“Слоўнік Свабоды”:

Разьвітаньне з Радзімай

Слоўнік Свабоды. // Arche 2001, №7.

 

Чытаньне “Слоўніка…”  выклікае адначасова самыя розныя пачуцьці: ад шчырага захапленьня да пасьмешлівага скепсысу. Здаецца, давяраеш словам, але баісься падмануцца, верыш у міт і адразу ж уласнаруч разбураеш яго. Але ўсё адно не спыняеш чытаньня. Зь першых жа старонак разумееш, што твор гэты супярэчлівы, і не адно таму, што ў праекце ўдзельнічала 36 аўтараў і кожны зь іх выяўляў сябе “хто на што здатны”. Галоўнае тое, што “Слоўнік Свабоды…” – гэта чарговая спроба беларускіх інтэлігентаў стварыць веду пра беларусаў. “Слоўнік…” можна паставіць у адзін шэраг з “Маляўнічай Расіяй” Адама Кіркора, “Падарожжамі па Палесьсі й Беларускім краі” Паўла Шпілеўскага ды іншымі працамі пра норавы й звычаі беларусаў, – што з гледзішча нашай разбэшчанай постмадэрнісцкай сьвядомасьці ўдае на яўны анахранізм. Да таго ж падобнага кшталту кніга працягвае пошукі ўласнай ідэнтычнасьці – няскончаны (несканчоны?) праект беларусаў, які імкнуліся спраўдзіць пісьменьнікі й паэты пачатку XX стагодзьдзя.  Што б ні казалі, атмасфэра, створаная “Слоўнікам…”, вяртае нас найперш у пачатак XX стагодзьдзя, хаця аўтары прэтэндавалі на адлюстраваньне падзей таксама й “сёньняшняй беларускай сапраўднасьці”. “Слоўнік Свабоды” зьвернуты ў мінулае. “Відаць, – скажаце вы, – немагчыма патрабаваць ад слоўніка прасьпэктыўнага погляду”. Згадзілася, калі б гаворка ішла пра звычайны слоўнік. Але “Слоўнік Свабоды…” – гэта яшчэ й літаратурны твор, са сваёй адметнай ідэалягічнай канцэпцыяй, у якой, акрамя іншага, гучаць адвечныя песьні-жальбы пра адабраную бальшавікамі беларускую долю. Ідэя твора чытаецца з назвы “Слоўнік Свабоды: XX стагодзьдзе ў беларускай мове. Слова на дзень для памяці й роздуму” і заключаецца ў тым, каб паказаць гісторыю краіны як гісторыю супраціву таталітарнаму рэжыму й іншым антынацыянальным палітыкам. Праект Радыё Свабоды “Слова Дня”, зь якога нарадзіўся “Слоўнік…”, ставіў сваёй задачай зьяднаць беларусаў. Выданьне ж асобнай кнігі нібыта пацьвердзіла думку Валянціна Акудовіча, што “пачынаючы з “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага  й віленскай “Нашай Нівы” пачатку стагодзьдзя, усе беларускія выданьні ўскосна, сьвядома ці неўсьвядомлена, выконвалі ролю адсутных грамадзкіх і сацыяльна-палітычных інстытутаў. Больш за тое. Менавіта на прасторы грамадзка-культурных выданьняў і кніг беларусы сфармаваліся як нацыя. І сёньня мы застаемся нацыяй ня дзякуючы палітычным рухам і фармальна незалежнай дзяржаве, а зноў жа дзякуючы таму, што існуе Беларускі Тэкст.” Мяркую, менавіта такім Беларускім Тэкстам і мусіў стаць “Слоўнік…” паводле задумы яго аўтараў, а значыць, мусіў прыняць на сябе “цяжар адказнасьці” за ідэю аб’яднаньня й абгрунтаваньня беларускай нацыі. Ня лішнім было б прыгадаць тут азначэньне слоўніка, дадзенае сучасным амэрыканскім філёзафам Р. Рорты: “Слоўнік – цэласны знакава-сэмантычны кантынуум, у які заглыблены й якім апэруе асобны чалавек ці асобная сацыяльная група, цэлая культура. Слоўнік тым самым акрэсьлівае кола знаёмага й звыклага, таго, што шырока ўжываецца й узгадваецца ў рэдкіх выпадках…” Мяркую, стваральнікі “Слоўніка”, імкнучыся ахапіць кола словаў паўсядзённых, пабытовых, кіраваліся такімі ж прынцыпамі. Аднак некаторыя аўтары “сьвядома ці неўсьвядомлена”, ня толькі апісвалі гэтую слоўную паўсядзённасьць, але й будавалі мадэлі чалавечых паводзінаў. Таму не выпадкова, што многія словы ў “Слоўніку…” нагружаныя канатацыямі маральнага імпэратыву. Для прыкладу возьмем артыкул Сяргея Дубаўца “Вёска”: “Вёска – гэта беларускі сусьвет, космас. Над вёскай – вялізнае неба. У вёсцы ёсьць усё, што можа спатрэбіцца для жыцьця. Тут працуюць – пасьвяць каровы, сьвяткуюць – калядуюць, шмат разважаюць пра жыцьцё й гоняць беларускае віскі. Беларусы на Радуніцу едуць на магілы дзядоў з гораду ў вёску. У вёсцы жыве мова. <…> Не выклікае даверу сьведамы беларус, які можа сказаць: не люблю вёскі! Гэта значыць, што ён або ўвогуле нічога ня любіць, або ня сьведамы беларус. Сэрца беларуса – у вёсцы.” Адсюль паўстае выснова, што вёска – гэта ня проста населены пункт (як звычайна пазначаецца ў слоўніках), але й аб’ект любові кожнага сьвядомага беларуса. А вось знаная беларуская сьпявачка Кася Камоцкая ня любіць вёскі – што вы на гэта скажаце?

