Шымас Гіні

Услава паэзіі

Нобэлеўская лекцыя

(7 сьнежня 1995 г.)

 

Калі я ўпершыню сустрэў назву “Стакгольм”, дык ня мог нават думаць, што калі-небудзь наведаю гэты горад, а тым больш буду запрошаны туды ў якасьці госьця Швэдзкай Акадэміі й Фундацыі Но- бэля. У час, які я прыгадваю, на нешта падобнае ня толькі нельга было разьлічваць – гэта проста нельга было ўявіць. У саракавыя гады нашая вялікая сям’я (я быў старэйшым сынам) тулілася ў трох пакоях традыцыйнага крытага саломаю фэрмэрскага дамка, што месьціўся сярод вясковых абшараў графства Дэры. Гэта было свайго кшталту пустэльніцкае жыцьцё – глыбокае, чуйнае, фізычнае існаваньне – ка- лі й сэрца, і розум аддзеленыя ад зьнешняга сьвету амаль неадоль- ным мурам. Уздыхі коняў у стайні, чутныя празь сьцяну, зьмешваліся ў нашай спачывальні з гаворкаю дарослых, якая даносілася з кухні за іншаю сьцяною. Вядома, мы ўбіралі ў сябе ўсё, што адбывалася  навокал: шамаценьне дажджу ў дрэвах, шоргат мышаў на гарышчы, бразгат цягніка на чыгунцы праз поле за хатаю. Але ўсё гэта мы ўспрымалі нібыта ў здранцьвеньні зімовага сну. А-гістарычныя, да-сэксуальныя, запыненыя недзе паміж архаікай і сучаснасьцю, мы былі настолькі ж чуйныя й успрымальныя, як пітная вада ў вядры на кухні. Кожны раз, калі зямля пачынала дрыжэць ад набліжэньня цягніка, водная роўнядзь абуджалася й – у абсалютнай цішыні – па ёй беглі зіхоткія колцы.

Але для нас дрыжэла ня толькі зямля: паветра з усіх бакоў так- сама было жывое й дзейнае. Ад ветру, які гайдаў галіны букаў, па- гойдвацца ў паветры пачынаў і прымацаваны да верхавіны каштана дрот антэны. Ён цягнуўся ўніз і праз адтуліну ў кухонным вакне па- трапляў наўпрост у мэханічнае нутро нашага радыёпрыймача. Сярод пачварнай балбатні й віскаў раптоўна ўзьнікаў, нібыта deus ex machina, выразны голас радыёкамэнтатара BBC. І гэты голас, ня- гледзячы на размовы дарослых у кухні, таксама далятаў да нашае  спачывальні. Роўна як, насуперак усім іншым галасам, да нас часта даносіліся пранізьлівыя, утрапёныя сыгналы марзянкі.

Мы маглі разабраць, як нашыя бацькі зь мясцовым акцэнтам прамаўляюць імёны суседзяў, а радыёкамэнтатар, ужо на бездакор- най ангельскай, пералічае імёны вайсковых лётчыкаў, назвы бамба- ваных гарадоў, ваенных франтоў і армейскіх дывізіяў, распавядае пра вынікі наступальных апэрацыяў, памеры стратаў у жывой сіле ды  тэхніцы. І, натуральна, мы заўсёды маглі ўхапіць і іншыя, нейкія ўра- чыстыя й нацягнута бадзёрыя словы: “вораг”, “хаўрусьнікі”.

Аднак аніводная з гэтых вестак пра сутаргі, у якіх скаланаўся сьвет, чамусьці не закранала мяне сваёй жудасьцю. Злавеснасьць у інтанацыях дыктараў перакрывалася нейкаю здранцьвеласьцю ва ўспрыманьні намі таго, што было пастаўленае на кон. Падобная па- літычная недасьведчанасьць, магчыма, вартая ў той час і ў тых аб- ставінах асуджэньня, акуплялася адчуваньнем абароненасьці, у якім я жыў.

Іншымі словамі, вайна была для мяне да-рэфлексіўным часам. І да-пісьменным таксама. А таму й да-гістарычным. Пазьней, калі мі- нулі гады й я стаў слухаць больш мэтанакіравана, дык узьбіраўся на падлоктавік нашае вялікае канапы й уладкоўваўся ля самага прыйма- ча. Але й цяпер мяне цікавілі не навіны. Я прагнуў захапляльных гіс- торыяў кшталту дэтэктыўнага сэрыялу пра брытанскага спэцагента Дыка Бартана альбо хаця б радыёвэрсіі аповедаў капітана Джонса пра паветранага аса, што выклікалі сьмешачкі. Цяпер, калі іншыя дзеці падрасьлі й у кухні ўвесь час нешта адбывалася, мне даводзілася бліжэй прыціскацца да радыёпрыймача й сканцэнтроўваць сваю  ўвагу. Так, засяроджана схіліўшыся над транзыстарам, я асвойтаўся з назвамі замежных станцыяў, уведаў пра Ляйпцыг ды Осла, Штутгарт ды Варшаву і, натуральна, Стакгольм.

Настройваючы прыймач на ВВС або Радыё Ірляндыі, на інтана- цыі Лёндана або Дубліна, я прызвычаіўся чуць, як у плынь гукаў  урывалася – на колькі імгненьняў – замежная гаворка. І хаця пры першым знаёмстве з гартаннымі й шыпячымі ў мовах Эўропы я яшчэ не разумеў сэнсу словаў, ужо тады распачалася мая вандроўка ў неабсяжны вонкавы сьвет. Яна, у сваю чаргу, сталася вандроўкаю ў неабсяжнасьць мовы, вандроўкаю, дзе кожны прыпынак – ці то ў паэзіі, ці то ў жыцьці – робіцца ня месцам прызначэньня, а толькі чарговаю прыступкаю. І акурат гэтая вандроўка прывяла мяне сёньня на маё пачэснае месца. Увогуле тутэйшая сцэна падаецца мне  хутчэй касьмічнаю станцыяй, а ня проста прыступкаю. Менавіта таму – у якасьці выключэньня – я дазваляю сабе раскошу вольна плысьці ў бязважкасьці.

