Klinamen [www.klinamen.com]: філязофія ў віртуальным будуары
Назва інтэрнэт-альманаха “klinamen” па-грэцку значыць ‘адхіленьне’.
Эпікураўскія атамы свабодна ляцелі ў поўнай пустаце ня так, як атамы
Дэмакрыта й Леўкіпа, бо мелі
магчымасьць адхіляцца ад свайго курсу. Адхіленьне атамаў паводле Эпікура ды
Лукрэцыя – падстава свабоды волі. Этыка выводзіцца з мэтафізыкі.
У амэрыканскага
літаратуразнаўцы Гаральда Блюма тэрмін ‘клінамэн’сымбалізуе арыгінальнасьць
аўтара, які адхіліўся ад клясычнай спадчыны й абраў сваю непаўторную траекторыю
ў мастацтве.
Ад чаго “адхіляюцца” аўтары
віртуальнага выданьня? Гэта, зрэшты, ня так істотна. Адхіленьне –
самадастатковая каштоўнасьць. Як казкі Шахерэзады, якой пагражала гібель, калі
будзе нуднай. Філязофскія казкі пачаліся пасьля пераносу філязофскага дыскурсу
з унівэрсытэцкіх заляў у будуары парыскіх паненак. Можна сказаць, што гэта й
было пачаткам мадэрну. Прынамсі абедзьве падзеі супадаюць у часе.
“Шлях у філязофію ляжыць праз спакушэньне
жанчынай. Філязофская аскеза зьяўляецца наймацнейшай эратычнай прыгодай,” – піша Арсэн Мэлікян (ФІЛЯЗОФІЯ Й СУЖОНСТВА). Воля да
ўлады й рэсэнтымэнт не цікавяць дапытлівых аўтараў. Бо складаная мэтафорыка й
мэтафызычныя ўзьлёты думкі бадэнскага шаленца мала займаюць публіку. Калі сам
Ніцшэ зьдзейсьніў пераварот у філязофіі, зьмясьціўшы асноўны акцэнт з пытаньня
“што” на “хто” (“а хто гэта сказаў?”), то гендэрныя дасьледваньні
зрадыкалізаваныя на праблеме “з кім?”, бо мужчына-філёзаф толькі тады чагосьці
варты, калі побач зь ім знаходзіцца адпаведная жанчына. Ніцшэ абавязаны сваімі
найлепшымі дасягненьнямі спн.Лу Саламэ (Ларыса Гармаш. ТАК ГАВАРЫЛА ЗАРАТУСТРА).
Прынамсі афарызм “Ты ідзеш да жанчыны? Не забудзься на бізун!” прысьвечаны
вялікай шукальніцы інтэлектуальных сада-маза прыгодаў.
“Што рабіць філёзафу, на
якога накатваецца бесьсьмяротнасьць і слава, што супрацьпаставіць прыжыцьцёвай
сьмерці?”. (А.Мэлікян, тамсама) Кумір,
які ўзьнёсься непакорнай галавою над натоўпам павінен быць зрынуты долу.
Мужчынская (аскеза, дух, інтэлект, арыстакратызм) вэртыкаль цывілізацыі –
прайсьці праверку жаноцкай (сэксуальнасьць, пачуцьцёвасьць, душа, мяшчанства,
дэмакратыя) гарызантальлю культуры. Эгіпет заваёўваюць барабары.
Арыстакратычная філязофія Духа павінная перажыць дэканструкцыю ў выглядзе
назіраньня праз замочную шчыліну з лёкайскага пакою.
Праграмнае пытаньне
гендэрных дасьледваньняў – праблема ўзаемаадносінаў паміж паламі – аўтаматычна
пераносіцца аўтарамі “Klinamen’а” й на нашыя беларускія палітычныя
рэаліі. Тут А.Мэлікян прапануе вырашаць праблемы беларускай дзяржавы з
дапамогай унівэрсальнай каштоўнасьці – Любові:
“Банальнасьць гэткай
высновы можа падацца несур’ёзнай, але беларуская дзяржава можа й павінна быць
заснаваная на вышэйшай каштоўнасьці любові. Любоў ня толькі працінае ўсю
тканіну культуры – ад нізкага да высокага, – але й пераўтварае нізкае ў
высокае. Любоў – адзінае, што можа пасоўваць грамадзтва да лепшага. Гэтыя словы
зусім не павінныя быць кімсьці пачутыя, навязвацца: любоў мусіць быць
практычным дзеяньнем, якое вызначае кожны наш учынак; ці тое ў эстэтычным,
этычным альбо палітычным вымярэньні. Інакш кажучы, ня трэба быць героем,
пакутнікам ці мысьляром, каб зьдзяйсьняць любоў, але пачаць зь любові.
