Генадзь Драгун

Б...

Ёсьць некалькі рэчаў, думаньне пра якія не давала мне спаць па некалькі начэй запар. Пранцы. Амстэрдам. Бася. Беларусь. Пра дзьве апошнія іншым разам.

Басі й Беларусі

 

Дзякуй тром маім няголеным настаўнікам

 

 

Гістарычныя пэрсанажы ўспрымаюцца ня больш рэальнымі за літаратурных герояў. Дзіўна, сапраўды дзіўна. Чытаць нашую гісторыю як антыўтопію. Вывучаць гісторыю як літаратуру, а гісторыю вучыць па літаратуры. Глядзець хроніку як масавую падстаноўку.

Такога не магло быць, бо так быць не павінна. Усе мае канцэпцыі сьветаўспрыманьня ляцяць да д’ябла. Я жыву ў зусім іншым сьвеце. А што робіцца зараз з намі. Хіба можна ў гэта паверыць? Ці маглі мы ў гэта паверыць? Адчуваньне, што так ужо некалі было, у дзяцінстве, быццам мне зноў пятнаццаць год. Усе гэтыя цыклі рознае даўжыні накладаюцца адзін на адзін. І ў грамадзкім, і ў асабістым жыцьці. Колы, петлі, колцы… Я ведаю свае памылкі й ведаю, што належыць рабіць, але скрозь адныя паўторы.

Ці хацелі б вы зараз жыць у тае будучыні, што мроілася вам некалькі год таму? Прынамсі, мне было б сумна. Ды  не, нават ня сумна, а прыкра, млосна, сьмешна. Будучыня заўсёды значна больш цікавая, простая й страшная, якой бы мы яе не чакалі.

 

Спачатку не было ні  мяне, ні цябе, мы проста былі паасобку – такою была нашая перадгісторыя. Потым здарылася, што сустрэліся, патрапілі – так пачалася гісторыя.

Цяперака бесьперапынна, бязьлітасна паглынае будучыню, ператварае яе ў гісторыю, адкідае. Я баюся – ня хопіць часу, не пасьпеем, ня стрэлім.  Апынемся ў стане бяз будучыні, ня будзе  мяне, ці цябе, ці зноў будзем па адным.

Надыдзе пасьлябудучыня.

У мяне няма  мінулага, ёсьць толькі ты – маё цяперака. Галава па вушы занятая  табою ды думкамі, надакучлівымі, настойлівымі, цяжкімі.

Цісьне ў скронях. Цягне на ваніты. Зьнепрытомнець. ЗВар’яцець. Памерці.

Жыцьцё як гульня ў шахматы супраць самога сябе. Цікава, хто каму паставіць мат.

Штоночы тварам у падушку, адчуваць за плячыма вусьцішнасьць пасьлябудучыні.

Усё пройдзе й нашая сёньняшняя пасьлябудучыня зробіцца пасьлягісторыяй.

                                                                                                             Бася.

 

Гэтаму Месту пад тысячу год. Фантастыка. Хто б падумаў. Места безь гісторыі. Паселішча аседлых намадаў. Якую ўжо сотню год кожная новая генэрацыя нішчыць ды адбудоўвае яго на свой лад, толькі дзеля таго, каб наступная генэрацыя перабудавала ўсё нанова. Тут нішто ня вартае таго, каб застацца. Тут ніхто не адчувае сябе сваім. Места – я не жыву тут, тут я сплю час ад часу.

Люблін – гэта Места, у якім мне хацелася б жыць, дзе я мог бы жыць. Але Люблін – ня Места. Гэта як каханьне – мне блага безь цябе, але як спаткаемся – дык робіцца яшчэ горай.

Страшна патрапляць у тыя месты, дзе жывуць ня тыя людзі, што іх будавалі. Адчуваньне таго, што ты патрапіў на мейсца вялікай трагедыі. Тыя ж сьцены, той самы брук, па якім ходзяць іншыя людзі, чужыя гэтаму месту. У Месьце не засталося нават бруку.

 Іду па вуліцы. Ледзь памятаю, але даўней, у дзяцінстве тут быў брук, апошні брук места. Борис Савинков ішоў у гатэль “Европа”. Сэрґіюш Пясэцкі кагосьці чакаў на рагу. Мікалай Галадзед разьбіваў галаву. Сяргея Прытыцкага сустракалі на вакзале.  Тут калісьці было дванаццаць касьцёлаў.  Каб конка ўзьнялася на гару, да яе прыпрагалі яшчэ пару коней. Хлопчыкі прадавалі на Траецкім рынку ваду са Сьвіслачы піць. Як узрывалі сабор, на шыбы наклейвалі крыжы з папяровых істужак.

 Места, што прымушае мяне хварэць. Места, дзе мне не хапае паветра, дзе сьцены хаваюць неба. Старый, но вечно молодой город. Такімі могуць быць толькі вампіры. Роднае Места. Чужое Места. Разбурыць Менск.

 

Фарбую ў чорнае прабабчын крыж. Пад гэтымі хвоямі мая Радзіма.

