Тацяна
Сьлінка
Белы пакой
Так страшна. Я сплю й не
магу прачнуцца. Павекі цяжкія — я
ледзьве прыўзьнімаю іх і бачу белыя сьцены,
цалкам белы пакой. І цябе. У белай вопратцы. З вачыма, поўнымі сьвятла.
Ты нешта кажаш. Мне не стае моцы, каб услухацца ў словы. Увесь пакой запаўняе
нейкая мэлёдыя. Ты нешта кажаш. Я ня чую. Вочы самі заплюшчваюцца. Апошняе, што
я бачу, — твой сьветлы позірк, скіраваны кудысьці туды. Я патанаю ўва
сьне...
Я адна. Я іду па гарадзкіх
вуліцах. Цёмна. Паўз мяне праяжджаюць пустыя тралейбусы. Ужо занадта позна. Яны
не спыняюцца. Горад сьпіць. Мне холадна. Вельмі моцны вецер. Я зьбіраю ўсе свае
сілы й уздымаюся ў паветра. Я лячу над начным горадам. Насамрэч я нешта шукаю.
Нейкі дом. На вакне мусіць гарэць сьвечка. Але горад захінуты ў ноч. Пагаслыя
ліхтары. Пустыя вуліцы. Адзінокі тралейбус узьбіраецца на мост. У вокнах няма
сьвятла. Я забываюся на холад. Я раблю намаганьне й лячу ўсё хутчэй. Шалёны
вецер у твар. Суцэльная цемра. Раптам я бачу вагеньчык удалечыні, я імкнуся
туды, але сілы пакідаюць мяне, я падаю на асфальт, зь цяжкасьцю падымаюся, бягу
па пустых вуліцах, пераадольваючы стому. Нарэшце, гэты дом. Я іду па прыступках,
у пад’езьдзе цёмна. Я чую нейкую песьню, яна ўвесь час паўтараецца. Бясконцыя
прыступкі ўгору цемра шэры калідор праз пабітае шкло маленькага вакна ўрываецца
вецер халодна. Вось і дзьверы нарэшце я націскаю кнопку званка цішыня ён не
працуе я грукаю ў дзьверы цішыня я крычу грукаю ў дзьверы крычу. Я прачынаюся ў
белым пакоі, там больш нікога няма. Няўжо ты сышоў і пакінуў мяне тут адну, і я
так і не пачула, што ты казаў, няўжо ты болей ня вернесься? Чырвоныя плямы
крыві праступаюць на белай сьцяне. Я ізноў крычу. Прачынаюся. Гэта таксама сон
толькі сон зараз усё пройдзе паглядзець у вакно ўсё будзе добра гэта быў сон
сон сон. Я гляджу праз пабітае шкло. Бясконцыя прыступкі калодзеж пад’езду. Я
стаю на лесьвічнай пляцоўцы, прытуліўшыся сьпіною да нейкіх дзьвярэй. Я гляджу
ў вакно, там двор і цёмныя дрэвы. Я палю. Я ня ведаю, навошта я тут. Я нічога
не чакаю. Нейкая дзіўная пустэча ахінае мяне я нічога не адчуваю. Я хачу
запаліць цыгарэту й не магу ўзьняць руку такая дзіўная здранцьвеласьць сон сон
я прыўзьнімаю павекі. Ты сядзіш насупраць белай сьцяны й нешта натхнёна кажаш.
Табе цяжка падбіраць словы, але вочы зьзяюць сьвятлом. Я ня чую тваіх словаў.
Увесь пакой ахутаны смугой. Нейкая марудная мэлёдыя круціцца ў галаве. Так
страшна. Ты нешта мне кажаш, а я ня чую. Твой прасьветлены позірк скіраваны
кудысьці туды. Так страшна. Я не магу прачнуцца. Быццам ліловая хмара
павісла перад вачыма. Я змружваю павекі й зноў правальваюся ў сон.
Я маленькая дзяўчынка з
дзьвюма коскамі. Маці на працы. Бацька таксама. Мяне пакінулі адну ў пакоі. Я
сяджу ля вакна. Мне вельмі халодна. За вакном зіма. Учора выпаў сьнег. Я
прыкладаю далонькі да шкла, і яно падаецца мне цёплым. Мне вельмі халодна. Я
хутаюся ў старую коўдру. Я сяджу ля батарэі, каб было цяплей і намагаюся не
глядзець у пакой. Ён занадта пусты. Мне страшна. Я гляджу на падваконьне.
