Элеанора
Народная
Ці ёсьць у Беларусі палітыка?
Гэтак мусіў быў пачынацца
любы артыкул пра якія-кольвечы “палітычныя падзеі ў Беларусі”. То бок – з
аналізу перадумоваў, з дэфініцыяў, генэалёгіяў і да т.п. І тут нашаму
гіпатэтычнаму аўтару, які паспрабаваў бы настолькі грунтоўна падыйсьці да сваёй
справы (гэта значыць да таго, як пісаць пра нешта, здуміцца над праблемай існаваньня
аб’екта свайго дасьледваньня), давялося б запытаць у сябе: што ёсьць палітыка й
палітычнае наагул; якая частка словазлучэньня “беларуская палітыка” зьяўляецца
вызначальнай; ці ня будзе гэтае спалучэньне толькі фармальным прыпісваньнем
суб’екту “палітыка” прэдыката “беларуская” (а само яно ня мае адпаведнікаў у
рэчаіснасьці й наагул пазбаўленае сэнсу) і г.д. і да т.п. Дзякуючы таму, што
ніводны палітычны аглядальнік у здаровым розуме не стаўляе сабе такога кшталту
пытаньні, мы маем магчымасьць штотыдзень атрымліваць тузін палітычных навінаў,
аглядаў, аналітыкі, каб наталіць сваю прагу “быць у курсе падзеяў”, якія
адбываюцца на палітычнай сцэне (ці хутчэй “арэне”) Беларусі. Відавочна, што
гэткага кшталту пытаньні сьмяротна небясьпечныя для беларускае журналістыкі й
паліталёгіі, бо ставяць пад сумнеў аб’ект іх разгляду. Таму перавага аддаецца
захаваньню status quo на падставе маўклівага пагадненьня пра зыходныя аксіёмы:
“а ўсё-ткі яна ёсьць”, што дае шматлікім аўтарам магчымасьць ня толькі спакойна
спаць, але й сумленна зарабляць на свой кавалак хлеба.
Аднак праблема ўжо
закранутая, а значыць быў зададзены першаштуршок, пайшлі пэўныя незваротныя
працэсы, і застаецца толькі працягваць
здумляцца, ставіць пытаньні, знаходзіць ключавыя вузлы праблемы, магчыма, пакуль не спрабуючы даць нейкі адказ.
Пачнем з банальнага: якім
чынам можна вызначыць палітыку як такую? Найбольш распаўсюджанае спасярод
шырокіх публічных колаў вызначэньне акрэсьлівае гэтую зьяву як барацьбу за
ўладу. То бок мэта выступае папярэдне прадвызначанай, а на ролю палітыкі й
палітыкаў застаецца адно толькі распрацоўка пэўных тактыкаў, тэхналёгіяў,
скіраваных на яе дасягненьне. Што ў выніку атрымліваем? А тое, што ўсе
праграмныя мэты, інтарэсы і грамадзкія каштоўнасьці, спавяданыя той ці іншай палітычнай
сілай,падпарадкоўваюцца адзінай мэце атрыманьня ўлады (дарэчы, досыць мітычнае
істоты), а значыцца, становяцца ня больш як сродкамі “на шляху да”, то
бок чыстае вады праклямацыямі, слёганамі для заахвочваньня сваіх чальцоў і
выбарцаў, і ў выніку – зьявай
зьменьлівай ды залежнай ад павеваў часу, каньюнктуры й палітычнае моды.
Айчынная паліталёгія, а за ёю й палітычная журналістыка, працягвае спавядаць
састарэлае, узьніклае яшчэ ў вэбэраўскія часы, разуменьне палітыкі. Нашыя
палітыкі спрабуюць ажыцьцявіць яго на практыцы, б’ючыся галавой у сьцяну, пра
што не безь яхідзтва пішуць нашыя журналісты й са зьдзіўленнем, спрабуючы
знайсьці прычыну й выйсьце, канстатуюць нашыя палітолягі. Замкнёнае кола
круціцца колькі гадоў, а ў ім віруе ўсё так званае “палітычнае жыцьцё краіны”.
Такім чынам з пэўнасьцю можна сьцьвярджаць, што беларуская палітыка існуе.
Але нешта тут муляе,
перашкаджае задаволіцца такім адказам (тым болей, што напачатку было абацяна
задаваць пытаньні, эксплікаваць праблемы). У вышэйапісаным колазвароты
адчуваецца адсутнасьць чагосьці: гэты мэханізм працуе дарма, то бок такая
“палітычная дзейнасьць” мае вынікам нуль, нічога (акрамя новых газэтных опусаў
са старой рыторыкай). Калі доўгі час упарта біць рукою або галавою ў чыгунную
браму, што можна атрымаць у выніку? Натуральна, тузін гузоў і пісягаў. Хтосьці
скажа, што гэта таксама карысна ў якасьці пэўнага досьведу. Згода, але толькі
калі той досьвед адразу ж выкарыстаць, то бок – пашукаць іншага ўваходу або
нават спыніцца й падумаць, ці варта наагул ламіцца туды, дзе цябе не чакаюць.
Апошняя мэтафара дазваляе дакладней высьветліць праблему: існуе патрэба ў
выразным усьведамленьні ўласных мэтаў, прыярытэтаў, каштоўнасьцяў і спосабаў іх
ажыцьцяўленьня. Такая неабходнасьць выяўляецца ў любой дзейнасьці, асабліва ў
буйнамаштабнай, арыентаванай ня толькі на дзень сёньняшні, але й на
пэрспэктыву, на тое, што завецца будучыняй. А хіба не зьяўляецца палітыка
менавіта такога кшталту дзейнасьцю, і чаму тады яна зводзіцца альбо да сродка
задавальненьня найбліжэйшых патрэбаў, альбо да схемы “правакацыя – рэакцыя” і
наадварот?
Звычайна палітыкай у шырокім сэнсе называюць пэўныя стратэгіі ў
самых розных сфэрах быцьця чалавека: культурная палітыка, экалягічная палітыка,
адукацыйная палітыка, яшчэ кажуць выхаваўчая палітыка бацькоў, палітыка
ўзаемнай дапамогі, палітыка замоўчваньня й г. д. Такім чынам, у палітыцы
перадусім вылучаюць яе стратэгічны характар. А што мае на ўвеце
стратэгія як такая? Ня толькі распрацоўку пэўных мэтодаў для дасягненьня нейкае
мэты, але перш за ўсё – вызначэньне гэтае мэты. Каб вызначыць яе, неабходна
выразна асэнсаваць, сфармуляваць свае каштоўнасьці й інтарэсы, што почасту
стаецца найбольш праблемным, асабліва калі справа вядзецца на ўзроўні цэлага
грамадзтва. Таму ў якасьці праблемы (як і было абяцана) трэба адзначыць, што ў
беларускай палітыцы, якая паводле свайго прызначэньня мусіць акрэсьліваць мэты
й прыярытэты разьвіцьця грамадзтва, адсутнічае стратэгічны сэнс. Адсюль
выснова: беларускай палітыцы не стае “палітычнасьці”, яе палітыкам –
стратэгічнае сьвядомасьці, асэнсаваньня двух найістотных пытаньняў: не
адвечнага расейскага “што рабіць?” і “хто вінаваты?”, але найперш чаго мы
хочам? і навошта нам яно?