 

*

Я ўслаўляю паэзію, бо менавіта яна адкрыла для мяне гэты касьмічны шлях. Я ўслаўляю яе перадусім за тое, што нядаўна напі- саны мною радок навучае мяне (а таксама ўсіх, каму надарыцца па- чуць яго) “плысьці ў бязважкасьці насуперак сталым развагам”. І, у рэшце рэшт, я ўслаўляю яе, бо паэзія стварае лад настолькі праўдзівы ва ўспрыманьні зрухаў зьнешняй рэчаіснасьці й настолькі чуйны да ўнутраных законаў паэтавай істоты, як тыя зіхоткія колцы, што ра- зыходзіліся ў розныя бакі па вадзе пяцьдзясят гадоў таму. Лад, дзе мы здольныя, нарэшце, дагадавацца да таго, што назапашвалася ў нас,  пакуль расьлі. Лад, які спаталяе й прагны розум, і праніклівыя пачуцьці. Іншымі словамі, я ўслаўляю паэзію за тое, што яна, застаючыся самою сабою, імкнецца падтрымаць цябе. Дзякуючы паэзіі  магчымая трапяткая й ацаляльная сувязь паміж цэнтрам і пэрыфэрыяй сьвядомасьці, паміж хлопчыкам, які з павагаю ўзіраецца ў надпіс “Стакгольм” на панэлі радыёпрыймача, і мужчынам, у твар якога з павагаю ўзіраюцца людзі, напатканыя ім у Стакгольме ў гэты ўрачысты момант. Я ўслаўляю паэзію, бо яна вартая ўславы – у наш час і ва ўсе часы – за яе жыцьцёвую праўднасьць, у поўным сэнсе такога выразу.

 

*
                Ад самага пачатку я атаясамліваў жыцьцёвую праўднасьць з дакладнасьцю паэтычнага адлюстраваньня, і найболей цешыўся, калі верш наўпрост выяўляў сьвет, якому ён заступнічаў, за які заступаў- ся, або ад чыйго наступу абараняўся. Яшчэ школьнікам я ўпадабаў оду Джона Кітса “Восені” зь яе запаветнаю зьнітаванасьцю мовы й чуваньня. Падлеткам любіў Джэрарда Мэйнлі Гопкінса – за напру- жанасьць воклічаў, у якіх увасабляліся й радасьць, і боль (толькі чы- таючы яго я зразумеў, што ўжо пасьпеў зьведаць і тое, і другое). Я любіў Робэрта Фроста, дый Чосэра таксама, за фэрмэрскую дбай- насьць і хітраватую прыземленасьць. Пазьней іншы кшталт такое дбайнасьці, духовай прыземленасьці (яны заўжды глыбока краналі й
будуць кранаць мяне) я знайшоў у ваеннай паэзіі Ўілфрэда Оўэна, паэзіі, дзе новазапаветная чуйнасьць сутыкаецца з барбарствам но- вага стагодзьдзя й прымае на сябе ягоны ўдар. І яшчэ пазьней, у сты- лёвай выразнасьці Элізабэт Бішэп, у неверагоднай упартасьці Робэр- та Лаўвэла й непрыхаваным супраціве Патрыка Каванха я ўбачыў новыя падставы верыць у здольнасьць – і абавязак – паэзіі распавя- даць пра падзеі ў сьвеце, “шкадаваць плянэту”, “не займацца паэты- заваньнем”.

Гэткая схільнасьць да праўдзівага мастацтва, што выяўляе рэчы як яны ёсьць, была прадвызначаная маім нараджэньнем і выхаваньнем у Паўночнай Ірляндыі – мясьціне, якою я жыву нават цяпер,  чвэрць стагодзьдзя правёўшы па-за яе межамі. Аніхто ў сьвеце так, як ірляндцы, не ганарыцца сваёю пільнасьцю й рэалізмам, аніхто ня лічыць сябе больш дасьведчаным у ганьбаваньні рытарычнае квяцістасьці ці неўтаймаваных памкненьняў. Я ўзрастаў на падобных поглядах, але пры гэтым і ўзрошчваў ахоўную абалонку ад іх, а таму доўгі час на-паў пазьбягаў і напаў супрацьстаяў красамоўству й шматстайнасьці такіх адрозных паміж сабою паэтаў, як Ўолас Стывэнз і Райнэр-Марыя Рыльке; я недастаткова давяраў празрыстай заглыбленасьці Эмілі Дыкенсан – усім гэтым разгалінаваным маланкам і разломам асацыяцыяў; я  ня мог спасьцігнуць дзівосную вобразнасьць Эліёта. Такія ў пэўнай ступені “скнарлівыя” погляды мацаваліся на адмове даць паэту хаця б крыху большую вольнасьць, чым звычайнаму грамадзяніну. Зь іншага боку, іх вымагала неабходнасьць трымацца паэтам у сытуацыі бясконцых палітычных сутыкненьняў і адрозных грамадзкіх чаканьняў. Грамадзкіх чаканьняў, заўважце, не паэзіі як такой, а палітычнай пазыцыі, хоць у нейкай ступені прымальнай для ўзаемна непрымальных груповак.

