Юры Чарнякевіч

 

 

* * *

 

Зяленіва шкла

Нам нагадае

Дзіцячую таямніцу,

І здасца ці сном,

Ці адбіткам у люстры.

Аскепак нябёс

Ты прыкладзеш,

Як цукерку,

Да вуснаў,

Каб адазвалася

Ў сэрцы

Туга,

А пасля –

Алісіны

Пальцы

Параніш тым

Шкельцам.

 

* * *

 

Карыя карыятыды

Адчыняюць дзверы

У роспач.

Зачыняюць прастору

Ілюзій,

Заядаючы хлебам

Лета.

Запіваючы зёлкамі

Будні.

 

Гэты сон

Абрыдае дашчэнту

Шчырай гульнёй

У каханне,

Ліпкім варэннем

Стасункаў

Пад небам –

Хамелеонам.

Над выцвілай

Атлантыдай.

 

 

* * *

Спагецці стасункаў,

Перамяшаных

З соўсам дня,

Можна пад’есці

І нашча.

 

Тады расплывецца

Значыкам на пінжаку

Стужка верша,

Тут, каля сэрца, –

След пачуцця.

 

Твары знаёмых

Сыйдуцца ў адзін

Незнаёмы.

Скурчацца ў стрэмку

Ў пальцы

І будуць смылець, назаляць

Пры поцісках рук…

 

 

 

* * *

Як лекі,

Мёдам

На язык пакласці

Халоднае замілаванне

Ільдзяное.

 

Нібы марозіва,

Дажджынка.

 

Ранак даспявае

 

 

* * *

На тле летніх дзён

Горкім прысмакам

Кроплі падзеяў.

Сплывае Лятучым Галандцам

Імгненне

І падае ў жбаночак

З алеем…

 

Бурбалка – шпок…

 

 

 

* * *

Тры колеры – белы.

Пасядзі, памаўчы.

На краечку, на самым,

Там, дзе сонейка

Талеркай непамытаю.

 

Дзе вецер

З паперкамі дымнымі

На небе – травамі,

Плямамі ідылічнымі.

 

Мёртвыя беды,

Асірацелыя, пахучыя

Пераспеласцю і гніллём

Самотна-сумных

Позіркаў.

 

Белы колер –

Трыста тры колеры.

Гульня ў крыжыкі-нолікі

Гульня да бясконцасці.

 

Зацягнуцца, ускраечку сонца,

Цыгарэтаю – да вантробаў,

Словам – наркотыкам

Ды пасміхнуцца, нарэшце.

 

Паднесці чарговаму ідалу

Запальнічку да скуры

І прыгнуць у твань,

Імпатэнт адназначнасці

 

Jump, Папрыгуньчык.

 

* * *

Пах ежы

На палетку цёплым,

І пыл машын

Скрозь лісце,

І доўгія, даўжэзныя галіны,

І змеі мёртвыя

Ля цела,

Як сон, як забыццё, ілюзія…

Намарна!

Усё апоўдні.

Значыць – рэчаіснасць.

Схавацца пад пяском,

Нібы пад коўдрай;

Пяском – падушкай,

Вочы заканвертаваўшы,

Ад сонца белага,

Халоднага чамусьці,

Ад жоўтых сцен

З дубамі і бетонам,

Ад скуры адпачынку…

Лянотаю б назваць

Такі настрой,

Фіранкі неба расхінуць

І вызваліць паветра;

А лепей –

Басанож устаць

На чэзлую траву,

І крыкнуць нешта,

Кінуць, ну, мажліва,

Ссохлы яблык

         У кагосьці.