Пасярэдзіне яго доўгі росьцін. Пасьля я гляджу ў неба. З шэрай хмары падае
сьнег. Калі доўга ўглядацца ў неба, падаецца, што сьнег падае на твар. Мне
халодна.
Я стаю на інтэрнацкай
кухні. Суседка зьняла з пліты суп і забылася вылучыць газ. Я трымаю далоні над
полымем. Мне цёпла. Празь нейкі час я прачынаюся ў лякарні. Ля мяне сядзіць
маці й плача. Мае рукі ў бінтах. Стары доктар кажа, што я моцна абпаліла далоні
й ледзьве не згарэла, бо калі суседка вярнулася на кухню, вопратка на мне ўжо
дымілася. Потым ён доўга тлумачыць, што так рабіць нельга. Я яго ня слухаю.
Бінты, мэбля й сьцены тут белыя, як сьнег. Я баюся, што зноў будзе халодна.
Мы штораніцы прачынаемся ад
звону будзільніка, мыемся, сьнедаем, бяжым на працу, пасьля ў краму, потым
дадому, вячэра, тэлевізар, раней легчы спаць, заўтра зноў прачынацца ад звона
будзільніка... (і так да бясконцасьці — ці да сьмерці). Як добра наладжаныя
мэханізмы, як тралейбус ад прыпынку да прыпынку, у выходныя рухі марудней,
трэба эканоміць электраэнэргію. Выходя из дома не забудьте выключить
электроприборы — ваша неосторожность может привести к пожару! Звычайныя
мэханізмы — тады што такое жыцьцё? Эмоцыі й жаданьні добра рэгулююць усе рухі.
Я павінна есьці, спаць, хадзіць на працу, любіць бацькоў, вітацца пры сустрэчы,
прачынацца на раніцу. Я не павінна выходзіць за межы агульнапрынятага шляху да
сьмерці, абганяць тых, што йдуць наперадзе, спыняцца. Пожалуйста, отойдите от
дверей вагонов, не задерживайте отправление поезда!
Я не хачу існаваць па
схеме. Я не хачу ісьці па танэлі. Я хачу жыць!!! Што гэта значыць? Разьбіць
дарагі сэрвіз, аднесьці новы тэлевізар на сьметнік, сядзець на асфальце, рабіць
безразважныя бязмэтныя ўчынкі, не баяцца быць глупай, фарбаваць валасы ў зялёны
колер, хадзіць басанож па вуліцы ўзімку, казаць праўду. Ты ведаеш гэты страшна
файны момант, калі робіш адзін маленькі крок з добраўтаптанай сьцяжынкі, і
прастора звыклага ламаецца ў тваіх руках, калі тваё жыцьцё, яго ўтульнасьць-зладжанасьць
рассыпаецца як пабітае шкло зь ціхім звонам... і ты выкідаеш будзільнік у
вакно, разьбіваеш люстэрка ўласнага “я”, і раптам пачынаеш бачыць горад неба
асфальт галодную котку сьметнік мёртвае птушаня усьмешку сонца боль.
Шматлікія шкельцы застаюцца
ў тваім сэрцы кожны рух выклікае боль балюча бачыць дзіцячыя сьлёзы халодныя
далоні кінутага сабаку старую жабрачку ў пераходзе балюча бачыць як ты зачыняеш
дзьверы балюча балюча балюча...
Холад забівае радасьць,
боль забівае холад, агонь спапяляе боль.
Давай распалім адно вялікае
вогнішча з гэтага сьвету фальшывых словаў, унармаванай маны, бязьлітасных
гэстаў, каменных прыступак, халодных гмахаў, халодных вачэй, халодных сэрцаў.
Мы штодня ператвараемся ў
машыны, мы ня толькі не памятаем сябе, бо ўвесь час занятыя працай адпачынкам
працай адпачынкам забыцьцём (да бясконцасьці). Больш за тое, паводле
неабходнасьці гэтага нежывога сьвету мы штодня забіваем — чужыя надзеі, чужыя
пачуцьці, свае жарсьці, спачуваньне, жаль, свой боль. Мы штодня забіваем агонь.
Агонь — гэта крыніца сьвятла. Бог — гэта сьвятло. Мы штодня забіваем Бога. Гэта
ўзаконенае забойства. Яно не караеца законам і не асуджаецца грамадзкасьцю.
Гэта нармальна. Мы забіваем у сабе любоў так трэба але гэта сьмерць. Я хачу
разьбіць гэтае люстра спаліць папяровыя дэкарацыі свайго “я”. Каб жыць.
Можна паліць нежывое —
сухім галінкам і сьпісанай паперы не балюча. Гэты сьвет як сьпісаны сшытак.