У такіх варунках розум прагне знайсьці прыстанак (як з бліску- чай упэўненасьцю акрэсьліў Самуэл Джонсан) у “трываласьці праў- ды” – нават калі для яго відавочная дэстабілізавальная прырода яго- ных уласных дзеяньняў і запатрабаваньняў. І без тэарэтычнае пад- рыхтоўкі можна хутка зразумець, што твая сьвядомасьць – месца су- тыкненьня несумяшчальных дыскурсаў. Дзіця ў спачывальні, якое ўслухоўваецца адначасова ў звычаёвае маўленьне свайго ірляндзкага дому й у афіцыйнае маўленьне брытанскага радыё, міжволі адчувае прыхаваны паміж імі злавесны разлад. Так гэтае дзіця пачынае рыхтавацца да складанасьцяў дарослага жыцьця, да будучыні, у якой яму давядзецца заўсёды рабіць свой выбар паміж самымі рознымі этычнымі, маральнымі, палітычнымі, мэтрычнымі, скептычнымі, культурнымі, надзённымі, будзённымі, посткаляніяльнымі – а разам проста немагчымымі – уплывамі. Нешта падобнае я перажываў у  сярэдзіне сямідзесятых гадоў, калі апынуўся разам са сваёй маладою сям’ёю ў іншым маленькім дамку, гэтым разам у графстве Ўіклаў на поўдзень ад Дубліну. Крыху менш імпазантны радыёпрыймач, знаё- мае шамаценьне дажджу ў дрэвах і навіны пра выбухі – цяпер, праў- да, зусім побач з домам. Чыніліся яны ня толькі прыхільнікамі IRA ў Бэлфасьце: ня менш жорсткія акцыі праводзілі ў Дубліне ўзброеныя ляялісты з поўначы. Я чытаў пра трагічны лёс Восіпа Мандэльштама ў трыццатыя гады й адчуваў усю няпэўнасьць і мізэрнасьць свайго становішча. Калі я, напрыклад, даведваўся, што мой школьны сябрук, найдабрэйшай душы чалавек, арыштаваны без суда, бо падазраецца ў палітычным забойстве, дык унутрана разумеў: ня можна заставацца ўбаку – і ўсё ж такі нязьменна трымаўся свайго цывільнага статусу. Я прагнуў не трываласьці, а, хутчэй, дзейснага ратунку ад дрыгвы рэлятывізму – магчымасьці ўслаўляць паэзію бяз боязі ды  выбачэньняў. У вершы “Адкрыцьцё” я пісаў тады:

 

Калі б я мог узысьці на мэтэарыт!

Але замест’ гэтага я блукаю па апалым лісьці –

Няспраўджаных марах восені

 

І  ўяўляю сабе героя –

Сярод нейкага бруду.

Ягоны талент – нібыта ганчарнае кола –

Круціцца для зьнявераных.

 

Як можна было дайсьці да гэтага?

Колькі разоў я разважаў пра бліскучыя,

Яркія парады маіх сяброў

І жорнавы-думкі маіх ненавісьнікаў,

 

Я ўзважваў ды ўзважваў

Сваю адказную трыстыю.

Дзеля чаго? Дзеля будучыні? Дзеля людзей?

        Дзеля выказанага за сьпіною?

 

Дождж крапае са старых вольхаў.

Ягоныя ціхуткія, лагодныя гукі

Нагадваюць пра расчараваньні й разбурэньні,

Але ўсё ж такі кожная кропля

 

Ўваскрашае дыямэнтавы абсалют.

Я ніколі ня быў у вязьніцы, але й  не даносіў.

Я – унутраны эмігрант, доўгавалосы дзівак

І думаньнік. Я – лясны змагар,

 

Што пазьбег вынішчэньня

І  прымае ахоўныя колеры

Гліны й  кары. Я  адчуваю

Кожны подых ветру;

 

Разьдзьмуваючы гэты прысак

(Ды якое яго цяпло!), я не заўважыў

Азнаку, што даецца толькі аднойчы:

Камэта пачала пульсаваць.2 

 

(зборнік “Поўнач”)

 

У адным выдатна вядомым студэнтам майго пакаленьня вер- шы, дзе сымбалісцкія ідэі, так бы мовіць, уцелясьняюцца й робяцца даступнымі ў сьціслай форме, амэрыканскі паэт Арчыбальд МакЛэйш сьцьвярджае: “Верш павінен быць роўным – ня праўдным”. Спрабаваць давесьці, што паэзія здольная раскрываць праўду, але раскрываць ускосна, – дзёрзкасьць, адначасова неаспрэчная й выра- тавальная. Але бываюць часы, калі нам патрабуецца большае, калі верш мусіць быць ня проста ненавязьліва праўдным, але й непера- адольна мудрым, ды ў ім, апроч нечаканага погляду на сьвет, павінна ўтрымлівацца й моц ператварыць гэты сьвет. Мы жадаем верша не- чаканага й дзейснага, такога, як нецярплівы ўдар, дзякуючы якому на экран тэлевізара вяртаецца сапсаваная выява, або разрад электрашо- ка, з дапамогаю якога аднаўляецца рытм запыненага сэрца. Мы жа- даем таго, што жадала жанчына ў Ленінградзе часоў сталінскіх рэпрэсіяў: застрашаная, сьсінелая ад холаду, яна, стоячы ў чарзе каля турмы,  шэптам пыталася ў Ганны Ахматавай, ці здольная тая апісаць усё гэта, ці здольнае мастацтва быць роўным гэтаму. Прыкладна такім жа было маё жаданьне, калі ў графстве Ўіклаў, у значна больш бясьпечных абставінах, напісаліся працытаваныя толькі што радкі. Я прагнуў паэзіі, якая б адпавядала майму азначэньню: “лад, праўдзівы ва ўспрыманьні зьнешняй рэчаіснасьці й ... чуйны да ўнутраных законаў паэтавай істоты”.

 

*

На працягу 1968 – 1974 гадоў зьнешняя рэчаіснасьць і ўнутра- ная дынамічнасьць паўночна-ірляндзкіх падзеяў прадказвалі зьмены й, верагодна, зьмены вострыя, аднак галоўнае – зьмены. Для мен- шасьці насельнікаў Паўночнай Ірляндыі гэтыя падзеі й без таго заду- жа запазьніліся. Яны павінны былі прыйсьці раней, нарадзіўшыся з вулічных пратэстаў напрыканцы 60-х, але гэтага не адбылося. І тады зярняткі страху, заўсёды затоеныя ў сэрцах, вельмі хутка далі свае па- расткі. Хрысьціянскія маралісты прымушаныя былі пашкадаваць пра жорсткасьць выбухаў і забойстваў, праведзеных IRA. “Сапраўдныя ірляндцы” ўздрыгвалі ад бязьлітаснасьці брытанскай арміі падчас такіх акцыяў, як Крывавая Нядзеля ў Дэры ў 1972 годзе. Затое прадстаўнікі меншасьці – якраз тыя, што гадаваліся, адчуваючы вечны недавер да сваёй нацыянальнай супольнасьці й дыскрымінацыю яе ўсімі афіцыйнымі й неафіцыйнымі сродкамі, – былі на баку паэтычнае праўды. Яны ўсьведамлялі: дзеля росквіту Паўночнай Ірляндыі неабходныя зьмены. Аднак ім было зразумела таксама – і праўда ізноў была на іхным баку, – што скарыстаныя IRA бесчалавечныя мэтады замест таго, каб набліжаць перамены, хутчэй разбураюць давер, безь якога збудаваць будучыню немагчыма.

