. І чым далей у
вольным плаваньні ад берага, тым глыбейшая бездань паміж лёсам аднаго
мараплавальніка ад другога. Прыемная вандроўка на дыхтоўна аснашчанай яхце можа
стацца сьмяротнай небясьпекай, апыніся мы ў разьдзяўбанай шлюпцы. У рэшце рэшт
розьніца між імі роўная розьніцы між жыцьцём і сьмерцю.
На кожнага можа зысьці
памкненьне быць спажыўцом, кожны можа прагнуць быць спажыўцом, карыстацца ўсімі адкрытымі перад ім
магчымасьцямі. Але ня кожны можа быць спажыўцом. Тут мала толькі
жаданьня. Каб жаданьне было сапраўды жаданым, каб жаданьне прыносіла асалоду,
трэба рэальная надзея атрымаць жаданае. Калі адныя маюць усе падставы цешыць
сябе гэтай надзеяй, то для іншых яна ня больш як прывід. Усе мы асуджаныя жыць
па законах выбару, але ня ўсе могуць абіраць.
Як і ва ўсялякім іншым
грамадзтве, у постмадэрновым, спажывецкім, існуе падзел. І адное грамадзтва
адрозьніваецца ад іншага паводле той восі, уздоўж якой ён пралягае. У
спажывецкім грамадзтве разьмежаваньне на “вярхі” й “нізы” праводзіцца ў
залежнасьці ад здольнасьці рухацца – свабоды абіраць, дзе быць.
Розніца паміж “вярхамі” й
“нізамі” ў тым, што першыя могуць пакінуць другіх і рушыць далей, але не наадварот.
У сучасных гарадох укарэніўся “апартэід а rebours”2 :
тыя, каму гэта па кішэні, пераяжджаюць з брудных, занядбаных раёнаў, а тыя, хто
ня можа дазволіць сабе пераезд, так і застаюцца на месцы. У Вашынгтоне гэты
працэс ужо скончыўся, у Чыкага, Кліўлендзе й Балтыморы – падыходзіць да
завяршэньня. На вашыгтонскім рынку жытла няма ніякай дыскрымінацыі. Але ўсё ж
па Шаснаццатай Вуліцы на захадзе і р. Патамак на паўночным захадзе праходзіць
нябачная мяжа, і тыя, хто застаўся “па той бок”, ніколі яе не парушаюць.
Большасьць маладзёнаў “з таго боку” непазначанай, але ад гэтага ня менш
рэальнай мяжы ніколі ня бачыла цэнтральны Вашынгтон з усёй яго раскошай,
фанабэрыстай элегантнасьцю й выкшталцонымі прынадамі. Для іх цэнтральнай часткі
няма. З “тым бокам” немагчымы дыялёг. Жыцьцё там настолькі іншае, што калі б
насельнікі гэтых двух сусьветаў сышліся разам, ім наўрад ці знайшлося б што
сказаць адзін аднаму. Як заўважыў Людвіг Вітгенштайн, “калі б ільвы ўмелі
размаўляць, мы б іх не зразумелі”.
Ёсць яшчэ адно адрозьненьне.
“Вярхі” шчасьлівыя тым, што вандруюць па жыцьці, куды душа пажадае, абіраюць
найбольш вабны пункт прызначэньня. “Нізы” ж вымушаныя зноў і зноў кідаць тыя
мясціны, дзе ім хацелася б застацца. (У 1975 г. пад апекай Вярхоўнага
камісарыяту ААН па справах уцекачоў знаходзілася 2 млн. вымушаных перасяленцаў.
У 1995 г. – 27 мільёнаў.) Нават калі яны застаюцца на месцы, то самая зямля
сыходзіць у іх з-пад ног, так што ўсё роўна гэта нагадвае ўцёкі. А калі яны
кранаюцца зь месца, то найчасьцей іх пункт прызначэньня абірае нехта іншы.
Дарога рэдка прыносіць радасьць, і пушчаюцца ў дарогу зусім ня дзеля яе
радасьцяў. Ім даводзіцца спыняцца ў скрайне непрывабных мясьцінах, адкуль яны б
з задавальненьнем сышлі. Але ім больш няма куды падацца, бо іх нідзе больш не
чакаюць, нідзе больш не дазволяць паставіць свой намёт.
Ва ўсім сьвеце паступова
адмяняюць візы. Але ня пашпартны кантроль. Ён патрэбны яшчэ больш, чым раней,
каб даць рады з блытанінай, выкліканай скасаваньнем візаў: аддзяліць тых, дзеля
чыёй зручнасьці й адмовіліся ад візаў, ад тых, каму трэба сядзець на месцы й
перадусім не падарожнічаць. Калі разам з адменай візаў узмацняецца іміграцыйны
кантроль, то ў гэтым ёсьць глыбокі сымбалічны сэнс. Тут можна ўгледзець
мэтафару чарговага расслаеньня, якое адбываецца зараз. Адкрываецца простая
ісьціна: галоўным сярод чыньнікаў расслаеньня сёньня сталася “дасяжнасьць
вандраваньня па сьвеце”. Адныя пачалі карыстацца свабодай падарожнічаць sans
papiers.3 Іншыя з тае ж прычыны ня могуць застацца на месцы.