Давай яго спалім! У мяне ёсьць запалкі. Я не баюся згарэць разам зь ім — мне
будзе цёпла. Пасьля ня будзе нічога.
Сон сон сон я зноў патанаю
ўва сьне вочы самi заплюшчваюцца сон намаганьне волi я працягваю да цябе далонi
мае пальцы кранаюць сьвятло белы пакой зьзяе сьвятлом дзiўнае белае сьвятло
смуга я падаю падаю й прачынаюся я сяджу на асфальце ля нейкага пустога дома
мне халодна пальцы ледзянеюць халодна гэтым асфальтовым горадзе сэрца
ператвараецца ў лёд крышыцца ў нечых далонях хутчэй сагрэцца памяць выцякае
сьлязамi я зазiраю ў пустыя праёмы вакон я тут жыла зусiм маленькай? я зазiраю
ў пустэчу й ня бачу нiчога. Гэта зноў сон сон скажы што гэта сон i я зараз
прачнуся кiнуцца з галавою ў гэтую цемру й прачнуцца ад страху. Я расплюшчу
вочы й пабачу цябе. У белай вопратцы. З вачыма, поўнымi сьвятла. Я адчайна
змружваю павекi й працягваю рукi туды да сьвятла цеплынi працягваю азяблыя
далонi... Рукi самi цягнуцца да запалак. У выратавальным гэсьце. Перамагчы
гэтую здранцьвеласьць сьцюжу боль вось i ратунак. Вагонь асьцярожна кранае
сьцены ваконныя рамы будынак ахоплiвае полымя. Я пераступаю праз парог мяжу больш
ня будзе халодна.
Дом стаўся попелам,
попел — пылам. Потым быў вецер. Вецер у
пустэчы. Пустэча паўсюль. Пустэча паглынае агонь. Пустэча забiрае мой голас мае
рухi мой позiрк пакiдаючы толькi страх пустэча пустэча я падаю ў пустэчы
...гучыць усё тая ж
мэлёдыя. Я нешта кажу. Ты нічога не гаворыш, глядзіш на мяне й бязгучна плачаш.
Твае вочы па-ранейшаму сьветлыя, але бязьмерна сумныя. Я ня чую, што я кажу.
Нешта гаворыць празь мяне. Я не хачу анічога казаць. Я не хачу, каб ты плакаў.
Я хачу падысьці й абняць цябе. Замест гэтага я бяру ў рукі пустую вазу, што
стаіць ля ложку, і разьбіваю яе аб падлогу. Музыка зьнікае. Я чую звон пабітага
шкла. Я чую свае апошнія словы. Але я нічога такога не думала. Я спала. Я
хацела пачуць твае словы. Прабач гэта была не я калі можаш прабач!
Ты больш нічога не кажаш.
Ты больш не апранаесься ў белае. Штораніцы ты прыходзіш у чорным швэдэры й чорных
джынсах. Прыходзўіш і моўчкі сядаеш насупраць мяне. Твае вочы сумныя. Часам ты
плачаш. Бязгучна. На наступны дзень пасьля таго, як я разьбіла вазу, ты прынёс
мне чырвоную ружу. Яна стаіць у новай вазе далёка ад мяне. Сёньня першыя
пялёсткі зьляцелі на падлогу. Я ўвесь час гляджу на яе й на цябе ды маўчу. Я
так шмат хачу табе патлумачыць! Але я баюся, што як толькі пачну казаць, зноў
здарыцца нешта непапраўнае, што зноў будзе пабітае шкло й боль у тваіх вачах. Я
баюся сваіх словаў.
Я больш ня бачу сноў.
Дакладней, штоночы мне сьніцца пустэча. Я прачынаюся ў жаху, што больш нічога
няма апарача яе й што ты больш ня прыйдзеш. Але ты прыходзіш.
З ружы аблятаюць пялёсткі.
Чырвоныя плямы на белым. Мне вельмі страшна. Мне балюча глядзець на твой твар.
Я хачу падысьці да цябе й сказаць нешта добрае. Я хачу зноў пабачыць сьвятло ў
тваіх вачах і нарэшце пачуць, што ты казаў, калі я спала. Я ведаю, што калі
пачую тыя словы, то мне больш ня будзе сьніцца пустэча. Я ведаю, што тады змагу
пакінуць гэты вусьцішны белы пакой.
Я ведаю, ты больш ніколі
нічога не скажаш і па-ранейшаму будзеш прыносіць мне мёртвыя ружы ў гэты белы
пакой бяз вокнаў.