Тым ня менш, пакуль на Санінгдэйлскай канфэрэнцыі 1974 года брытанскі ўрад не пагадзіўся з гвалтоўнай тактыкай ольстарскіх ляя- лістаў, аптымісты ўсё ж такі маглі спадзявацца, што існая сытуацыя мае пэўны сэнс, што разбуральнае ўраўнаважыцца стваральным, што будзе магчыма, як гэта паўстагодзьдзя таму ўжо намагаўся зрабіць Ўільям-Батлер Ейц, “спалучыць у адно рэчаіснасьць і справяд- лівасьць”. Аднак на працягу дваццаці гадоў – ад 1974 года й да спы- неньня ваенных дзеяньняў у жніўні 1994  – такая надзея была цалкам неажыцьцяўляльнаю. Жорсткасць “зьнізу” не дала аніякага плёну, апроч жорсткасьці “зьверху” ў адказ. Мара пра справядлівасьць у рэчаіснасьці абарацілася ў бязьлітаснасьць. Людзі чвэрць стагодзьдзя дарэмна спальвалі сваё жыцьцё й душу, чарсьцьвелі сэрцам і  гублялі спадзевы на лепшае. Гэткія былі заканамерныя вынікі палітычнае салідарнасьці, пакутлівых перажываньняў і элемэнтарнага жаданьня абараніць сябе.

 

*

Адна з найбольш апякальных падзеяў ува ўсёй гэтай паўночна-ірляндзкай гісторыі спапяленьня сэрцаў адбылася студзеньскім веча- рам 1976 года. Узброеныя людзі ў масках запынілі на шашы мікрааў- тобус, пад пагрозаю зброі вывелі вонкі й паставілі ў шэраг уздоўж дарогі ўсіх працоўных, што вярталіся ў ім дахаты. Пасьля кат, які хаваў свой твар пад маскаю, загадаў: “Каталікі – крок  наперад”. Але здарылася так, што ў гэтай працоўнай грамадзе ўсе, апроч аднаго, вызнавалі пратэстанцва. Таму ім, натуральна, падумалася: людзі ў масках – пратэстанцкія баявікі-фанатыкі, якія зьбіраюцца “кроўю за кроў” помсьціць іншаверцам. А гэты небарака – нібыта чужынец – быў адзіным, хто, трэба меркаваць, спачуваў IRA й яе акцыям. Для яго, ахопленага жахам, але пастаўленага перад сьведкамі, гэта была жудасная хвіліна. Аднак ён памкнуўся выйсьці наперад. І вось, кажуць, якраз у тую долю сэкунды, калі прымалася гэтае рашэньне, каталік адчуў, як пад покрывам зімовага прыцемку ягоную руку сьціснуў сусед-пратэстант, даючы ведаць: ня трэба, заставайся на месцы, аніхто з нас ня выдасьць цябе, яны не даведаюцца, да якое веры ці партыі ты належыш. Праўда, усё было дарэмна, бо чалавек зрабіў крок. І замест холаду зброі ля скроні, ён раптам адчуў, як яго рэзка штурханулі ўбок. Па тых жа, хто застаўся ў шэрагу, быў адкрыты агонь. Нападнікі аказаліся не тэрарыстамі-пратэстантамі, а, найверагодней, баявікамі зь IRA.

 

*

Часам мне цяжка адкінуць думку, што гісторыя – настаўнік, ня горшы за гіцальню, і што Тацыт меў рацыю, калі назваў мір толькі спусташэньнем, якое застаецца пасьля апошняй сутычкі бязьлітасных сілаў. Памятаю, напрыклад, наколькі ў сямідзясятыя гады я быў агаломшаны ўласнаю думкаю пра сябра, арыштаванага па падаз- рэньні ў палітычным забойстве. Я падумаў: нават калі ён і насамрэч вінаваты, ягонае злачынства, магчыма, усё роўна паспрыяе нара- джэньню будучыні. Разбураючы цесныя межы й шукаючы новыя шляхі, ён скарыстаў адзіны дзейсны – а значыць слушны, хай сабе й гвалтоўны, – сродак. У гэтае імгненьне я нібыта ахунуўся ў касьміч- ны холад – згадаў пра вусьцішную стыхію й унутры, і навокал нас, стыхію ў якой мы, людзі, імкнемся зладзіць свае жыцьці. Але гэта было толькі на імгненьне. Няма сумневу: будучыня, пра якую мы марым, мусіць нарадзіцца з поціску, адчутага застрашаным каталіком, калі да ягонай рукі дакранулася рука пратэстанта, а не з расстрэлу – гэткага неаспрэчнага й разбуральнага, хаця й сугучнага самай сутнасьці тых падзеяў.