 

Дзед – адзіная мая сувязь з тым, што не адбылося. Ён бачыў тую краіну, якая магла звацца Беларусь. Першы ягоны ўспамін – ён танчыць на далоні казака, што ішоў на першую Вайну. Ён вырас у хаце зь земляною падлогаю. Дзедава бабка жыла за прыгонам. Ці мажліва ўявіць такое? Містыка. Няўжо гэта ўсё сапраўды было?

Я зайздрошчу яму, у іх было такое доўгае жыцьцё, столькі ўсяго пасьпела зьмяніцца за іхны час. Ці будзе сьвет нашых унукаў вельмі адрозьнівацца ад нашага сьвету? Сумняюся. Сумна. Што мы перадамо ім? Ці будзе нам пра што паразмаўляць, ці будзем мы разумець адзін аднога? Кожны жыве сваё ўласнае жыцьцё. Да нас не было нікога. Пасьля нас нікога ня будзе.

 

Дзед памёр. Але яшчэ доўга былі чутныя крокі ў пустым пакоі, варочаньне на ложку, цяжкія ўздыхі, запальвалася сьвятло, адчынялася фортка. А потым усе прызвычаіліся да гэтага й перасталі заўважаць.

Сыходжу з дому – разьвітваюся зь ім. Вяртаюся – вітаюся. Цяпер мой дом ніколі не застаецца пустым.

Ёсьць ужо каму замовіць за мяне слоўца на тым сьвеце.

Нядаўна ён мне прысьніўся. Сядзеў на вакне ў сваім пакоі  ды ўсьміхаўся. А мне зрабілася так страшна.

   

Мой брат быў тым, хто падносіў люстэрка да дзедавых вуснаў. Мяне не было там.

 

Недзе было напісана, ці гэта такія мае ілжэўспаміны, што даўней, у некаторых сем’ях, калі старэйшы сын паміраў немаўлём, дык наступнага сына называлі тым жа самым імем, каб ён пражыў жыцьцё за сябе й за брата. Быццам нешта падобнае адбылося з Александром Сергеевичем Пушкиным.

А ў нас з братам атрымалася наадварот. Нас двое з аднолькавымі імёнамі. Мы – звышчалавек, пасьлячалавек, падзелены на дзьве часткі.

Беларусь. Бе-ла-русь. Белая Русь (б. Імя Жданава) – калгас у Пухавіцкім раёне. Тры разы на дзень сюды ходзяць зь Менску аўтобусы. Адсюль наш род.

Мне мроіцца нейкая змова, што адбылася год сто сорак таму. Змова, бо інакш для сябе я ніяк не магу растлумачыць усяго таго, што адбылося пасьля за ўсе гэтыя гады. Змова, у выніку якой нам накінулі цяперашнюю нашую назву. Наагул, цікава было б калі-небудзь прачытаць пра ролю разнастайных спэцслужбаў у нашым нацыянальным жыцьці. Што з таго, што мы зараз маем у сваім культурным каноне, – сваё, уласнае, а што было нам накінутае, падсунутае, чужое? Хто быў чыім агентам? Хто на каго працаваў?

Ніякай змовы не было. Проста так лягчэй думаць.

Тыя, першыя нашыя дзеячы, хацелі зрабіць тутэйшых Беларусамі. Што атрымалася з тых іхных намаганьняў? Тутэйшыя так і засталіся тымі ж Тутэйшымі, хіба што толькі назву зьмянілі. Завуцца цяпер – Беларусы.

“Пашчасьціла” – ня сталі Палякамі. “Пашчасьціла” – ня сталі Расейцамі. “Пашчасьціла” – сталі Беларусамі. Быць Беларусам – мець самаадчуваньне, падобнае да быцьця гомасэксуаліста, вычварэнца, змоўшчыка. Ты мусіш прыхоўваць ад людзей сваю сутнасьць, бо яна выклікае ў іх непрыгожыя пачуцьці.

У мяне Беларускасьць ня выклікала ніякіх пачуцьцяў. Ці можа муляж выклікаць нейкія пачуцьці? Падробка, якую нават паленаваліся зрабіць падобнай на сапраўдную. Імітацыя. Дыямэнты са шкла ад бутэлек. ЗАО “Стары Менск”. Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Пляц Незалежнасьці. Напісаць “Краіна”, “Нацыя”, “Мова” – на сьцяну ў рамкі, раз на год выціраць пыл. Беларускае = Фальшывае, Пустое, Безгустоўнае, Састарэлае, Непатрэбнае. Спажывай Беларускае. Слухай Сваё. Адно танныя дэкарацыі. Беларусь – зь вялікай Б, як Батлейка. Не, Беларусь – зь вялікай Б, як Балаган. Традыцыйнасьць Беларускага. Рытуалы, непатрэбныя забытым мёртвым багам.

