Зьбігнеў Гэрбэрт

 

Пан Когіта і чыстая думка

 

Пан Когіта імкнецца

дасягнуць чыстае думкі

хоць перад сном

 

але ўжо самое памкненьне

нясе зародак паразы

 

і як толькі даходзіць

да стану калі думка як вада

вялікая ды чыстая вада

пры безуважным беразе

 

вада раптам моршчыцца

і хвалі прыносяць

пустыя бляшанкі

ламачча

пасмы чыіхсь валасоў

 

Пан Когіта праўду кажучы

крыху ў гэтым вінны

ня мог адарваць

нутранога вока

ад паштовае скрыні

 

у ноздрах меў пахі мора

цыкады казыталі вуха

пад рэбрамі адчуваў пальцы адсутнай

 

быў такі самы як іншыя

утульныя думкі

скура рукі на падлакотніку крэсла

рубцы ад чуласьці

         на шчацэ

калісьці

калісьці потым

калі астыне

дасягне стану саторы

 

і будзе як вучаць настаўнікі

пусты

і варты зьдзіўленьня

 

 

Пан Когіта і пэрліна

 

     Прыгадвае часам Пан Когіта, не без хваляваньня, сваё юнацкае памкненьне ў дасканаласьць, тое маладое per aspera ad astra. І вось аднойчы, калі Пан Когіта сьпяшаўся на лекцыі, патрапіў у ягоны чаравік малы каменьчык. І як на ліха разьмясьціўся паміж шкарпэткай і скурай. Розум падказваў пазбыцца нязванага госьця, але прынцып amor fati – наадварот, трываць яго. Ён выбраў другое, гераічнае рашэньне.

     Сьпярша гэта нічым не пагражала, папросту назаляла й нічога болей, але празь які час у полі сьвядомасьці ўзьнікла пята, і гэта тады, калі малады Когіта крочыў сьледам за думкай прафэсара, які разважаў пра панятак ідэі ў Плятона. Пята расла, распухала, пульсавала, з бледна ружовай рабілася пурпуроваю, бы сонца на захадзе, і з галавы выцясьняла ня толькі ідэю Плятона, але й усе іншыя ідэі.

     Увечары, перш чым класьціся спаць, ён высыпаў са шкарпэткі чужароднае цела. Гэта было малое, халоднае, жоўтае зернейка пяску. Пята ж наадварот была вялікай, гарачай і цёмнай ад болю.

 

 

Бездань пана Когіта

 

Дома заўжды бясьпечна

 

але ўжо за парогам

калі ўранку Пан Когіта

выходзіць на шпацыр

ён сустракае – бездань

 

гэта ня бездань Паскаля

гэта ня бездань Дастаеўскага

гэта бездань

па мерцы Пана Когіта

 

бяздонныя дні

што абуджаюць вусьціш

 

ідзе за ім сьледам як цень

прыпыняецца ля пякарні

праз плячо Пана Когіта ў парку

чытае зь ім разам газэту

 

неадчэпная як экзэма

верная як сабака

надта плыткая каб паглынуць

галаву рукі і ногі

 

мабыць некалі

бездань вырасьце

бездань дасьпее

і стане сур’ёзнай

 

каб толькі ведаць

якую ваду яна п’е

якім карміць яе зернем

 

цяпер

Пан Когіта

мог бы ўзяць

колькі жменяў пяску

і засыпаць яе

але так ня робіць

 

вось жа

калі прыходзіць дадому

пакідае бездань

за парогам

старанна прыкрываючы

кавалкам старое матэрыі

 

Пан Когіта разважае пра пакуту

 

Усе спробы аддаліць

так званы келіх гаркоты

праз роздумы

апантанае ратаваньне бяздомных катоў

дыханьне на поўныя грудзі

рэлігію –

падманулі

 

трэба зьмірыцца

лагодна схіліць галаву

не заломваць рук

карыстацца пакутю асьцярожна

як пратэзам

без фальшывага сораму

але й бяз пыхі

 

не размахваць куксаю

над галовамі іншых

ня грукаць белым посахам

у вокны сытых

 

піць настой горкіх зёлак

але не да дна

абачліва пакідаць

колькі глыткоў

на заўтра

 

прыняць пакуту

але адначасна

аддзяліць ад сябе

і калі магчыма

стварыць зь яе матэрыі

рэч ці асобу

гуляцца

зь ёй

вядома ж

гуляцца

 

бавіцца зь ёй

асьцярожна

як з хворым дзіцём

у рэшце рэшт выклікаючы

глупымі жартамі

кволую ўсьмешку

 

 

 

Стары Прамэтэй

 

Піша мэмуары. Cпрабуе ў іх вызначыць месца героя ў сыстэме неабходнасьці й прымірыць супрацьлеглыя паняткі лёсу й быцьця.