Як пісьменьнікаў і чытачоў, як грэшнікаў і законапаслухмяных грамадзянаў, розум і эстэтычная чуйнасьць прымушаюць нас нась- цярожана ставіцца да ўслаўленьня станоўчых матываў. Сам гэты расстрэл загартоўвае нас, а жорсткасьць надае вартасьці намагань- ням, прыкладзеным, каб супрацьстаяць ёй. Нездарма мы трымцім перад зломнаю моцаю паэзіі Паўля Цэляна й захапляемся надрыў-  нымі нотамі ў Самуэля Бэкета. Іхная творчасьць даказвае: паэзія здольная ўзьняцца да рэчаіснасьці й перадаць і надзвычайны лёс Цэ- ляна, ацалелага ў час Галякосту, і някідкі гераізм Бэкета – удзельніка францускага Супраціву. І зусім нездарма ў гэткіх абставінах мы зь недаверам прымаем празьмерныя суцяшэньні. Несуцяшальны дось- вед канца ХХ стагодзьдзя выпрабоўвае на трываласьць шмат што з нашае культурнае спадчыны. Толькі вельмі недалёкія або вельмі га- ротныя людзі могуць сёньня не разумець, што гісторыя запісваецца крывёю й сьлязьмі, якія ня робяцца менш сапраўднымі, нават калі аддаляюцца ў часе й прасторы. Гэткая думка, падмацаваная зьвест- камі пра падзеі ў Ольстары або Ізраілі, у Босьніі або Руандзе ды й шмат яшчэ дзе, бо ірваных ранаў на целе зямлі хапае, ня толькі не схіляе да веры ў закладзены ў чалавеку стваральны патэнцыял, але й у якія-кольвек выразныя праявы станоўчага ў мастацтве.

Менавіта таму на працягу доўгіх гадоў я схіляўся над пісьмо- вым сталом, нібыта манах перад аналоем – прасякнуты адчуваньнем асабістага абавязку, засяроджаны на адзіным памкненьні: прыняць на свае плечы хаця б частку сусьветнага цяжару. Засяроджаны, але разам з тым пэўны ва ўласнай няздатнасьці да гераічных дзеяў ці рашучых учынкаў, роўна як і ў тым, што ўнутраная пакора не дазволіць кінуць няўдалыя спробы й выпрастацца. Разьдзьмуваць прысак – ды якое яго цяпло... Забывацца на веру, напружваць усе сілы дзеля вартасных твораў, пры гэтым недастаткова зважаючы на дыямэнтавы абсалют, найбольш значнае ў якім – самадастатковасьць уяўнага. Аднак у рэшце рэшт – і на шчасьце – я пераадолеў пакорлівасьць ды, насуперак прыгнятальнай сытуацыі на бацькаўшчыне, узьняў галаву. Гэта адбылося некалькі гадоў таму, калі я паспрабаваў знайсьці ў сваіх уяўленьнях ды разьліках месца й для цудоўнага, і для крывавага. Але дзеля таго, каб давесьці ўсю сутнасьць такое зьмены, я яшчэ раз зьвярнуся да падзеяў з гісторыі Ірляндыі.

Гэта будзе расповед пра іншага славутага сваёю цярплівасьцю манаха. Кажуць, аднойчы недзе сярод лясістых, забалочаных земляў Глендалаўскага кляштара (мне зь сям’ёю даводзілася жыць непада- лёк у графстве Ўіклаў, і тутэйшыя мясьціны нават сёньня лічацца ці ня самымі глухімі ў Ірляндыі), укленчыў, раскінуўшы крыжам рукі, сьвяты Кэвін. І вось, пакуль ён стаяў на каленях і засяроджана маліўся, на ягонай выцягнутай руцэ, нібыта на галіне дрэва, зрабіў гняздо й сабраўся вывесьці птушанятаў дрозд. А сьвяты Кэвін, прасякнуты шкадобаю й любасьцю да кожнай істоты – вялікай і малой, стаяў не- рухома з выпрастанаю рукою, стаяў гадзіны, дні, і ночы, і тыдні, па- куль не аперыліся й ня вылецелі з гнязда птушаняты. Стаяў насуперак здароваму сэнсу, аднак у суладзьдзі з жыцьцёваю праўдаю. Стаяў на перакрыжаваньні натуральнага  ходу жыцьця й ідэальных пам- кненьняў – нібыта падказваючы шлях і напамінаючы адначасова. І гэтак цьвердзілася: паэзія стварае лад, дзе мы, нарэшце, здольныя да- расьці да таго, што назапашвалася ў нас, пакуль расьлі.

 

 

*

Як я ўжо адзначыў, паданьне пра сьвятога Кэвіна датычыцца гісторыі Ірляндыі. Аднак я ўпэўнены, што тое ж самае магло адбы- вацца ў Індыі або Афрыцы, у Арктыцы або ў любой з Амэрыкаў. І адсюль зусім не вынікае, што трэба адносіць прыведзены апокрыф да фальклёрнай спадчыны альбо ставіць пад сумнеў ягоную каштоў- насьць, як прыналежнага да пэўнай культуры ў мультыкультурнай прасторы. Наадварот, ён застаецца вартым даверу й вартым пры- маньня менавіта дзякуючы сваёй неадрыўнасьці ад тутэйшае глебы. Натуральна, я выдатна ўяўляю, што сёньня такі расповед не прамі- нуць дэканструяваць, абвясьціўшы прыкладам каляніялізму, і сьвяты Кэвін непазьбежна паўстане ў абліччы зычлівага імпэрыяліста (або місіянэра, які рушыць паперадзе імпэрыялістаў), чыя мэта – перай- начыць мясцовае жыцьцё й зьніштожыць старадаўнюю суладнасьць. Што ж, я мушу прызнаць: паводле горкай іроніі лёсу менавіта такім чалавекам быў той, хто занатаваў і зьбярог гэты бліскучы ўзор ірлян- дзкай творчай спадчыны. Паданьне пра сьвятога Кэвіна вядомае нам з запісаў  Гэральдыса Камбрэнсыса – аднаго з тых нарманаў, што ў ХІІ стагодзьдзі заваёўвалі Ірляндыю, і якога празь пяць стагодзьдзяў ірляндзкамоўны гістарыёграф Джэфры Кітынг назваў “завадатарам у гурце стваральнікаў сфальсыфікаванай гісторыі Ірляндыі”. Але нават калі й так, я ўсё роўна не магу пераканаць сябе, што гэтая праява раньнехрысьціянскай цывілізацыі павінна зь лёгкасьцю вытлумачваць усё прыгнятальніцкае й барбарскае ў нашай гісторыі – старажытнай і найноўшай. І гэткае маё меркаваньне падмацоўвае яшчэ адзін мастацкі твор, пабачаны мною ў невялікім музэі ў Спарце раніцою таго дня, калі Нобэлеўскі камітэт абвясьціў імя сёлетняга ляўрэата прэміі ў галіне літаратуры.