Толькі праз гады зрабілася зразумелым, што насамрэч ёсьць іншая Беларусь. Тая, якая ня стала. Тая, што не адбылася. Заўважыць яе сьляды. Удыхаць цёплы салодкі яе пах. Жывая Беларусь. Белая панна. Каб быць жывымі, мы мусім быць сапраўднымі, якаснымі, функцыянальнымі. Інакш – ня будзе. Нас ня будзе. Будзе Бяз нас.

Я – беларус, я ганаруся, што маю гэтае імя... Праз пару год, перад той самаю дошкаю дэклямаваць: Біце ў сэрцы іх... З гэтага ўсё ўмяне пачыналася. Сьмешна, прыкра, сумна. Мне зараз так не хапае тых пачуцьцяў. Упёртае веры ў тое, у што не магу больш верыць. А ці магу я наагул верыць? Пэўна – магу й веру, але ня верыцца. Баюся верыць. Ці могуць тыя, каму было пятнаццаць у дзевяноста першым, верыць у гэта пасьля два нулі першага? А каму было не пятнаццаць? Па жыцьці ўсё патрапляеш на фальшыўкі, пачынаеш сумнявацца ва ўласнай сапраўднасьці.

Зрабі свабоднай і шчасьлівай... – ну зусім як  ...разам шукалі да шчасьця дарог... Чаму мы такія нешчасьлівыя? У шчасьлівай краіне жывуць шчасьлівыя людзі. З асабістага шчасьця складаецца шчасьце нацыянальнае. Ненавіджу нешчасьлівых.

Беларуская мова – мова, на якой размаўляюць беларусы. А тое, на чым мы часам размаўляем паміж сабою, нават ня ведаю, як назваць гэтую гаворку. На ёй пачынаеш размаўляць ужо ў сьвядомым узросьце, недзе за пару год перад сканчэньнем школы. А да таго ты чуеш яе толькі ад упёртых настаўнікаў і на дзіўным тэлебачаньні, якое ніхто не глядзіць. Нават у бабулі ў сяле размаўляюць зусім не на ёй. Мёртвая мова. Яна даўно памерла. Усе ведаюць гэта, але пра гэта неяк не прынята ў нас казаць. Беражыце, каб ня ўмерла... Умерла, ці не, слухай – яшчэ жывая. Увесь час у коме, як памятаю.

“Родная мова”. Чужая мова. Не на ёй сьпявала маці над тваёй калыскаю. У цябе ад самага пачатку былі складанасьці з пабытовай лексыкай. Колькі памылак было зроблена падчас напісаньня гэтага тэксту? Колькі словаў ты ведаеш зараз, ці можаш ёю вольна карыстацца, чаму слоўнікі на тваёй паліцы такія зашмальцаваныя? Ты вучыў яе па кніжках. Замежная мова ўнутранага карыстаньня. Толькі на ёй можаш выказаць свае пачуцьці. Але слоў усё адно не хапае. Адчуваньне ўласнае нематы.

Беларуская культурная гісторыя заўсёды была гісторыяй экспансіі роднага сяла на чужое места. Чым скончылася тая экспансія? Зьнякроўленае сяло ды асыміляванае места. Зьнякроўленае места ды асіміляванае сяло. Пірава перамога ці татальная параза? У Беларусаў зь сялянства ўтварыліся ўсе іншыя клясы, такое недаграмадзтва, адно сымуляцыя. Шмат з таго, што мы лічым за нацыянальныя рысы, ёсьць ня больш чым атрыбутамі сялянскага мысьленьня. Сяляне паўсюль аднолькавыя. Мы пазбаўляемся гэтай сялянскасьці, разам зь ёю мы пазбаўляемся фальшывай Беларускасьці. Робімся хіба больш сапраўднымі, робімся іншымі.

Беларускі праект вычарпаўся, закончыўся, недацягнуўшы нават да ста пяцідзесяці, таксама як даўней закончыўся крывіцкі праект, як пасьля закончыўся праект ліцьвінскі.

Мяне ўжо ня цешыць мая беларусафобія. Яна мне баліць.

Беларусь ня мае будучыні. Ад нас пойдуць Пасьлябеларусы. Урбаністычная этнасубкультура. Прагматычныя рамантыкі.

Ці застанецца тут хто жывы, калі ўсе мёртвыя разыйдуцца па сваіх дамавінах?

 

Увесь час думаю пра цябе. Ня ведаю, што з табою рабіць і што з гэтага атрымаецца. Я ня ведаю адказаў. Проста не  магу ня думаць. Гэта як хвароба. Калі галаву няма чым заняць, дык ты займаеш у ёй усё месца. Цяжка думаць адны й тыя ж думкі, гэта робіць цябе пустым.

Залежнасьць. Паўторы. Стомленасьць. Думалася – перачакаю, а яно не праходзіць. Хочацца інтымнасьці, даверу ў дачыненьнях з уласнай асобаю. Баюся сыходзіць, бо баюся не вярнуцца. Прайграеш у любым выпадку. Пасьлягісторыя. Самадэрэалізацыя. Падвоенасьць.

 

Любоў. Здольнасьць прабачаць. Каханьне. Знайсьці месца для іншага ў сваім эгаізьме. Калі ты робісься малым для самога сябе.