Зьвернемся таксама да артыкула Сяржука Сокалава-Воюша “Ь”:

“Гэта ня слова й нават ня гук.

Гэта – знак.

Адно зь ягоных значэньняў – мяккасьць.

Ён забірае на сабе частку мяккага характару беларуса.

Бо мяккасьць характару сёньня – гэткі самы крымінал для нацыі,

Як ужыванне мяккага знаку – крымінал для ўладаў.

Цьвёрдага ў сваёй веры ў Бацькаўшчыну беларуса

Можна пазнаць па колькасьці мяккіх знакаў у тым, што ён піша.”

Не выпадкова, што гэтыя радкі выклікаюць пытаньне, ці хочам мы прымаць прапанаваныя мадэлі й ці варта ўвогуле іх прапаноўваць. Таму й узьнікае пачуцьцё няўтульнасьці, недаверу, боязь яшчэ раз падмануцца. Але, нягледзячы на гэта, ты ўсё адно зноў і зноў зьвяртаесься да “Слоўніка…”. Што прымушае цябе чытаць яго? Магчыма, тое, што, ты насамрэч (“сьвядома ці неўсьвядомлена”) жадаеш падмануцца, тое, што, не зьвяртаючы ўвагі на ідэалягічную зададзенасьць некаторых слоўнікавых артыкулаў, ты адчуваеш у іх нешта вельмі істотнае, тое, што немагчыма ўспрымаць рацыянальна, тое, што насуперак усякаму скепсысу застаецца блізкім табе, “кранае сваёй далікатнай адсутнасьцю”. Падаецца, што аўтары “Слоўніка” дэвізам да сваёй працы абралі словы В. Ластоўскага: “Кождае слова было легендай-пагудкай, мітам; бо міт асновываўся на легендзе, а легенда замыкалася ў слове”. Адсюль і своеасаблівая арганізацыя слоўнікавых артыкулаў – тлумачэньне слова ўяўляе сабой закончаны твор (часта сюжэтны). Таксама неабходна засяродзіць увагу – і гэта вельмі істотна – на спосабах тлумачэньня. Сваёй зьвернутасьцю да падсьвядомасьці яны нагадваюць штукарствы вэрбальнай магіі. Некаторыя тэксты будуюцца так, каб чытач мог “прыцягнуць” як мага больш кантэкстаў і празь іх зразумець слова. Таму аўтары не цураюцца народнай этымалёгіі. Напрыклад, Алена Ціхановіч піша ў артыкуле “Ваўчар”: “Як і кожнае новае, арганічна не асвоенае слова, ваўчар ужываецца няйнакш як з агаворкай, такой папярэдняй запінкай: гэты… як яго… ваўчар.<…> Як і кожнае малазразумелае слова, ваўчар паддаецца народнаму этымалягічнаму аналізу. Многім тут чуецца нешта ваўчынае.” Таксама распаўсюджаны спосаб тлумачэньня праз варыянты словаўжываньня, як, напрыклад, у артыкуле Антаніны Хатэнкі “Галава”: ”Хоць галавой аб сьцяну біся, хоць хапайся аберуч за галаву, а з хворае галавы на здаровую ня зваліш – самі хілім галовы перад авечымі галовамі адрачэнцаў, маўляў, карона з галавы ня зваліцца.” Даволі часта сустракаюцца тлумачэньні праз асацыяцыі (Сяржук Сокалаў-Воюш “АМОН”: ”…Асацыятыўна АМОН зьвязаны са словамі манкурт, зомбі, дубінка, разгон, зачыстка, катаваньне, зьдзек…”). У артыкуле Сяргея Дубаўца “Шлях” сустракаем слова-пэрсаніфікацыю: “Асабіста мне слова шлях уяўляецца дужым, круглатварым і чарнабародым словам-царом, якое ўзвышаецца над сынанімічным шэрагам: дарога, тракт, шаша, гасьцінец…”, а ў артыкуле Алены Ціхановіч “Шыпшына” сустракаем слова-алітэрацыю “ў ім і шэпт, і шоргат, і гудзеньне пчолаў, і шына, і машына”. Выкарыстоўваецца таксама й транслінгвістычны мэтад, які ўвяла ва ўжытак беларуская паэтка Людка Сільнова. Паводле Сільновай, транслінгвізм характарызуецца як “унівэрсальная якасьць жыцьця” й выяўляецца ў тым,  што “комплекс гукаў… пастаянна трансфармуецца ў блізкія яму па гучаньні й сэнсе комплексы”. Да прыкладу, возьмем усё той жа артыкул С.Дубаўца “Вёска”, дзе слова-асацыят Вёска выклікае разнастайныя рэакцыі: “Вёска – вясёлка, вёска – вясна й восень, вёска – скала.” Як бачым, аб’яднанне слоў у сэмантычнае поле абгрунтавана выключна асацыяцыямі аўтара.

З гэтых прыкладаў вынікае адно суб’ектыўнае меркаваньне. Прычына нашай зацікаўленасьці Слоўнікам… у яго апрычоным стаўленьні да слова як да выразьніка сутнасьці, а не як да знака-шыза. У гэтым жа, як ні парадаксальна, і прычына нашай незадаволенасьці. 

Тым ня менш, Слоўнік Свабоды з усімі дадатнымі й адмоўнымі яго бакамі стаў цікавым фактам сучаснай беларускай літаратуры. І магчыма – чаго ня здарыцца ў сьвеце? – нашыя нашчадкі ўпішуць яго ў літаратурны канон як узор мастацкай публіцыстыкі канца XX стагодзьдзя – трагічны й недарэчны прыклад чалавечай наіўнасьці, які замкне сабою шэраг этнаграфічна-асьветніцка-ідэалягічных твораў.

 

Ганна Пазюк