Сваім нараджэньнем гэты твор абавязаны рэлігійнаму культу, зусім адрознаму ад тае веры, якую вызнаваў сьвяты Кэвін. Аднак тут таксама адлюстраваныя й птушка ў гнязьдзе, і застылы ў зачараваньні зьвер, і ахоплены найвялікшым захапленьнем чалавек. Адзінае што чалавек гэты – Артэй, і яго ўзрушыла музыка, а не малітва. Сам жа твор – невялікая рэльефная выява, зь якой я не ўтрымаўся й зрабіў для сябе эскіз. Гэтаксама я ня мог пайсьці з музэю, не занатаваўшы зьмест тлумачальнага подпісу. Выява кранула мяне сваёю старажытнасьцю й доўгатрываласьцю, а подпіс, подпіс надаў найменьне й прымусіў паверыць у тое, чым я займаўся апошнія трыццаць гадоў. “Гэты рэльеф, – тлумачыла таблічка пад экспанатам, – выкананы паводле абету й, верагодна, усталяваны тутэйшым паэтам у гонар Артэя.  Мясцовы твор пэрыяду элінізму”.

 

*

Зноў-такі: маю спадзеў, што мае выказваньні не падаюцца пра- явамі сэнтымэнтальнасьці або, наагул, спробамі, як цяпер прынята казаць, стварыць фэтыш з тутэйшага. Зусім наадварот: мастацкія творы, падобныя да згаданых мною ў якасьці прыкладу, я лічу носьбітамі сапраўдных каштоўнасьцяў. Нашае стагодзьдзе засьведчыла паразу нацызму перад моцаю зброі. Аднак заняпад савецкага рэжыму быў выкліканы, апроч іншага, і тым, што ва ўмовах прымусовай падпарадкаванасьці ідэалёгіі заставаліся трывалымі культурныя каш- тоўнасьці ды не перапыняўся духоўны супраціў – якраз такога кшталту, які захавалі й названыя мастацкія творы. Хоць мы й навучыліся – прычым нездарма – сур’ёзна сьцерагчыся, калі адная нацыя ўзьвялічвае сваю культуру як выключную й узорную, хоць мы й атрымалі жудасныя доказы, што гонар за этнічную або рэлігійную спадчыну можа вельмі хутка дэградаваць у фашыстоўства, – нашая пільнасьць не павінна адмаўляць любоў да тутэйшага самога па сабе, веру ў яго дабратворнасьць. Наадварот, верыць, што гэткая дабратворнасьць ёсьць нязьменнаю каштоўнасьцю, – значыць умацоўваць веру ў магчымасьць сьветабудовы, дзе на павазе да кожнае традыцыі мацуецца здаровае палітычнае асяродзьдзе. Нягледзячы на шмат- кротныя разбуральныя прыклады  гвалту, вынішчэньні людзей, палітыч- ныя забойствы, сёньня адносіны паміж палестынцамі ды ізраільцяна- мі, паміж афрыканцамі ды афрыкандарамі пазначаныя магутнымі праявамі веры. Разбураюцца муры, якія падзялялі Эўропу, здыма юцца жалезныя заслоны. Усё гэта нараджае надзею, што новыя шляхі магчымыя й у вырашэньні паўночна-ірляндзкай праблемы. Сутнасьць яе палягае ў існым сёньня падзеле выспы на брытанскую ды ірляндзкую часткі ды ня менш устойлівым падзеле ірляндцаў на прыхільнікаў ангельскай або ірляндзкай спадчыны. Але няма сумневу, што кожны тутэйшы жыхар мае права чакаць ад абодвух урадаў захадаў, каб гэты падзел ператварыўся ня болей як у сетку на тэнісным корце – мяжу, якая б лёгка дазваляла весьці абмеркаваньні й спрэчкі, ісьці на ўзаемныя саступкі. Гэтак фармавалася б уяўленьне пра будучыню, дзе энэргія, што напачатку праменілася з паяднаных вайною словаў “вораг” і “хаўрусьнікі”, у рэшце рэшт мае здабывацца зь меней неразрыўных і, прынамсі, меней абавязальных выразаў.

 

*

Калі болей за семдзясят гадоў таму на гэтай сцэне стаяў паэт Ўільям-Батлер Ейц, Ірляндыя якраз прыходзіла ў сябе пасьля сутар- гаў  грамадзянскай вайны – хуткай наступніцы вайны за незалежнасьць ад Брытаніі. Братазабойства цягнулася досыць нядоўга й скончылася да траўня 1923 года – недзе за сем месяцаў перад тым, як Ейц адплыў у Стакгольм. Але гэтая барацьба была крываваю, зацятаю ды закранула кожнага. Яна вызначыла палітычныя ўмовы, згодна зь якімі наступныя пакаленьні будавалі жыцьцё дваццаці шасьці незалежных графстваў – часткі выспы, вядомай першапачаткова як Ірляндзкая Свабодная Дзяржава, а ў далейшым як Ірляндзкая Рэспубліка.

У сваёй Нобэлеўскай прамове Ейц мала спасылаўся на падзеі грамадзянскай вайны й вайны за незалежнасьць. Ніхто лепей за яго не разумеў сувязі паміж стварэньнем ды разбурэньнем дзяржавы, паміж умацаваньнем ды расьцярушваньнем культурнай спадчыны. Але ў той дзень Ейц абраў для свайго выступу іншую тэму. Ён распавёў пра творчыя мэты Ірляндзкага драматычнага руху й пра тое, што посьпех гэтага руху быў бы немагчымым, калі б у яго ня ўклалі свой талент і Ейцавы сябры – Джон Мілінгтан Сындж ды леды Аўгуста Грэгары. Ейц прыехаў у Швэцыю, каб сказаць сьвету: творы мясцовых паэтаў і драматургаў ня менш паспрыялі зьменам у жыцьці роднае краіны, чым дзеяньні партызанаў. У гэтай узвышанай празаічнай прамове прадметам Ейцавага гонару, пасутнасьці, было тое ж самае, пра што празь дзесяцігодзьдзе ён напісаў вершаванаю моваю. У творы “Ізноў у гарадзкой галерэі” Ейтц апісвае, як, разглядаючы партрэты й тэматычныя палотны, прысьвечаныя асобам і падзеям нядаўняй гісторыі, ён раптоўна зразумеў: адбылося нешта сапраўды эпахальнае: “І раптам я прамовіў – гэта / не памерлая Ірляндыя маёй маладосьці, / а жорсткая й пекная Ірляндыя паэтаў”. Верш сканчаецца радкамі, якія з усёй Ейцавай спадчыны цытуюцца ці не найчасьцей:

 

Галоўная выснова – на зямлі

Найлепшай славай мне – мае сябры.