Палітык павінен любіць
тых, хто гатовы прагаласаваць за яго, а гэта азначае, што ён гатовы быць кім
заўгодна, абы не згубіць гэты любоўны стасунак. Гэтыя тэзісы могуць падацца
галаслоўнымі сьцьвярджэньнямі,
калі дапусьціць, што любоў цалкам не праясьненае пачуцьцё й ня можа быць
дакладна зафіксаванаю. Аднак калі мы пагодзімся, што менавіта народ у сваім
статусе электарату фармуе асноўныя інстытуцыі дзяржавы, то гэта таксама
азначае, што электаральная супольнасьць – прадукт пэўнага ўзьдзеяньня палітыка.
Палітык павінен быць прыхільным да сваіх выбарцаў, то бок умець дэманстраваць
сілу й справядлівасьць. Ён павінен дэманстраваць рэальную заклапочанасьць, то
бок жадаць ім дабрабыту й выяўляць сваё разуменьне гэтага. Іншымі словамі,
палітыку трэба любіць у людзях прыгажосьць, дабро й іхную здольнасьць быць
карыснымі. Палітыку ў Беларусі трэба памятаць, што беларус, перадусім, хоча
любіць і быць любімым, але пры гэтым ён хоча гэтага адкрыта, дэманстратыўна. З
боку гэта можа падацца наіўным, але такі ўжо гэты народ. Дэмакратычным зьместам
нашай дзяржавы магла б стаць “ідэалёгія” любові, а дзейнасьць палітыкаў
магла б быць арыентаваная на перавод любові з de facto ў de jure. (Арсэн
Мэлікян. У ЯКОЙ ДЗЯРЖАВЕ ХАЦЕЎ БЫ ЖЫЦЬ БЕЛАРУС?).
Немагчыма не заўважыць
пэўную долю гіроніі ў пазыцыі аўтара, але колькі вырафінаванай лексыкі патрэбна
ўжыць у прасторы постмадэрновага дыскурсу, каб эўфэмізаваць прымаўку: “Кожны
народ мае такі ўрад, які яго мае…”, што прыгадваецца ў зьвязку з тутэйшай
сытуацыяй, альбо трывіяльнае “любоў зла…”. Але аўтараў “Klinamen’а” не бянтэжаць “злыя” (нетрадыцыйныя) формы каханьня –
артыкул аднаго з улюбёных (бо француз) аўтараў прысьвечаны акурат праблемам
каханьня ў сучаснай літаратуры (гл. Жан Бары. КАНЕЦ СТАГОДЗЬДЗЯ: НЯШЧАСЬЦІ
КАХАНЬНЯ):
“Яшчэ зусім нядаўна, у
1968 годзе, шум, падняты вакол ідэі сэксуальнай “свабоды”, здавалася, аб’яднаў
на імгненьне ў парыве лібэралізму, які адмаўлае абмежаваньні й нормы, мужчынскі
й жаночы пол, якія ўрэшце прыйшлі да прымірэньня: ці было гэта сьвітанкам
чагосьці іншага, ці ўсяго толькі эпізодам у старым канфлікце, гатовым
запалымнець у любы момант?”
Новамодная тэма, якая
запаланіла віртуальныя будуары – гэта сэкс – зноў-такі віртуальны.
Праблема “хто з кім?” ці “хто каго?” у кібэрпрасторы набывае новае актуальнае
гучаньне. “Гэткая пераменлівасьць ставіць віртуальны сэкс у адзін шэраг з
трансвэстызмам і іншымі постмадэрнісцкімі практыкамі перамены цела. Калі
мужападобная лесьбіянка (dyke) з дапамогай штучнага чэляса ўвойдзе ў анальны
кантакт з мужчынай-геем, ці будзе гэта палавы акт паміж жанчынай і мужчынам? І
хто будзе мужчынам, а хто жанчынай? Гэткае пытаньне, зададзенае ў кантэксьце
сеціўнага сэксуальнага жыцьця (“Калі хлопчык, які назваўся дзяўчынкай,
трахаецца ў сетцы з дзяўчынкай, якая назвалася хлопчыкам, то хто зь іх хлопчык,
а хто — дзяўчынка?”) выглядае куды менш штучным.”(С.Кузьняцоў АЛІСА
Ў КРАІНЕ ВІРТУАЛЬНЫХ ЦУДАЎ: ЯШЧЭ АДНА СТУПЕНЬ СВАБОДЫ (Сэксуальнасьць нежывых і
жывых жанчынаў у сеціве інтэрнэт)).
Такім чынам, памыляецца
той, хто лічыць любоў справай індывідуальнай – н.п. Маркузэ, які цьвердзіў, што
ў таталітарным сьвеце сэкс – гэта адзінае, чым індывід займаецца для сябе
самога, у інтарэсах уласнай асобы, чым зьдзяйсьняе свой індывідуалісцкі бунт
супраць ненавіснага соцыюму. Сацыяльнасьць акту любові праяўляецца ў тым, што
заўсёды будуць жадальнікі абмеркаваць (“філязофія ў будуары”) і паназіраць за
спэктаклем, у якім зьдзяйсняецца ці то акт любові паміж асобнымі індывідамі, ці
то акт любові народу да ягонага выбранца й наадварот. Гэтае назіральніцтва й
ёсьць адно з праяўленьняў сучаснага постдэмакратычнага грамадзтва – так,
прынамсі, прачытала кнігу Гі Дэбора Альміра Ўсманава.