Агонь весела палымнее ў камінку, на кухні завіхаецца жонка – экзальтаваная дзяўчына, якая не магла нарадзіць яму сына, але суцяшае сябе тым, што й так застанецца ў гісторыі. Падрыхтоўка да вячэры, на якую чакаюць мясцовага пробашча й аптэкара найбліжэйшага цяпер Прамэтэевага сябра.

Агонь палымнее ў камінку. На сьцяне арліная галава й ліст падзякі ад каўкаскага тырана, якому дзякуючы Прамэтэеваму вынаходніцтву ўдалося спаліць непакорны горад.

Прамэтэй ціха сьмяецца. Цяпер сваё непрыманьне сьвету ён выяўляе толькі так.

 

 

Пакінуты

 

1.

 

Спазьніўся

на апошні транспарт

 

застаўся ў горадзе

які ня ёсьць горадам

 

без ранішніх навінаў

безь вячэрніх газэтаў

 

няма

вязьніцаў

гадзіньнікаў

вады

 

марную напоўніцу час

па-за часам

 

падоўгу блукаю

прысадамі спалёных дамоў

 

прысадамі цукру

пабітага шкла

рысу

 

мог бы напісаць трактат

пра тое як жыцьцё раптам

стаецца археалёгіяй

 

2.

 

вялікая цішыня

артылерыя ў прадмесьцях

падавілася ўласнай мужнасьцю

часам

толькі чуваць

як абрынваюцца муры

і зь лёгкім грукатам

у паветры зрынаецца бляха

 

вялікая цішыня

перад ноччу драпежнікаў

 

час ад часу

ў небе зьяўляецца

абсурдны самалёт

 

раскідае ўлёткі

заклікі здацца

 

ахвотна бы здаўся

але няма каму

 

3.

 

цяпер пражываю

ў найлепшым гатэлі

 

забіты парцье

працуе на тым жа месцы

з узгорку руінаў

трапляю наўпрост

на другі паверх

да пакояў

былое каханкі

былога шэфа паліцыі

 

сплю на ложку з газэтаў

накрываюся плякатам

які прадказвае апошнюю перамогу

 

ў бары засталіся

лекі ад самоты

 

бутэлькі з жоўтай вадкасьцю

з сымбалічнай наклейкай

 

– Джоні

прыпадымаючы капялюш

хутка выяжджаю на Захад

 

ні на каго не крыўдую за тое

што мяне пакінулі

 

мне не хапіла

шчасьця

і правай рукі

 

лямпачка

на столі

нагадвае перакулены чэрап

 

чакаю пераможцаў

 

пью за палеглых

пью за дэзэртыраў

 

пазбыўся

кепскіх думак

 

пакінула мяне нават

прадчуваньне сьмерці

 

 

 

 

Да Рышарда Крыніцкага – ліст

 

Нямногія застануцца Рышардзе напраўду нямногія

з паэзіі гэтых шалёных ста год напэўна Рыльке Эліёт

колькі іншых дастойных шаманаў што ведалі таямніцу

заклёнаў словаў формы ўстойлівай перад часам без чаго

няма фразы вартай памяці а мова нібы пясок

 

нашыя школьныя сшыткі шчыра паўжываныя

будуць сьлядамі поту сьлёз крыві

для карэктаркі вечнай як тэкст песьні бяз нотаў

шляхетна правільны надта відавочны

 

залёгка мы паверылі што прыгажосьць не ратуе

вядзе легкадумных ад сну да сну на сьмерць

ніхто з нас ня здолеў абудзіць тапалёвай дрыяды

расчытаць пісьмо хмараў

таму па сьлядах нашых ня пройдзе адзінарог

не ўваскрасім карабель у затоцы паўліна ружу

нам засталася аголенасьць так і стаім голыя

з правага лепшага боку трыптыху

Страшны Суд

 

на кволыя плечы мы ўсклалі грамадзкія справы

змаганьне з тыраніяй маною натаваньне пакутаў

але ж ворагаў – пагадзіся – мелі нікчэмна малых

дык ці варта зводзіць сьвятую мову

да мармытаньня з трыбуны да чорнай пены газэтаў

 

так мала радасьці – дочкі багоў у нашых вершах Рышардзе

замала сьветлых зьмярканьняў люстэркаў вянцоў натхненьня

нічога адно дрыжлівай animula цёмныя псальмы

урны попелу ў спаленым садзе

 

          якой моцы трэба каб насуперак лёсам

          прысудам справаў людзкое аблуды

          у садзе аліўным здрады шаптаць – о ціхая ноч

 

          якой моцы духу трэба каб выкрасаць

          б’ючы аб адчай адчаем навосьлеп

          іскрынкі сьвятла лёзунгі паяднаньня

 

          каб вечна доўжыўся карагод на густой траве

          каб асьвячалася нараджэньне дзіцяці і кожны пачатак

          дары паветра зямлі і агня і вады

 

я ня ведаю гэтага – мой Дарагі – таму

дасылаю табе ўночы гэтыя загадкі соваў

сардэчныя абдымкі

                              паклон майго ценю

 

 

Пераклад з польскай Тацяны Сьлінкі