 

І ўсё ж такі гэтыя ўсхваляваныя й шчырыя радкі ёсьць хутчэй красаваньнем паэзіі, чым яе самасьцьвярджэньнем. Яны ўзносяць паэта на ганаровы п’едэстал і ўжо гэтым перагукаюцца зь лейтматы- вам маёй лекцыі. Зрэшты, у дачыненьні да сябе я працытую іншыя радкі зь верша: “Вас, мае судзьдзі, прашу / Не судзіць паасобку тую ці іншую кнігу”. І цяпер я зьвяртаюся да вас, як калісьці Ейц зьвяр- таўся да сваіх слухачоў: паглядзіце, чаго дасягнулі ірляндзкія паэты, празаікі, драматургі за апошнія сорак гадоў. Многіх з гэтых аўтараў я маю за гонар лічыць сваімі добрымі сябрамі. Эзра Паўнд ня раіў у лі- літаратурных справах прыслухоўвацца да меркаваньняў тых, “хто сам не стварыў анічога значнага”. Я з пашанаю прыняў ягоную параду, і вось ужо трыццаць гадоў (ад часу, калі пачаў пісаць у Бэлфасьце) яна падтрымлівае мяне ў маіх творчых вымогах: паважныя меркаваньні выбітных аўтараў – прычым, ня толькі маіх суайчыньнікаў – вартыя таго, каб да іх прыслухоўвацца. І Ірляндыя, дзе я сёньня жыву, – гэта краіна выбітных творцаў, якія дапамаглі ёй паўстаць.

Аднак, без сумневу, ня ўсе Ейцавы творы – прыклады краса- ваньня паэзіі. І слава яе ў нашым стагодзьдзі будзе яшчэ большая, калі згадаць два знакамітыя цыклі вершаў – “Тысяча дзевяцьсот дзевят- наццаты” й “Развагі падчас грамадзянскай вайны”. У апошні якраз уваходзіць славуты верш пра шпачынае гняздо, збудаванае ў расколі- не старой сьцяны ля вакна паэта. Ейц жыў тады ў нарманскім замку, муры якога ў старажытныя, ня меней неспакойныя для Ірляндыі часы былі сьведкамі шматлікіх крывавых падзеяў. Разважаючы над гіста- рычнаю гіроніяй, паводле якой жорсткія й магутныя заваёўнікі перат- вараліся пасьля ва ўмацавальнікаў цывілізацыі, бо пачыналі пад- трымліваць працу мастакоў і архітэктараў, паэт параўноўвае птушку-маці, ахопленую клопатам пра сваіх малых, зь нястомнаю пчалою – вобразам, што ў паэтычнай традыцыі заўсёды зьвязваўся зь  ідэалам добраўпарадкаванага, занятага стваральнаю працаю грамадзтва:

 

Дзе расхісталіся цагліны

Й мур разбурыўся спакваля,

Шпачыны гоман штохвіліны

Чуваць, – сюды, народ пчаліны,

Рыхтуй шпакоўню да вульля!

 

Нас мурам атачае стома

І доўга зьвесткі йдуць здаля

Каго забілі – невядома:

Рыхтуй шпакоўню да вульля!

 

Сьвет у вайну замілаваны;

Два тыдні – і ў крыві зямля.

Шукальнік славы і пашаны

Канае ад сьмяротнай раны:

Рыхтуй шпакоўню да вульля!

 

Мы затлумілі мрояй голаў,

Разьлютаваліся пасьля.

Нам полымя пякельных колаў

Бліжэй за міласьць... Племя пчолаў,

Рыхтуй шпакоўню да вульля!

 

За апошнія дваццаць пяць гадоў я шмат разоў чуў, як гэты верш – цалкам або па частках – чыталі на памяць ірляндцы, і не дзіўлюся: у ім гучыць настолькі ж моцная любасьць да жыцьця, як у  сьв.Кэвіна, і настолькі ж жорсткая праўда пра тое, што адбываецца ў жыцьці й з жыцьцём, як у Гамэра. Аўтар ведае: некалі на шашы адбудзецца крывавая расправа й працоўныя ня вернуцца дадому, бо іх прымусяць выйсьці зь мікрааўтобуса, паставяць уздоўж дарогі ды расстраляюць. Але разам з тым верш дае веру, што поціск рукі – таксама рэальнасьць, што людзям уласьцівыя спачуваньне й дабрыня. Ейцавы твор задавальняе абедзьве з тых адрозных патрэбаў, якія вярэдзяць нашую сьвядомасьць у часы найскладанейшых выпрабаваньняў:  з аднаго боку – парываньне выказаць праўду, хай сабе цяжкую, нібыта пакараньне, а зь іншага – не зрабіцца настолькі бязьлітасным, каб адкінуць унутраную прагу чысьціні й даверу.

Вось доказ, што паэзія здольная быць роўнаю й праўднаю ад- начасова. Верш Ейца ёсьць прыкладам тае абсалютнае паэтычнае ад- паведнасьці, якой прасіла ад Ганны Ахматавай жанчына ў чарзе да турмы, і якой поўняцца творы Ўільяма Ўэрдзварта, напісаныя амаль дзьвесьце гадоў таму падчас гэткіх жа складаных гістарычных падзе- яў і выкліканага імі духовага разладу.