Эсэ Альміры Ўсманавай
“ГРАМАДЗТВА СПЭКТАКЛЮ Ў ЭПОХУ КАМАДЫФІКАВАНАГА МАРКСЫЗМУ” з эпіграфам “У
Расеі левы дыскурс не праходзіць” наводзіць на думку, што зрабіцца
Грамадзтвам Спэктаклю беларусам наканавана паводле гуру постмадэрнізму Гі
Дэбора. Якога, як лічыць спн. Ўсманава, у Беларусі ніхто не чытае. Чытаюць. А
Грамадзтвам Спэктаклю Беларусі ўжо ніколі ня стаць, бо гэта грамадзтва Цырку з
блазнамі. Павязаўшы дэбараўскага ‘гледача’ Спэктаклю з ‘надзіральнікам’ Мішэля
Фуко, Альміра Ўсманава разгладае такі таталітарны фэномэн, як
‘паднадзорнасьць’: ‘паднадзорнасьць’ у нейкі момант пачынае дастаўляць
скапафілічна-нарсыстычнае задавальненьне: у аснове так папулярных на ТБ
“рэалістык-шоў” ляжыць апісаны Дэборам ілюзорны характар ‘грамадзтва
Спэктаклю’. Урэшце, быць бачным – значыць існаваць. А існаваць – значыць быць
бачным, бо “Спэктакль, разгляданы паводле яго ўласнай арганізацыі, ёсьць
сцьвярджэньне бачнасьці й сцьвярджэньне ўсялякага чалавечага, то бок
сацыяльнага жыцьця, як простай бачнасьці”.
Так, Дэбор ня мог быць
апублікаваны за Савецкай уладаю ня толькі таму, што ягоная крытыка ў яе бок
была надта суровай, але й таму, што ніводная камісія не прапусьціла б такога
нахабнага суб’ектыўнага ідэалізму – тэорыі, якой было наканавана паўстаць з
забыцьця ў другой палове ХХ стагодзьдзя ў шэрагу іншых эпатажных сэнтэнцыяў,
мэта якіх перадусім забаўляць спажыўцоў інтэлектуальнага тавару-фэтыша.
І гэта нягледзячы на тое, што сама Савецкая ўлада ахвотна
карысталася славутай бэркліянскай максымай, сфармуляванай бы інструкцыя для
мэдыя-магнатаў, рэклямных крыэйтараў і будаўнікоў пацёмкінскіх вёсак.
Як аказалася, навучыцца
маніпуляваць бачаньнем і злоўжываць ім для новай улады было ня так складана, і
колер чырвоных першамайскіх сьцягоў саступіў чырвоным колерам Кока-колы й
Мак-Дональдзаў.
Такім чынам, у грамадзтве
спектаклю суіснуюць назіральнікі прынамсі двух тыпаў: адны бачаць толькі тое,
што бачнае (сьвет фэномэнаў), другія – таемна надзіраюць за сузіральнікамі
фэномэнаў і маюць уладу мяняць карцінку. Якую роль мае “Klinamen” у
гэтым спэктаклі павярхоўных фэномэнаў і парадзе сымулякраў? Арсэн Мэлікян
(ВЕСНАВЫЯ ЛІСТЫ ХВОРАГА СЯБРА) паведамляе, што “У Атлянтыцкім унівэрсітэце
Флёрыды год таму адкрылася новая спэцыяльнасьць – “публічны інтэлектуал”. Прагрэсіўнае чалавецтва, паводле
аўтара артыкулу, чакала гэтай падзеі, магчыма, з часоў Плятона: яму заўсёды
былі патрэбныя “актыўныя мысьляры, здольныя папулярызаваць ідэі, несьці іх
публіцы”.
Так, з часоў антычнасьці,
дзе вулічны філёзаф Сакрат патрабаваў сабе дзяржаўнае ўтрыманьне за свае
мэтафізычныя спэкуляцыі. Прафанізацыя інтэлектуальнага жыцьця ў Эўропе ў Новы
Час прывяла да зьяўленьня на філязофскім небасхіле новага адэпта “любамудрыя” –
мэсье Журдэна, мяшчаніна ў шляхецтве, які быў шчасьлівы ад таго, што даведаўся
ад настаўніка філязофіі пра такую простую рэч, што ўсё жыцьцё гаварыў прозай.
Але гэты “публічны інтэлектуал”… дзе такому займацца філязофіяй, ці не ў
“віртуальным бардэлі”? І куды, у які бок “адхіляцца” публічным мысьлярам цяпер,
калі “ўсё дазволена”, калі не толькі “богпамёрніцшэ” й “ніцшэпамёрбог”, але й
“Ніцшэ памёр, а памерлы
эксгумаваны-экзамэнаваны-збэшчаны-перабэшчаны-зноўпахаваны-
перазахаваны-перапрададзены-куплены-зноўпрададзены-толькі-даражэй!” Звычайны
часопіс апафеёзу эпохі фэльетонаў.
Цынцынат Ц.