Сёньня кожны можа быць
вандроўнікам, у рэчаіснасьці альбо ва ўяўленьні. Але паміж пуцявінамі тых, хто
апынуўся каля найвышэйшай і найніжэйшай адзнакаў на шкале свабоды, ляжыць
непераадольная бездань. Модны тэрмін “качэўнік”, што ўжываецца без разбору ў
дачыненьні да ўсіх, каму выпала жыць у эпоху постмадэрнізму, толькі ўводзіць у
зман, бо хавае калясальную розьніцу паміж “першымі” й “другімі”, робіць
усялякае падабенства паміж імі фармальным, павярхоўным.
Па сутнасьці два сьветы –
каля верхняй і ніжняй адзнакі на нядаўна ўзьніклай шкале свабоды руху – рэзка
адрозьніваюцца між сабою, усё больш страчваюць усялякую сувязь. Для першых –
“вольных вандраваць па ўсім сьвеце” – прастора перастала быць перашкодай, яна
лёгка пераадольваецца й у рэчаісным, і ў віртуальным вымярэньні. Для “другіх” –
“прывязаных да адной мясьціны” – рэальная прастора імкліва
зачыняецца на замок. Ім не дазволена рухацца, таму яны вымушаныя пасіўна
прымаць усе зьмены, што прыходзяць у мясьціну, да якой яны прывязаныя.
Сьцісканьне прасторы
зьнішчае плынь часу. Грамадзяне “першага сьвету” жывуць у заўсёдным сёньня,
пераходзячы ад адной шчыльна ізаляванай і ад мінулага, і ад будучыні падзеі да
іншай. Гэтыя людзі вечна занятыя, у іх бясконца “не стае часу”, бо кожны момант
немагчыма падоўжыць. (Тое ж самае мы адчуваем, калі кожная хвіліна “напоўненая
да скраеня”.) Людзі, якія гібеюць у другім сьвеце, надрываюцца пад цяжарам
залішняга, бескарыснага й марнага часу, ня маючы чым яго запоўніць. У іх часе
“ніколі нічога не адбываецца”. Яны не валадараць над часам, але й час не
валадарыць над імі. (Гэтым яны адрозьніваюцца ад сваіх продкаў, якія залежалі
ад безасабовага заводзкага рытму, адзначаючы час прыходу й сыходу з працы.) Яны
могуць толькі марнаваць час, які паступова марнуе іх.
“Першы сьвет” жыве ў часе.
Для яго прастора не выконвае якой-кольвек значнай ролі, бо ў імгненьне вока
можна перанесьціся на любую адлегласьць. Гэтае й укладаў Жан Бадрыяр у ідэю
“звышрэчаіснасьці” [hyperreality], дзе робяцца непадзельнымі
“віртуальнае” й “рэчаіснае”: абодвум у аднолькавай ступені ўласцівыя (ці
неўласцівыя) “аб’ектыўны, зьнешні характар” і “ўлада караць”. (А менавіта гэтак
Эміль Дуркгейм вызначыў прыкметы рэчаіснасьці). “Другі сьвет”, наадварот, жыве
ў прасторы. Яна цяжкая, гразкая, да яе не дакрануцца, яна зьвязвае час,
і таму ён непадуладны чалавеку. Там час – пустата, у часе “ніколі нічога не
адбываецца”. Структураваны толькі віртуальны, тэлевізійны, час, толькі ён мае
нейкі “графік”. Усялякі іншы час маркотна адлічвае сэкунды: цік-так, сплывае
бязмэтна й бясьсьледна. І калі раптам якая-кольвек яго часьцінка
крышталізуецца, выпадзе на дно, дык падзея гэтая заўсёды будзе нечаканай і
непажаданай. Няісны й бязважкі, эфэмэрны, пазбаўлены ўсялякага сэнсу, вольны ад
сілы прыцягненьня, час ня можа гаспадарыць над гэткай рэчаіснай прасторай, зь
якой ня вырвацца “другому сьвету”.
Для грамадзянаў “першага
сьвету”, усё больш касмапалітычнага, пазапрасторавага, вольнага ад бар’ераў,
сьвету міжнароднага бізнэсу, культуровага мэнэджмэнту й навукі, дзяржаўныя межы
сьціраюцца, як і для патокаў капіталу й тавараў. Для грамадзянаў “другога
сьвету” іміграцыйны кантроль, законы аб статусе перасяленцаў, палітыка “чыстых
вуліцаў” і “нулявой талерантнасьці” ўзводзяць усё вышэйшыя бар’еры.
Глыбеюць ірвы, што аддзяляюць іх ад доўгачаканага паратунку, ад тых мясьцінаў,
куды яны так імкнуцца. А як толькі спрабуеш перайсьці мост, высьвятляецца, што
ён разьведзены. “Першыя” вандруюць дзеля сваёй асалоды, дзе і як ім толькі
заманецца (асабліва першым клясам ці на прыватным самалёце). Да іх падлашчваюцца,
іх падкупляюць, каб прымусіць падарожнічаць, іх паўсюль вітаюць усьмешкамі й
распасьцертымі абдымкамі. “Другія” вандруюць употай, часьцяком нелегальна, і
часам плоцяць за бітма набіты трум сьмярдзючай развалюхі, што таго і глядзі
патоне, больш, чым іншыя – за залочаны “люкс” першага клясу. І калі яны даедуць
да месца прызначэньня, на іх паблажліва касавурацца, а калі не пашанцуе –
імгненна дэпартуюць.
Працяг будзе
Пераклад з ангельскай Алены Дзінман
1
“як у сябе” (фр.)
2 наадварот
(фр.)
3 без дакумэнтаў (фр.)