 

 

*

Апісваючы, як Адысей плакаў, калі гучала песьня Дэмадока пра падзеньне Троі й пра ахвяраў гэтае крывавае бойкі, Гамэр параўнаў Адысееву журбу са смуткам жонкі, што на полі бітвы галосіць над забітым мужам. Далей эпічнае параўнаньне разготваецца:

 

Згледзеўшы сьмерці адбітак у рысах каханага твару,

Зь енкам над мужам укленчыла, цела рукамі абвіла,

Нат’ не адчула адразу, як дзіды ёй лашчылі плечы:

Гэтак, зламаная горам і болем, патрапіла ў рабства.

Сьлёзы жалобы ссушылі калісьці пяшчотныя шчокі.

Толькі ня меншая скруха была ў Адысеевых сьлёзах,

Хоць прыхаваў ад усіх ён сваю невыносную горыч.4 

 

Нават сёньня, калі наўпросты этэр поўніцца паведамленьнямі пра сучасныя дзікунствы, і мы, захлынаючыся ў гэтых зьвестках, страчваем успрымальнасьць да іх, калі кадры кінахронікаў пра кан- цэнтрацыйныя лягеры й ГУЛАГ настолькі прымільгаліся, што пакі- даюць нас амаль абыякавымі, вобраз, створаны Гамэрам тры тыся- чы гадоў таму, вяртае нам здольнасьць спачуваць. Бязьлітаснасьць удараў, якія сыпаліся на жаночыя плечы, непадуладная часу ды якім-кольвек зьменам. Паэтычны вобраз з дакумэнтальнаю дакладнасьцю перадае ўсё, што мы ведаем пра невыносны боль.

Аднак у лірыцы паэтычная адпаведнасьць праяўляецца інакш. Тут яна зьвязаная з “храмам слыху”, дзьверы ў які нам расчыняе гу- чаньне верша. Такая адпаведнасьць нараджаецца, паводле словаў Мандэльштама, зь “непарушнасьці маўленчай артыкуляцыі”, з ра- шучасьці й упэненасьці, якімі праменіцца напоўніцу спраўджаны верш. Лірычную адпаведнасьць стварае ня толькі тэма верша ды па- этавая вернасьць праўдзе, але – ня ў меншай ступені – энэргія, зда- бытая з глыбіняў мовы, жыцьцядайная моц рытму, рыфмы, страфы. У лірыцы праўда ўгрунтаваная ў самой форме верша. І менавіта няўрымсьлівы пошук гэтага тону, найбольш чыстага ў Эмілі Дыкен- сан і Паўля Цэляна ды найбагацейшага па гучаньні ў Джона Кітса, заўсёды прымушае паэта сярод мноства разнастайных галасоў вы- лучаць адзін – самы пераканальны – і напружана ўслухоўвацца ў яго.

Гэта азначае, што я па сёньня застаюся сядзець на падлоктавіку нашае старое канапы. Магчыма, цяпер я зрабіўся болей уважлівым да навінаў і пачаў лепей разумець сусьветную гісторыю ды сусьветны смутак, што неадступна перасьледуе яе. Але тое, у што я напружана ўслухоўваюся, – ня проста расповед пра падзеі. Тут ёсьць нешта больш асабістае. Як паэт я, па-сутнасьці, напружана прыслухоўваюся да самое напружанасьці, шукаю заспакаеньня ў трываласьці, якою адорвае музычная мілагучнасьць. Гэтаксама як, калі б колцы на паверхні вады, якія звычайна сыходзяцца ў адну кропку й зноў разьбягаюцца,  пераправяралі б сябе ў сваім неўтаймоўным руху.

Тае ж напружанасьці я шукаю ў кожным прачытаным мною паэтычным творы. І знаходжу, напрыклад, у Ейцавым рэфрэне “Co- me build in the empty house of the stare”, дзе побач з ноткамі просьбы ёсьць упэўненая моц словаў “build”6 і “house”7 ды разуменьне страты, перададзенае праз “empty”8. Знаходжу таксама ў трохкутніку сілаў, узаемна ўраўнаважаных патройнаю рыфмаю “fantasies – enmities –honey-bees”9, у агульнай угрунтаванасьці формы верша ў мову. Паэтычная форма – гэта й карабель, і катвіга адначасова. У ёй – і выбуховасьць, і ўстойлівасьць, якія дазваляюць роўна задаволіць усе рознаскіраваныя памкненьні духу й цела. Менавіта гэткімі сродкамі Ейц дасягае таго, чаго заўсёды павінна дасягаць паэзія: закранаць нашую спачувальнасьць у самай яе сутнасьці, не адмаўляючы ў той жа час жорсткай сутнасьці сьвету, які бесьперапынна нас выпрабоўвае. Інакш кажучы, форма верша мае вырашальнае значэньне, бо абумоўлівае тыя вартасьці твора, за якія мы заўсёды ўслаўлялі й будзем услаўляць паэзію: здольнасьць пераканаць нашую неабароненую сьвядомасьць у яе слушнасьці, нягледзячы на выразную няслушнасьць усяго навокал, здольнасьць нагадаць, што мы – шукальнікі й зьбіральнікі каштоўнасьцяў, што нават самота й нягоды – да нашага гонару, паколькі яны зьяўляюцца закладам сапраўднае чалавечнасьці.

 

Пераклад з ангельскай Тацяны Вабішчэвіч

 

 

1 Deus ex machina (лац.) – бог з машыны

 2 Пераклад Т.Вабішэвіч

 3 Пераклад А.Хадановіча

 4 Пераклад Т.Вабішэвіч

 5 Падрадкоўнік: “Вам [пчолы] жыць у спусьцелай шпакоўні”; у перакладзе А.Хадановіча, адпаведна, – “Рыхтуй шпакоўню да вульля!”

 6 Тут: жыць, ствараць (ангельск.)

 7 Шпакоўня, дом (ангельск.)

 8 Спусьцелы (ангельск.)

 9 Мроі – варожасьць – пчолы (ангельск.)