Ані САМОН
БРЫЗЭНТ
Ані Самон – француская пісьменьніца й перакладніца. З 1969 года працуе выключна ў жанры навэлы, выдала больш як 12 зборнікаў, за якія была ўзнагароджаная шматлікімі літаратурнымі прэміямі.
Брызэнт вельмі каштоўная
рэч. Гэта дах ад дажджу. Гэта сьцяна хаты. Празь яго праходзяць крыкі сваркі.
Застаюцца погляды, усьмешкі.
Энрыке, Мануэля, Дыега,
Карлас, Алехандро, Далёрэс, Мігуэль, Паўла, Рафаэль.
Якія жывуць паміж і пад
брызэнтам.
Гэта выдатнае месца, каб укрыць, схаваць тое, што было скрадзена.
Тое, што было знойдзена, што іншыя маглі б сьцягнуць.
Гэта дыван. Што ахоўвае ад
вады й бруду. Гэта пляцоўка для гульняў
los ninos pequenos* . Яны больш не рызыкуюць парэзацца
асколкам бутэлькі ці ржавай жалезкай.
Энрыке, Мануэля, Дыега,
Карлас, Алехандро, Далёрэс, Мігуэль, Паўла.
Пасярод сьметніку халупка з
брызэнту.
Прыўзьняць той брызэнт. Але
патрэбна разважлівасьць. Ніхто ня ведае, што паўстане перад тваімі вачыма. Не
заўжды няведаньне ёсьць маці адчаю. Той, хто нічога ня ведае, можа лічыць, што
нічога няма. Пад брызэнтам.
Энрыке, Мануэля, Дыега,
Карлас, Алехандро, Далёрэс, Мігуэль.
Ніхто, насамрэч, ня хоча
ведаць.
Скласьці брызэнт?
Асьцярожна. У два, чатыры, у колькі разоў? Не сказана. Ніхто ня кажа. Хтосьці якраз
сказаў ахайна ўзяцца за гэта. Тканіна ўмацаваная, але яшчэ шмат разоў будзе
выкарыстаная.
Энрыке, Мануэля, Дыега,
Карлас, Алехандро, Далёрэс.
Гэта занадта й часам
дзярэцца. Абмазка трэскаецца, рассыпаецца паміж пальцамі, паўсюль пакідае
сьляды.
Халупка з брызэнту стаіць
на мяжы верхніх і ніжніх земляў.
Сьметнік падобны на ўзгорак
. Зь вяршыняй і падножжам.
Марудна наблізіцца да
брызэнту.
Стрымліваючы крок. Доўжачы
час.
Застаецца крыху выгаданага
часу да брызэнту. Да таго, што раскрые брызэнт.
Доўга глядзець. Брызэнт.
І зноў сказаць, што так,
брызэнт – каштоўная рэч. Што можна выдумаць шмат гульняў з брызэнтам.
Энрыке, Мануэля, Дыега,
Карлас.
Ніхто ня хоча паспрабаваць.
Раней дзеці зь верху й зь
нізу гулялі разам. Да таго дня, пакуль дарослыя зь верху не пабіліся з
дарослымі зь нізу.
Энрыке, Мануэля, Дыега.
Энрыке, Мануэля.
Энрыке.
У адзіноце стаіць каля
брызэнтавай халупкі.
Астатнія яго кінулі, яны
баязьліўцы.
Энрыке самы малодшы. Яшчэ
ня так даўно ён поўзаў па брызэнце. Пускаў сьлінкі, пісаў на брызэнт.
Энрыке стаіць на краі
брызэнту. Энрыке самы маленькі, занадта маленькі, каб сапраўды адчуваць страх.
І занадта маленькі, каб прыўзьняць брызэнт.
Яго ўзялі за руку й адвялі
да las Hermanas de la Compasion* . У хату з сапраўднымі сьценамі.
Сёстры накрылі на стол, ён выпіў кубачак малака, зьеў маісавую аладку.
Тое, што было пад
брызэнтам, паклалі на брызэнт. Зьверху накрылі брызэнтам. Паверх яго ўсклалі
крыху завялы букет.
І пайшлі папярэдзіць сям’ю.
Пераклад з францускай
Наталі Куц